Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войска кепска працуе з салдатамі, «круцякоў» на квадрацыклах трэба караць, сьвет у кроку ад вайны. 10 цытатаў Лукашэнкі з паседжаньня Савету бясьпекі


Паседжаньне Савету бясьпекі Беларусі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі
Паседжаньне Савету бясьпекі Беларусі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка 13 лютага правёў чарговую нараду Савету бясьпекі Беларусі. БЕЛТА перадала адтуль шмат гучных заяваў.


Праваахоўнікам нельга супакойвацца

Як піша БЕЛТА (тут і ніжэй — цытаты паводле БЕЛТА), Лукашэнка заявіў, што праваахоўнікам «нельга супакойвацца», хоць статыстыка і паказвае зьніжэньне ўзроўню зафіксаваных злачынстваў, дарожных здарэньняў і кіроўцаў, злоўленых п’янымі за рулём.

Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў

«[Забесьпячэньне правапарадку і абароны грамадзянаў] гэта ўсё тое, у імя чаго мы жывём і ў імя чаго існуе ўся наша ўлада. У краіне атрымліваецца многае зрабіць для бясьпекі людзей. Абароне грамадзтва і кожнага чалавека ў Беларусі заўсёды ўдзяляецца першараднае значэньне. Мы па праве ганарымся, што Беларусь у нас параўнальна спакойная і бясьпечная краіна».

Перамовы па Данбасе — не ў Антарктыду. Толькі Менск!

Як піша БЕЛТА, Лукашэнка адзначыў, што за мінулы год у сьвеце не атрымалася спыніць ніводнага ўзброенага канфлікту, толькі зьявіліся новыя. Але гэта ня значыць, што перамовы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе трэба кудысьці пераносіць зь Менску.

Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка ў Менску, 2014 год
Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка ў Менску, 2014 год

«Па-ранейшаму з трывогай успрымаецца разьвіцьцё сытуацыі ў нашага найбліжэйшага паўднёвага суседа. Беларусь працягвае забясьпечваць неабходныя ўмовы для правядзеньня рэгулярных пасяджэньняў трохбаковай кантактнай групы. У 2017 годзе адбылося амаль 30 такіх сустрэч.

«Хоць у Антарктыду, абы быў посьпех», — Макей месяц таму пра магчымы перанос перамоваў па Данбасе

Мяркую, што, нягледзячы на розныя і досыць нечаканыя заявы (для грамадзкасьці, можа быць, нечаканыя, а для мяне гэта цалкам чаканыя заявы), рэальнай альтэрнатывы гэтай перамоўнай пляцоўцы на сёньняшні дзень не існуе».

Хтосьці кагосьці цісьне санкцыямі

«Разам зь бесьперапыннымі ўзброенымі канфліктамі і дэманстрацыяй гонкі ўзбраеньняў у сьвеце актыўна выкарыстоўваюцца і іншыя вытанчаныя формы міжнароднага ціску. У іх ліку разнаплянавыя санкцыі, шантаж, прыёмы эканамічнага здушэньня, інфармацыйныя апэрацыі.

У той жа час мэханізмы падтрыманьня міжнароднай бясьпекі практычна не працуюць. У гэтых умовах асаблівае значэньне набываюць саюзьніцкія стасункі нашай краіны».

Пра санкцыі якіх краінаў і супраць каго казаў Лукашэнка, не ўдакладняецца.

Скаргі на падрапаныя ствалы танкаў не прымаюцца, але грошы нельга «размазваць»

Паводле Лукашэнкі, цягам апошніх гадоў у беларускім войску была праведзеная «значная праца ў падтрыманьні злучэньняў і частак у боегатовым стане», атрыманыя новыя беларускія і замежныя распрацоўкі, ладзіцца «інтэнсіўная баявая падрыхтоўка».

Гэта ўсё «каштуе вялікіх грошай», таму ўраду трэба сачыць, каб «не было перабояў» у фінансаваньні Ўзброеных сілаў. Ды фінансаваньне мае быць «максымальна эфэктыўным», недапушчальна «размазваць грошы», а рэфармаваньне войска «ня мусіць выліцца ў бясконцы працэс».

«Папярэджваю міністра абароны, і на гэта мною будзе зьвернутая асаблівая ўвага: усё, што ёсьць у арміі (а ў арміі ёсьць нямала), пачынаючы ад стралковай зброі, бранятэхнікі і заканчваючы лётнымі апаратамі і ракетамі, павінна быць у ідэальным стане.

Танк зьбіў слуп у час рэпэтыцыі параду ў Менску 24 чэрвеня 2017 году
Танк зьбіў слуп у час рэпэтыцыі параду ў Менску 24 чэрвеня 2017 году

Чаму танк дрыфтаваў па цэнтральным праспэкце Менску

Скаргі на тое, што дзесьці шасьцярэнькі ў танку або ў БМП, БТР не хапае, ці дзесьці ствол падрапаў, не прымаюцца. Вы павінны быць сапраўднымі гаспадарамі і берагчы маёмасьць: гэта сёньня нятанна каштуе, а яно нам вельмі патрэбна».

Вайсковым заводам трэба «крэатывіць»

У Беларусі, казаў Лукашэнка, прынятыя «дастаткова жорсткія, але своечасовыя» захады ў разьвіцьці вайскова-прамысловага комплексу, атрымалася стварыць «крэатыўны клястэр» з вайсковых канструктараў і адмыслоўцаў. Новыя віды ўзбраеньняў у галінах ракетабудаўніцтва, зэнітна-ракетных комплексаў і бранятэхнікі запатрабаваныя ў тым ліку на замежных рынках, перакананы ён.

Беларусь назвалі ў ліку найбуйнейшых экспартэраў зброі. Прадаём second-hand

«Аднак наперадзе яшчэ нямала трэба будзе зрабіць. Новыя пакаленьні ўзбраеньняў, бесьпілётныя комплексы, радыёэлектронныя сродкі, робататэхніка — гэта няпоўны пералік таго, над чым мы працуем і над чым трэба будзе яшчэ працаваць. Патрабуецца і больш актыўнае ўкараненьне ў вытворчы цыкль найноўшых распрацовак, скарачэньне тэрмінаў іх давядзеньня да сэрыйнага выпуску».

Ідэалягічная і пракурорская праца з салдатамі праваленая

Лукашэнка прасіў Мінабароны праінфармаваць Савет бясьпекі аб тым, якія меры прымаюцца ў войску для «навядзеньня парадку ў арміі, падвышэньня матывацыі і паляпшэньня ўмоваў службы». Што яму адказалі, не паведамляецца.

Вайсковая частка ў Печах, дзе загінуў Аляксандар Коржыч
Вайсковая частка ў Печах, дзе загінуў Аляксандар Коржыч

«Нікуды ня варта, што ў Міністэрстве абароны аказаліся ўпушчаныя пытаньні працы з асабістым складам. Можа быць, ня так аб'ёмна, як я толькі што сказаў, але такія факты мы ведаем.

Чым займаецца ідэалягічная і выхаваўчая вэртыкаль у вайсковым ведамстве? Як відаць, адпаведныя кіраўнікі закрыліся паперамі, фармалізмам і даўно састарэлымі формамі працы.

Вайскоўцам у Печах дазволілі мець пры сабе тэлефоны без інтэрнэту, камэры і дыктафона. Такіх фактычна не прадаецца

Чаму сыстэма [органаў пракуратуры] разгортваецца толькі пасьля надзвычайных здарэньняў? Як будзе ў далейшым забясьпечвацца выкананьне законнасьці ў вайсковых калектывах?

Мяркую, нашай Генэральнай пракуратуры і пракуратуры наогул час ужо ад эпізадычных заяваў у сродках масавай інфармацыі пераходзіць да больш сыстэмнай працы».

Чаму столькі беларусаў было за «Вяйшнорыю»? Тлумачаць Быкоўскі, Класкоўскі і Шрайбман

Лукашэнка даручыў Мінабароны ўзмацніць ідэалягічную і інфармацыйную працу, бо «пакуль гэта ў вас не атрымліваецца» — ён казаў, што і асьвятленьне вучэньняў «Захад-2017» было «спачатку арганізавана незадавальняльна».

Сьвет у кроку ад вайны, Новы год сустракалі ў трывожным настроі

Паводле Лукашэнкі, у краінах АДКБ «вельмі сур’ёзна недаацэньваюць» небясьпеку цяперашняй сытуацыі ў сьвеце.

«Упершыню зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя сьвет знаходзіцца за крок ад узьнікненьня глябальнага супрацьстаяньня з самымі непрадказальнымі наступствамі. Нас вельмі непакояць спэкуляцыі некаторых краінаў на тэму ядзернай зброі, мілітарызацыя Усходнеэўрапейскага рэгіёну, а таксама беспрэцэдэнтнае нарошчваньне ваеннага патэнцыялу нашых краінаў-суседзяў. Гэта тычыцца як павелічэньня колькасьці іхных узброеных сілаў, так і выдаткаў на абарону.

Як у 1953-м: «Гадзіньнік Суднага дня» перавялі на бязь дзьвюх поўнач

Ужо даўно мы не сустракалі Новы год з такім трывожным настроем. Справа ў тым, што сьвет ня стаў больш бясьпечным. Наадварот, мы назіраем пашырэньне геаграфіі і маштабаў сутыкненьняў інтарэсаў цэнтраў сілы. Гэта абумоўлівае практычна пастаяннае ўзрастаньне нестабільнасьці».

Расея не разумее, колькі трэба аддаваць на беларускае войска

Лукашэнка казаў, што «ў выпадку неабходнасьці» асноўны цяжар у абароне «нашай прасторы» «ляжа, натуральна, на Расею», але там гэтага нібыта не разумеюць. Пра гэта Лукашэнка прапанаваў падумаць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.

Аляксандар Лукашэнка ў час вучэньняў «Захад-2017»
Аляксандар Лукашэнка ў час вучэньняў «Захад-2017»

«Калі ўвогуле казаць, мы вельмі сурʼёзна ў АДКБ недаацэньваем небясьпеку той сытуацыі, якая складаецца. Расея сама па сабе мадэрнізуе ўзброеныя сілы. Мы нешта спрабуем разам зь іншымі чальцамі ўзбройвацца, мадэрнізавацца і гэтак далей. Кожны сам па сабе».

«Але сур'ёзнага разуменьня ў кіраўніцтва Расеі сёньня аб тым, што трэба на найбольш небясьпечных кірунках нашай агульнай супольнай абароны ўмацоўваць нацыянальныя ўзброеныя сілы — Беларусі, Казахстану, Армэніі, іншых краінаў — такога разуменьня няма. І гэта вельмі балюча можа адгукнуцца.

Месяц таму Лукашэнка скардзіўся, што Эўропа і Расея даюць мала грошай на ахову беларускай мяжы

Я ня ў тым пляне, што мы хочам ці чарговы раз, як у іх прынята казаць, патрабуем нейкіх грошай на нейкія мерапрыемствы. Але трэба разумець, што, дапусьцім, Беларусь ёсьць асноўным фарпостам, у тым ліку і Расейскай Фэдэрацыі, на заходнім напрамку.

А тут сёньня найбольш небясьпечны кірунак. Хоць і канцэнтрацыя нэгатыўных зьяваў у Аўганістане ня можа супакойваць нас і на паўднёвым кірунку».

БелАЭС трэба піярыць без «адмашкі зьверху»

У будаўніцтве БелАЭС, казаў Лукашэнка, найважнейшым пытаньнем ёсьць кантроль за бясьпечным будаўніцтвам і эксплюатацыяй станцыі, але ў гэта ўваходзіць таксама «інфармацыйнае суправаджэньне» будаўніцтва.

Літва: стрэс-тэсты БелАЭС не адказваюць на галоўныя пытаньні

«[Адміністрацыі прэзыдэнта і Дзяржаўнаму сакратарыяту] час адвучыцца і адвучыць ведамства сядзець і чакаць нейкіх камандаў аб штодзённым і эфэктыўным інфармацыйным суправаджэньні дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх сфэрах. Мы пра гэта казалі ў час прызначэньня кіраўнікоў найважнейшых сродкаў масавай інфармацыі».

За квадрацыклы і сьнегаходы на палях трэба караць

Акрамя агульных пытаньняў бясьпекі, Лукашэнка зьяврнуў увагу на недапушчальна вялікую колькасьць сьмерцяў беларусаў у дарожных здарэньнях і на пажарах, рост хатняга гвалту, слабую барацьбу з наркагандлем («затрымліваюць усялякую драбязу, але чаму ня ловяць буйных наркагандляроў?») і рост сьмяротнасьці ад сурагатаў алькаголю.

Аляксандар Лукашэнка на квадрацыкле на полі ў ААТ «Александрыя»
Аляксандар Лукашэнка на квадрацыкле на полі ў ААТ «Александрыя»

Ён таксама запатрабаваў жорсткага пакараньня для тых, хто езьдзіць на квадрацыклах і сьнегаходах па сельскагаспадарчых угодзьдзях. Усё рашэньне пытаньня, казаў ён, гэта «пакараць і забраць іхныя транспартныя сродкі».

Адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася паведаміць, на якой падставе Коля Лукашэнка быў дапушчаны да кіраваньня камбайнам

«Пытаньне да міністра ўнутраных спраў адно: калі будзе наведзены парадак? Парадак ва ўсім, каб мне не адпісваў, што там некаторыя «круцякі» ў нас зьявіліся. Гэта ж ня дзеці простых людзей. А самі крутыя і іхныя дзеткі сёньня на квадрацыклы, сьнегаходы і пайшлі па азімых, па палях, на што я зьвяртаў увагу, а вы мне адпіскі пішаце».

Лукашэнка таксама згадаў, што па-ранейшаму адбываюцца дарожныя аварыі з удзелам міліцыянтаў.

«Гнаў так, што перакуліўся». Двое шпіталізаваныя ў выніку ДТЗ з удзелам міліцыянта ў Глуску

«Пра які аўтарытэт міліцыі можна тады казаць? Пытаньне да міністра: у чым справа? Якія меры прымаюцца па выкараненьні такіх фактаў?»

БЕЛТА не перадае, што Лукашэнку адказалі на гэтае пытаньне і на ўсе астатнія агучаныя пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG