Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гнаў так, што перакуліўся». Двое шпіталізаваныя ў выніку ДТЗ з удзелам міліцыянта ў Глуску


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Жыхары Глуску распавялі, што двое пацярпелых у выніку ДТЗ з удзелам міліцыянта шпіталізаваныя.

Дарожна-транспартнае здарэньне з удзелам міліцыянта адбылося ў Глуску, райцэнтры Магілёўскай вобласьці, у ноч на 5 лютага.

Паводле афіцыйна не пацьверджаных зьвестак, участковы міліцыянт Дзьмітры Голуб нібыта зьбіў на аўтамабілі двух юнакоў, якія летась скончылі школу і ішлі зь вечара сустрэчы выпускнікоў. Хлопцы з траўмамі рознай ступені трапілі ў шпіталі.

Міліцыя маўчыць

Мясцовая міліцыя пра гэты выпадак маўчыць.

Пры гэтым інфармацыю пра ўчастковага ўпаўнаважанага Дзьмітрыя Голуба з сайту Глускага раённага аддзелу ўнутраных спраў зьнялі (захавалася ў кэшы Google).

Не адказвае на тэлефанаваньні і аддзел сувязяў з грамадзкасьцю Магілёўскай абласной управы міліцыі.

Прэсавы сакратар магілёўскай абласной управы Сьледчага камітэту Аксана Салянюк на пытаньне Свабоды пра тое, ці заведзеная крымінальная справа па факце ДТЗ у Глуску, параіла паглядзець сайт Магілёўскай абласной міліцыі: «Там уся інфармацыя будзе зьмешчаная».

Але зьвестак пра ўзбуджэньне крымінальнай справы на сайце пакуль няма.

«Сам не пацярпеў, а хлопцаў параніў​»

Свабода пра гэтае здарэньне даведалася ад праваабаронцы з Глуску Ігара Кірына. Зь яго слоў, ДТЗ адбылося ў панядзелак 5 лютага ў цэнтры гораду.

«Двух юнакоў зьбіў аўтамабіль, за стырном быў участковы інспэктар Дзьмітры Голуб. Ён сын вядомага ў раёне чалавека. А пацярпелыя — Антон Дзяшчэня і Ільля Краўчанка. Аднаго адвезьлі ў глускі шпіталь, другога — у Бабруйск, бо ў яго нага моцна зламаная».

Пётар Мацьвіенка, дзед пацярпелага ў ДТЗ Ільлі Краўчанкі, ужо бачыўся з унукам у шпіталі.

«Ад сэрца крыху адлягло, бо ўнук пайшоў на папраўку, — кажа ён.— Ужо была апэрацыя, нагу сабралі, цяпер адыходзіць ад наркозу, усьміхаецца. Пералом хоць моцны, але закрыты. Мы зь ім яшчэ не размаўлялі, толькі бачыў яго. Ведаю, што гэта здарылася пасьля гадзіны ночы, на вуліцы Кірава. Там на дарозе некалькі „ляжачых паліцэйскіх“, але, відаць, гнаў гэтак, што перакуліўся. Ці быў нецьвярозы. Сам не пацярпеў, а хлопцаў параніў», — сказаў Пётар Мацьвіенка пра міліцыянта Дзьмітрыя Голуба.

Паводле дзеда пацярпелага, бацькам ягонага ўнука ўжо званілі, распытвалі пра стан здароўя. Ці званіў сваякам пацярпелых хлопцаў участковы Голуб, які быў за стырном аўтамабіля, Пятру Антонавічу невядома.

Год таму ў Ляхавічах асудзілі на 7 гадоў былога начальніка раённнага ДАІ Андрэя Ваўкавыцкага, які насьмерць зьбіў аўтамабілем 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую, едучы на хуткасьці 100 км/г пры дазволеных 60. Інцыдэнт адбыўся ў ліспападзе 2016 году на пешаходным пераходзе вёскі Дарава непадалёк ад Ляхавічаў. У судзе было даказана, што былы міліцыянт у мамант наезду на чалавека быў у нецьвярозым стане.

XS
SM
MD
LG