Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт скрытыкаваў Гарадзенскі кінавідэапракат — і адстаяў пазыцыю ў судзе


Вераніка Вельб
Вераніка Вельб

Эканамічны суд Горадні адмовіў камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Гроднааблвідэапракат» у пазове да Веранікі Вельб, аўтаркі крытычнай публікацыі пра гэтую ўстанову, а таксама да Аляксея Шоты, уласьніка і рэдактара гарадзенскага сайта Hrodna.life, на якім быў зьмешчаны матэрыял.

Меркаваньне ня шкодзіць дзелавой рэпутацыі

Сёньня ў судзе, нават пасьля агалошваньня судова-літаратурнай экспэртызы, прадстаўнікі «Гроднааблкінавідэапракату» працягвалі настойваць, што публікацыя Вельб у рубрыцы «Меркаваньні» пад назвай «Глядзець няма чаго. Для чаго насамрэч падыходзяць гарадзенскія кінатэатры» пашкодзіла дзелавой рэпутацыі прадпрыемства, і патрабавалі абвергнуць зьвесткі.

Яны імкнуліся даказаць, што рэпэртуар гарадзенскіх кінатэатраў шырэйшы, чым «2-3 фільмы на працягу двух тыдняў ва ўсіх кінатэатрах гораду», што не адпавядае сапраўднасьці выказваньне «гарадзенскі кінапракат нічым, акрамя разрэклямаванага галівудзкага кіно, не цікавіцца». У той жа час экспэртыза засьведчыла, што большасьць выказваньняў Веранікі Вельб — аўтарская ацэнка, якая носіць суб’ектыўны характар. У адным выпадку ўстаноўлена сьцьвярджэньне факту, але яно не абражае «Гроднакінавідэапракат».

Рэдактар: навошта было даводзіць справу да суду?

Судзьдзя не зачытваў матывацыйнай часткі, рашэньне прагучала коратка: у пазове адмовіць. Тым ня менш Аляксей Шота лічыць, што рашэньне чаканае і справядлівае.

Паводле яго, не зразумела, навошта было наагул даводзіць справу да суду, тым больш што ён прапаноўваў прадстаўнікам кінавідэапракату выказаць свой пункт гледжаньня на сайце Hrodna.life.

«Я яшчэ пісала на гэтую тэму, параўноўвала рэпэртуары кінатэатраў у Горадні, Менску, Расеі — і, на жаль, параўнаньне не на карысьць Горадні, — кажа Вераніка Вельб. — Гарадзенскі кінавідэапракат застаецца не на высокім узроўні, тут і надалей мала што ёсьць паглядзець».

Прадстаўнік Веранікі Вельб у судзе, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў заўважыў, што ў дэмакратычных краінах любы юрыст, перш чым ісьці з такой справай у суд, правядзе экспэртызу ў лінгвіста за свой кошт.

«На жаль, у нас няма практыкі па такіх пытаньнях...», — сказаў юрыст.

Перадгісторыя

Сёлета ў ліпені студэнтка журфаку БДУ Вераніка Вельб, якая праходзіла практыку на сайце Hrodna.life, апублікавала артыкул пра гарадзенскі кінавідэапракат.

У ім аўтарка крытычна выказалася пра рэпэртуар кінатэатраў: «Горадня досыць вялікі горад, каб тут быць людзям з рознымі густамі. А гарадзенскі кінапракат нічым, акрамя разрэклямаванага галівудзкага кіно, не цікавіцца».

Артыкул прыйшоўся не даспадобы адміністрацыі «Гроднааблкінавідэапракату». У пазове ў суд яны вызначылі чатыры фрагмэнты, якія, на іх погляд, непраўдзівыя і шкодзяць іхнай дзелавой рэпутацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG