Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН разгледзяць скаргу гомельскага журналіста-фрылансэра


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Камітэт ААН па правах чалавека паведаміў гомельскаму журналісту-фрылансэру Кастусю Жукоўскаму, што ягоная скарга на перасьлед за выраб прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» безь дзяржаўнай акрэдытацыі зарэгістраваная ў Жэнэве 12 сьнежня (справа № 3067/2017) і накіраваная ўраду Беларусі дзеля атрыманьня афіцыйнага камэнтару.

У Камітэт ААН па правах чалавека Жукоўскі зьвярнуўся яшчэ ў лістападзе 2016 году — пасьля таго як раённыя суды Гомельскай вобласьці шэсьць разоў аштрафавалі яго на падставе артыкула 22.9 КаАП.

«Усясьветная супольнасьць павінна ведаць, што ў Беларусі перасьледуюць людзей за збор і распаўсюд любой сацыяльнай інфармацыі, і асабліва калі на яе спасылаюцца альбо калі яе выкарыстоўваюць замежныя мэдыі. Гэта ўжо лічыцца парушэньнем заканадаўства, нягледзячы на Канстытуцыю і міжнародныя пагадненьні, якія падпісала Беларусь», — кажа Жукоўскі.

Летась у Калінкавічах фрылансэра Жукоўскага штрафавалі за апытаньне мясцовых жыхароў наконт іхнага стаўленьня да нацыянальных сымбаляў Беларусі, у Карме — за рэпартаж пра перабоі ў забесьпячэньні жыхароў райцэнтру пітной вадой, у Буда-Кашалёве — за паведамленьне пра праблемы мясцовага сыраробчага прадпрыемства. Былі яшчэ суды ў Жлобіне, Мазыры, Гомлі.

Зварот у Камітэт ААН журналісту-фрылансэру дапамагаў рыхтаваць праваабаронца Леанід Судаленка. Ён зьвяртае ўвагу, што практыка перасьледу празь міліцыю й суды сёлета яшчэ больш пашырылася. Таго ж Жукоўскага, як пазначана ў міліцэйскіх пратаколах, за падрыхтоўку прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат» штрафавалі сёлета ўжо 11 разоў — на агульную суму звыш 9 тысяч рублёў. Яшчэ шасьцём гомельскім фрылансэрам пракуратура выносіла папярэджаньні, а суды каралі іх буйнымі штрафамі.

«На разглядзе ў Камітэце ААН знаходзіцца таксама скарга журналісткі-фрылансэркі Ларысы Шчыраковай — за асьвятленьне пратэсту прадпрымальнікаў. Рыхтую зварот у Камітэт Яўгена Меркіса, якога суды штрафавалі за стрымы масавых вулічных акцый грамадзян супраць дэкрэту № 3. Таксама будуць абскарджаныя ўва ўплывовую міжнародную структуру і сёлетнія штрафы Жукоўскаму і Шчыраковай, паколькі яны не знаходзяць абароны ў беларускіх судах», — кажа юрыст Судаленка.

Ніводзін зь беларускіх судоў над фрылансэрамі не засьведчыў, што інфармацыя, якую яны падавалі, не адпавядала рэчаіснасьці альбо скажалася. Віна іх толькі ў тым, што зьбіралі фрылансэры і распаўсюджвалі інфармацыю, ня маючы дзяржаўнай акрэдытацыі ў зьнешнепалітычным ведамстве Беларусі.

«Падатак на Белсат»: за супрацу з тэлеканалам журналістаў за год наштрафавалі на 50 тысяч рублёў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG