Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася паведаміць, на якой падставе Коля Лукашэнка быў дапушчаны да кіраваньня камбайнам


Адміністрацыя прэзыдэнта ўгледзела жаданьне атрымаць інфармацыю пра асабістае жыцьцё кіраўніка дзяржавы ў запыце магілёўскага праваабаронцы Аляксандра Хамратава з нагоды працы на збожжаўборачным камбайне 12-гадовага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая.

Пасьля распаўсюджаных у жніўні ў СМІ сюжэтаў аб намалоце малодшым сынам Лукашэнкі 5 тон збожжа праваабаронца зьвярнуўся ў Мінпрацы, МУС і Адміністрацыю прэзыдэнта. Ён паведаміў, што з прычыны ўзросту Мікалай Лукашэнка ня мае права кіраваць камбайнам, і дэманстрацыя парушэньня шэрагу нарматыўных актаў становіцца для простых грамадзян узорам для перайманьня.

Зьвяртаючыся да прэзыдэнта, Хамратаў пытаўся, ці ведаў Аляксандр Лукашэнка, што нельга кіраваць камбайнам, ня маючы правоў, і калі ведаў, то па якой прычыне дапусьціў да кіраваньня сына.

Як перадае агенцтва БелаПАН, інфармацыя пра прыватнае жыцьцё асобы і пэрсанальныя дадзеныя адносіцца да інфармацыі, распаўсюджваньне якой абмежаванае, паведаміў 12 сьнежня Хамратаву намесьнік начальніка ўпраўленьня пісьмовых і электронных зваротаў Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксей Бабіцкі, адзначыўшы, што Аляксандр Лукашэнка зьяўляецца асобай, якая ахоўваецца.

«Гэта вельмі красамоўны прыклад, зь якога кожны зробіць свае высновы пра прыстойнасьць службовых асобаў», — заявіў Аляксандр Хамратаў, камэнтуючы адказ Адміністрацыі прэзыдэнта.

У кастрычніку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны зьвярнула ўвагу праваабаронцы на адсутнасьць у яго законных інтарэсаў у атрыманьні інфармацыі аб прыцягненьні да працы на збожжаўборачным камбайне малодшага сына Лукашэнкі.

У звароце ў МУС Хамратаў прасіў устанавіць асобу, якая перадала права кіраваньня камбайнам 12-гадоваму дзіцяці, і прыцягнуць гэтага грамадзяніна да адказнасьці па артыкуле 18.9 (парушэньне правілаў карыстаньня транспартным сродкам) КоАП.

У кастрычніку начальнік упраўленьня ДАІ МУС Дзьмітры Карзюк паведаміў, што па зваротах праваабаронцы, якія зьмяшчаюць зьвесткі аб адміністрацыйных правапарушэньнях, прынятыя рашэньні ў адпаведнасьці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

«Аднак якія менавіта рашэньні, МУС паведаміць адмовілася», — адзначае Аляксандар Хамратаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG