Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пашыраў плошчу свабоды ў Беларусі


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Людзі з абмежаваньнямі, якія засьведчылі, што абмежаваньняў няма — так можна сказаць пра сёлетніх ляўрэатаў прэміі «Людзі Свабоды» — ад Аляксандры Чычыкавай, «Міс Сусьвет-2017» у інвалідным вазку, да Кіры Ламейкі, якая, нягледзячы на дзясяткі пераломаў костак, надае новы сэнс прыметніку «нязломная».

Цяжка пералічыць усіх людзей, якія пашыралі плошчу свабоды ў Беларусі і былі ў цэнтры ўвагі рэдакцыі. Бацька дваіх дзяцей Зьміцер Дашкевіч і адчайны Сяргей Пальчэўскі натхнялі абаронцаў Курапатаў і жыхароў Зялёнага Лугу, якія выйшлі зь цёплых кватэраў выказаць салідарнасьць. Уладзімер Някляеў стаў першым ляўрэатам прэміі імя Натальлі Арсеньневай за сваю паэзію, якая гучала на маршах, мітынгах, пратэстах, на якіх ён разам зь нязломным Міколам Статкевічам не даваў забыцца пра вулічную свабоду. Калі б свабоду можна было вымяраць грашыма, бясстрашная Ніна Багінская, якую дзяржава аштрафавала ўжо на сто гадоў наперад за яе сьцягі пратэсту і салідарнасьці, стала б чэмпіёнкай у індывідуальным заліку, а журналісты Белсату, якія працуюць без акрэдытацыі, — у групавым.

Зорку жывых відэарэпартажаў Свабоды з пратэстаў «дармаедаў» Максіма Філіповіча Асамблея няўрадавых арганізацый назвала журналістам году. Арыштанты «Белага легіёну», верагодна, намінавалі б праваабаронцу Ніну Шыдлоўскую, якая дамагалася і дамаглася іх неверагоднага вызваленьня. За кратамі застаецца беларускі патрыёт, краязнаўца Алесь Юркойць, які адстойвае сваё сумленнае імя ашмянскага мытніка мужна і з годнасьцю, адмаўляючыся выходзіць на свабоду ў абмен на самаагавор.

Сёлета разам з ПЭН-цэнтрам Свабода ўручала прэміі імя Францішка Аляхновіча за турэмную літаратуру. Калі перачытваеш кнігі Міколы Дзядка, Зьмітра Дразда, Андрэя Саньнікава, Алеся Бяляцкага, ранейшых ляўрэатаў — адчуваньне, што яны не пра мінулае, а пра сёньняшні дзень, і значыць, пра заўтрашні. Сьведкі, якія выводзяць на сьвятло і так прыцягваюць да адказнасьці памагатых цемры, несумненна, пашыраюць прастору свабоды.

Свабоду трэба ня толькі абараняць, яе трэба ствараць. І ў сабе, і ў Беларусі, і ў сьвеце. Толькі адзін прыклад — Свабодны тэатар па ўсім зямным шары, ад Аўстраліі да Нью-Ёрку, не дае забыцца пра Беларусь публіцы і тэатральным крытыкам, якія зноў назвалі яго працу сёлета адной зь дзесяці найлепшых у сьвеце.

Мы жывем у юбілейны год — ідзе соты год Беларускай Народнай Рэспублікі. Сярод заснавальнікаў БНР былі вельмі непадобныя людзі — розных палітычных поглядаў, веравызнаньняў, нацыянальнасьцяў, адукацыі, заможнасьці, інтарэсаў. Але іх лучыла ідэя незалежнасьці — свабоды быць краінай.

Людзей, якія пашыралі плошчу свабоды сёлета, лучыць ідэя жыць у свабоднай краіне.

Самі яны — у інвалідным вазку ці за кратамі, на плошчы са сьцягам ці прыкаваныя кайданкамі да МАЗа, — жывуць як свабодныя людзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG