Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар берасьцейскага кінапракату: У Берасьці беларускай мовы я ніколі ня чуў


Прэзэнтацыя фільму «Шторм. Палаючы ліст» у Менску, кастрычнік 2017

Рэпэртуарная камісія берасьцейскага кінапракату адмовілася паказваць фільм «Шторм. Палаючы ліст», які выйшаў у пракат у беларускай агучцы. Пра гэта ў сваім твітэры напісаў кіраўнік праекту «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

У камэнтары Свабодзе дырэктар «Брэсткінавідэапраката» Дзьмітры Сялюк выказаў неразуменьне, «навошта Андрэй Кім гэта робіць».

«Яны сталі наступаць на нас наконт лістапада-сьнежня, але, на жаль, ужо неўзабаве сьвяты, і ў гэты час выходзіць прадукцыя моцных замежных дыстрыб‘ютараў», — сказаў Сялюк.

На думку дырэктара берасьцейскага кінапракату, паказы «Шторму» будуць несьці арганізацыі страты.

«Людзі кажуць „а вось там…“. Я кажу: едзьце туды і там глядзіце. Калі ў Менску паказваюць — глядзіце ў Менску. У мяне ніводзін берасьцеец не прасіў пра гэты фільм. Мы тут у Берасьці бліжэй да Польшчы. Мы штогод праводзім тыдні польскага кіно, яны зьбіраюць аншлягі. На Горадзеншчыне, Магілёўшчыне больш разьвітая беларуская мова, магчыма, там больш чалавек паглядзіць. У Берасьці беларускай мовы я ніколі ня чуў. Напэўна, толькі аб’явы ў аўтобусе», — адзначыў Дзьмітры Сялюк.

У адказе на зварот, падпісаны 2 кастрычніка, пазначана, што паседжаньне рэпэртуарнай камісіі, паводле якой і адмовілі «Беларускім уікэндам», адбылося 24 лістапада. Тое, што паседжаньне камісіі адбылося ў будучыні дырэктар берасьцейскага кінавідэапракату назваў правакацыяй з боку Андрэя Кіма.

Пазьней Дзьмітры Сялюк паведаміў Свабодзе, што бачыць магчымасьць паказу «Шторму» ў Берасьці толькі ў 2018 годзе. Сёлета ў кастрычніку ў адным з кінатэатраў гораду адбыліся паказы фільму «Жоўты пясочак» паводле аповесьці Васіля Быкава, якому «Белтэлерадыёкампанія» адмовіла ў паказе.

Прэм’ера фільму «Шторм. Палаючы ліст» адбылася ў Менску 27 кастрычніка. Яго паказвалі на працягу амаль двух тыдняў у шасьці кінатэатрах. Паводле Андрэя Кіма фільм паглядзела каля 5000 чалавек.

Паказы «Шторму» заплянаваныя ў Горадзенскай, Віцебскай і Менскай абласьцях.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG