Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі гучна!» Кандыдат у дэпутаты праводзіць у Гомлі пікеты супраць міліцэйскага беззаконьня


У Гомлі грамадзкі актывіст, кандыдат у дэпутаты гарадзкога і абласнога саветаў Кастусь Жукоўскі ладзіць пікеты супраць беззаконьня міліцыі.

30 студзеня такі пікет стаў за паўсотні мэтраў ад Гомельскага абласнога суду. У гэты час у судзе разглядалі крымінальную справу супраць мазырчука Андрэя Рабешкі, які летась парэзаў трох міліцыянтаў, калі тыя ўначы забраліся на прыватны падворак, каб затрымаць яго за нібыта скрадзены электразварачны апарат.

Жукоўскі праз мэгафон выказваў сваё стаўленьне да працэсу і дзеяньняў міліцыі.

«Чаму амапаўцы не сядзяць на лаве падсудных? У нас ня суд, а судзілішча. Міліцыя і АМАП — гэта каста недатыкальных. Пэўна, „пахан“ ім сказаў: рабіце што хочаце, забівайце гэты народ, страляйце яму ў сьпіну, залазьце ў прыватныя хаты без дазволу — вам нічога ня будзе. Рабешка паступіў як мужчына, даў адпор, бараніў сваё жыцьцё і сваіх родных. Міліцыянты забраліся ў двор, як бандыты — яны не называлі сябе, не былі ў форменнай вопратцы, ня мелі знакаў адрозьненьня».

Кандыдат у дэпутаты таксама выказаўся пра стрэл міліцыянта ў менчука 1 студзеня 2017 году, нядаўняе зьбіцьцё жыхара Хойнікаў за флікер. Жукоўскі назваў непамернай колькасьць супрацоўнікаў міліцыі і ўнутраных войскаў, якія ўтрымліваюцца за грошы падаткаплатнікаў.

Пікетоўцы трымалі лёзунгі «Закон што дышаль!», «Свабоду незалежным СМІ», «„Пахана“ ў адстаўку! Халуёў — на лаўку!»

Мінакі па-рознаму ставіліся да пікету. Нехта казаў «Мала вам Украіны?» Нехта браў мэгафон і расказваў гісторыю сваёй крыўды ад міліцыянтаў.

Прадстаўніца мэдкаледжу: «Вельмі гучна!»
Прадстаўніца мэдкаледжу: «Вельмі гучна!»

Кастусь Жукоўскі кажа, што мэта пікетаў — падтрымаць людзей, якія пацярпелі ад міліцэйскага гвалту.

«Хачу, каб ня сорамна было перад дзецьмі, каб мог ім сказаць, што не сядзеў склаўшы рукі, калі краіну развальвалі чыноўнікі, якія цяпер пры ўладзе».

27 студзеня ​Жукоўскі ладзіў каля абласной дзяржаўтаінспэкцыі пікет у такім самым фармаце. За той пікет гарадзкая і абласная выбарчыя камісіі вынесьлі Жукоўскаму як кандыдату ў дэпутаты папярэджаньне.

Суд у Гомлі: сем міліцыянтаў паехалі затрымліваць падазраванага, трое атрымалі нажавыя раненьні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG