Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. Гомельскія мытнікі ломяць сцэнар КГБ


На працэсе гомельскіх мытнікаў

На працэсе гомельскіх мытнікаў сэнсацыя. Падсудныя адзін за адным адмаўляюцца ад сваіх «явак з павіннай» і просяць у калег прабачэньня за агавор.

Пасьля аналягічнага працэсу ашмянскіх мытнікаў, які закончыўся строга ў адпаведнасьці з тым, з чаго і пачаўся, то бок з абвінаваўчым заключэньнем, заснаваным на гэтых самых «яўках з павіннай», якое за дзевяць месяцаў па сутнасьці не зьмянілася і стала падставаю для турэмных прысудаў 58-мі фігурантаў, у Гомелі гэты цэмэнт безнадзёгі раптам даў крэн.

Відавочны для назіральнікаў абсурд ашмянскага працэсу мусіў паўтарыцца і тут. Прычым тут ён дасягнуў свайго апагею, калі мытнік, нібыта, у неўстаноўленым месцы ў неўстаноўлены час браў ад шафёра неўстаноўленай машыны фіксаваную суму хабару, дапусьцім, 40 баксаў, якая прапускалася праз «альгарытм» КГБ і вырастала ў сто разоў, гэты мытнік мусіць цяпер сплаціць гэтыя грошы дзяржаве, пры тым адседзець 5 гадоў, як ашмянскія прызнанты, ці 7-11 гадоў, як ашмянскія непрызнанты, пры тым, заўважце, што ніякага мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы ўвогуле няма, бо гэта мытны саюз.

На падставе чаго ўсё гэта? Як і ў ашмянскай справе, толькі і выключна на падставе прызнальных паказаньняў іншых мытнікаў-падсудных. Сярод ашмянскіх, пры ўсёй сьмехатворнай недарэчнасьці гэтых «тут помню, тут ня помню», ніводзін з прызнантаў не адмовіўся ад сваіх паказаньняў. Здавалася, што гэты працэс і ўся ўвогуле сыстэма, уся краіна пераходзіць мяжу незвароту ў бок поўнай адсутнасьці права і справядлівасьці, у гэты самы страшны цэмэнт. І ніхто, ні адвакаты, ні праваабаронцы, ні грамадзкая думка ня здольныя гэтаму супрацьстаяць. Яшчэ крыху і нікому агаворанаму ня будзе шанцаў адстаяць сваё добрае імя.

І тут загаварылі гомельскія.

Якушаў, былы намесьнік начальніка апэратыўна-вышуковага аддзелу мытні, у судзе заявіў, што ягоная яўка з павіннай была складзеная пад прымусам супрацоўнікаў КГБ, пад пагрозай учыненьня шкоды ягонаму трохгадоваму дзіцяці і «калі мяне, можна сказаць, ужо зламалі».

Былы начальнік апэратыўна-вышуковага аддзелу Ісачанка кажа ў судзе, што ў аснову абвінавачаньня леглі паказаньні яго былых падначаленых, якіх у КГБ пад ціскам прымусілі агаварыць сябе і калег.

Судзьдзя: Калі абвінавачаньне пабудаванае на агаворы вас былымі калегамі, навошта яны гэта зрабілі?

Ісачанка: Знайшлі на іх спосабы ціску, нехта ня вытрымаў. Тое, што мы прайшлі — ня кожны вытрымае. Там ужо пасьля ўсяго галава перастае думаць, падпішаш усё, што заўгодна.

Адмовіўся на працэсе ад ранейшых паказаньняў на мытнікаў і былы памежнік-кіноляг Аляксандар Жукаў. Ён нават не чытаў свае паказаньні, проста падпісаў — пасьля пагроз і шантажу.

Судзьдзя: Чаму вы не дабіваліся ісьціны?

Жукаў: Мне сказалі, што калі я ня буду пісаць — мне дадуць трэцюю частку па адным артыкуле і трэцюю частку — па другім. І чаго я павінен быў дабівацца — сесьці на 15 гадоў? У нас ёсьць Крымінальны кодэкс, але ён чамусьці не выконваецца, нікім не выконваецца. Допыты праходзяць так, што фізычна і маральна прыніжаюць чалавека, зьнішчаюць яго сям’ю — дык пра што можна казаць і чаго можна дабівацца ў гэтай краіне? Сесьці на даўжэйшы тэрмін — ну так, вось толькі гэтага я і мог дабіцца!

Ці ведаюць гомельскія мытнікі, чым завершыўся суд над ашмянскімі, ня так і важна. Сцэнар двух працэсаў аднолькавы. Тыя, хто дамагаўся праўды ў менскім Партызанскім судзе, — Высоцкі, Курневіч, Швінта і Юркойць — атрымалі ад 7 да 11,5 гадоў турмы. Тыя, хто на іх «паказаў» і не адмовіўся ад агавораў — па пяць гадоў з правам на датэрміновае вызваленьне.

Яшчэ тады мяне зацікавіў гэты фэномэн. Тып чалавека, які на дзяржаўнай службе здольны браць-даваць хабар, тоесны тыпу чалавека, які здольны агаварыць іншага. То бок, сіюмінутная, намацвальная выгада для яго важней за ўласную чалавечую годнасьць, якая пры гэтым кідаецца пад ногі. Іншы тып — чалавека, які ня здольны на хабар, тоесны тыпу чалавека, які ня здольны на агавор, бо ўласная годнасьць яму вышэй за выгаду. І вось што атрымліваецца. Людзі першага кшталту купляюць сабе мінімальнае пакараньне праз агавор людзей другога кшталту, якія, у сваю чаргу, атрымліваюць максымальныя тэрміны. А цяпер уявіце, чаго каштуе чалавеку пераход зь першага тыпу ў другі. Ён сьвядома ідзе на тое, што яму павялічаць турэмны тэрмін усяго толькі для таго, каб захаваць сваю годнасьць і добрае імя ў вачах калег.

Тут і адзін выпадак такога самаачышчэньня выклікаў бы павагу, калі не захапленьне. Тым больш уражвае на гомельскім працэсе, што гэтыя выпадкі ўжо ня выпадкі. Падсудныя адмаўляюцца ад хлусьні адзін за адным. І гэта ўжо зьява.

Былы старэйшы опэрупаўнаважаны аддзела барацьбы з кантрабандай Нягодзін у судзе не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што агаварыў калег пад прымусам: «З маёй пастановы аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага мне на зразумела, якая роля адведзеная для мяне сьледчым у надуманай арганізаванай групе. Замест таго, каб растлумачыць сутнасьць прад’яўленага абвінавачаньня, сьледчы прамовіў толькі такую фразу: “Нам паставілі такую задачу”».

Чаму ўсё ж Нягодзін напісаў яўку з павіннай?

«Адчуваньне было такое, што ня можа так быць — што па напісаным трызьненьні чалавека проста са словаў пасадзяць у турму, усё ж сьледзтва ўрэшце разьбярэцца, праверыць усе факты, што гэта поўная лухта — і ўсё ўстане на свае месцы. Так я думаў, калі пісаў яўку».

Былы начальнік аддзела барацьбы з кантрабандай Куклін пра Ісачанку, якога назвалі кіраўніком «арганізаванай злачыннай групы»: Лічу яго сумленным і прыстойным чалавекам. Яго нездарма ўзнагароджвалі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Такім чалавекам наша краіна павінна ганарыцца, а не садзіць яго ў турму. (Гэта пра годнасьць.)

Куклін таксама распавёў, як яго вымусілі напісаць яўку з павіннай з паказаньнямі на калег, наколькі для яго гэта прыніжальна і што ён адмаўляецца ад гэтых паказаньняў.

Яшчэ адзін былы мытнік Пагарцаў, залічаны ў кіраўнікі «групы», заявіў, што агаварыў сваіх калег пад «жэстачайшым» ціскам супрацоўнікаў КГБ, віну не прызнае, а ўсё, што яму інкрымінуецца — «гэта поўная хлусьня», якую выдумалі супрацоўнікі КГБ «з мэтай паляпшэньня паказьнікаў па службе».

«Я ад усяго сэрца хачу папрасіць прабачэньня ў сваіх калег».

Калі назіраеш, як усе навокал татальна хлусяць, карціна сьвету пагружаецца ў цемру. Рэдкія галасы праўды гучаць, але яны на гэтую карціну ніяк не ўплываюць, бо проста ніяк не ўзаемадзейнічаюць з той татальнай цемрай. Іншая рэч, калі ў самой цемры раптам успыхваюць пробліскі сьвятла — адзін, другі, трэці… Цемра перастае быць татальнай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG