Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына і Мужчына 2017 году паводле Facebook-супольнасьці «Толькі жанчыны»


Ніна Шыдлоўская — Жанчына году, Зьміцер Дашкевіч — Мужчына году, «Нерасстраляная паэзія» — Ініцыятыва году, Маршы недармаедаў — Падзея году і Дармаед — слова году. Такія вынікі галасаваньня ўдзельнікаў суполкі «Толькі жанчыны» у Фэйсбуку.

У апошнія тыдні 2017 году спрабуем сфармуляваць асноўныя тэндэнцыі гэтага году з кіраўніцай грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Вольгай Карач, экспэрткай па бізнэс-адміністраваньні і дзяржаўным кіраваньні Крысьцінай Вітушкай і прадусарам тэлепраграмаў тэлеканалу «Белсат» Ірынай Чарняўкай.

Падзея году — Маршы недармаедаў, сярод намінантаў — абарона Курапатаў, справа Коржыча, паказы «Кінаконг», выданьне кнігі Горвата...

Ганна Соўсь: Ці можна сказаць, што ў 2017 годзе адбылася падзея, пасьля якой сьвет ужо ня будзе такім, як раней, падзея, якая заклала фундамэнт для будучых зьменаў у сьвядомасьці і рэчаіснасьці? Калі так, то якая? У сусьветным маштабе і ў беларускім? Паводле вынікаў галасаваньня ў суполцы «Толькі жанчыны» лідзіруюць маршы недармаедаў, зь невялікім адрывам — абарона Курапатаў, далей кніга Горвата, пратэсты ў справе Коржыча, паказы Кінакон, #metoo, 100 гадоў скарынавай Бібліі, Дзень Беларускай вайсковай славаы, бязьвіз, Дзень Волі, Перамога Аляксандры Чычыкавай у першым конкурсе прыгажосьці на вазках, пакупка Google беларускага стартапу AIMatter.

Ірына Чарняўка
Ірына Чарняўка

Ірына Чарняўка: Я згаджуся з вынікамі галасаваньня: маршы недармаедаў, абарона Курапатаў. Таксама справа Коржыча ў пэўным сэнсе зьменіць наша грамадзтва. Але яшчэ адна падзея адбылася ў 2017-м годзе — гэта ўвядзеньне бязьвізавага ўезду ў Беларусь. І гэта тое, што ўжо на нашых вачах зьмяняе і Беларусь, і Гародню, бо спачатку там быў уведзены гэты бязьвіз. Мы сталі больш адкрытымі, больш людзей на нашых вуліцах, і мы, наша краіна, ужо атрымліваем пэўныя і фінансавыя, і іншыя дывідэнды з гэтага. І мы ўжо адчуваем гэта. Я думаю, што гэтае адкрыцьцё на сьвет будзе таксама ўплываць на зьмену і стаўленьня да грамадзянскай супольнасьці з боку ўладаў, і самога стану грамадзянскай супольнасьці ўнутры краіны.

Ганна Соўсь: Ірына закранула як станоўчыя падзеі, так і адмоўныя, якія могуць стаць фундамэнтам для пераменаў. Крысьціна, вы таксама прымалі ўдзел у галасаваньні. Як вы сфармулявалі, якая падзея была найважнейшая сёлета?

Крысьціна Вітушка
Крысьціна Вітушка

Крысьціна Вітушка: Пагаджуся з Ірынай, што ўвядзеньне бязьвізавага ўезду ў Беларусь — вельмі важная падзея, якая сапраўды напоўніцу раскрыецца наперадзе, якая мае вялікі патэнцыял і ўжо сёлета пачала ўплываць на розныя сфэры нашага жыцьця, якая робіць нас больш адкрытымі, непасрэдна зьвязанымі з усім сьветам, а не закансэрваванымі на ўзроўні Беларусі.

І яшчэ адна важная падзея — гэта выданьне кнігі Горвата, якая прымусіла тысячы людзей ізноў пачаць чытаць.

Я б адзначыла яшчэ дзьве вельмі важныя, на маю думку, падзеі. Гэта паказы фільмаў у беларускай агучцы «Кінаконг», якія прайшлі зь вялікім посьпехам ня толькі ў Менску, але і па ўсёй Беларусі. Яшчэ год таму сьцьвярджалася, што попыту на беларускае не існуе, яшчэ год таму нясьмела спрабавалі нейкія хатнія кінапаказы ладзіць, пераклады былі саматужнымі, цяпер мы бачым, што гэта можна рабіць прафэсійна, што гэта можна рабіць масава, попыт ёсьць, залі зьбіраюць кожны раз, і нават калі фільм выходзіць не тры разы на тыдзень, а ідзе на працягу месяца, усё роўна гэта аншлягі. Наведваючы гэтыя падзеі, мы з сям’ёй адзначылі, што ўжо пэрсанал кінатэатраў пераходзіць на беларускую мову, таму што сапраўды беларусаў шмат, і беларусы прадэманстравалі плацежаздольны попыт на нешта якаснае, сусьветнае і зробленае па-беларуску.

І яшчэ адна важная падзея — гэта выданьне кнігі Горвата, якая прымусіла тысячы людзей ізноў пачаць чытаць. Людзі, якія пасьля школы не прачытвалі больш, чым нейкую дэклярацыю ці паведамленьне ў твітары, максымум у фэйсбуку, раптам узялі тоўстую друкаваную кніжку. Больш за тое, не атрымалі яе дзесьці бясплатна на раздачы, а адстаялі чаргу, замовілі, набылі, прачыталі, напісалі водгук, перадалі далей. Гэта сапраўды падзея, якая разгортваецца, таму што было некалькі выданьняў, вось цяпер кніга зьявілася ў электронным выглядзе, і інтарэс да яе не сьціхае. І людзі, якія адолелі прачытаньне гэтых старонак, здавалася б, забаўляльных, простых, без аніякіх прэтэнзій на мудрасьць і ісьціну ў апошняй інстанцыі, пачалі чытаць далей, пачалі цікавіцца, і яны ўжо не будуць той масай шэрага грамадзтва, якой можна нешта навязаць, якой з тэлевізара кінулі нейкае слоўца, кінулі нейкую падзею, а людзі падхапіліся і пайшлі сьледам абмяркоўваць тое, што ім сказалі ў тэлевізары, тое, што ім прапанавала ўлада. Гэта абсалютна незалежная падзея.

Ганна Соўсь: І Крысьціна, і Вольга Карач не адзін раз бралі ўдзел у перадачы «Толькі жанчыны», мы абмяркоўвалі самыя актуальныя падзеі, якія адбываліся ў гэтым годзе. Вольга, які ваш топ падзеяў?

Вольга Карач
Вольга Карач

Вольга Карач: Для мяне з боку грамадзтва гэта тыя маршы недармаедаў, якія прайшлі ў розных гарадах. Звычайна такія акцыі праходзілі ў Менску. У правінцыі такое за апошнія 15 гадоў адбылося ўпершыню. Па-другое, гэтыя акцыі нікім не былі арганізаваныя. Улады разгубіліся, разгубілася апазыцыя, ніхто ня ведаў, што з гэтым рабіць. Народ выйшаў і сказаў сваё слова, што яму не падабаецца. Для мяне ўсё, што было вакол маршаў недармаедаў — гэта падзея, якая зьмяніла Беларусь. Мы заснулі ў адной Беларусі, прачнуліся зусім у іншай.

Падзеяй году безумоўна павінна быць масавае апублікаваньне мясцовых бюджэтаў.

Калі казаць пра падзею з боку дзяржавы, то мне падаецца, падзеяй году безумоўна павінна быць масавае апублікаваньне мясцовых бюджэтаў. Мы маніторылі гэтую сытуацыю, як мінімум 23 мясцовыя бюджэты былі апублікаваныя ў гэтым годзе, і гэта ўпершыню было так масава. Гэта таксама ўплыў грамадзкай супольнасьці, якая заўсёды цісьне ў гэтым пытаньні. Але тое, што дзяржава нейкім чынам змагла адкрыцца і гэтыя бюджэты апублікаваць, вельмі істотны крок у бок дэмакратыі і разьвіцьця Беларусі ў правільным накірунку.

Жанчына году — Ніна Шыдлоўская, сярод намінантаў — Агнешка Рымашэўска-Гузы, маці Коржыча, Яўгенія Пастарнак, Ніна Багінская, Ларыса Шчыракова...

Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская

Ганна Соўсь: Давайце пяройдзем да катэгорыі «Жанчына году». Я прапанавала ўдзельнікам фб-суполкі «Толькі жанчыны» самім назваць імёны жанчын і пазьней прагаласаваць. Сьпіс у гэтай катэгорыі найбольш даўгі, паводле вынікаў галасаваньня перамагае Ніна Шыдлоўская, якая распачала шырокую кампанію салідарнасьці ў падтрымку затрыманых у «справе патрыётаў». Далей ідуць Ніна Багінская, Наста Дашкевіч, Кацярына Сінюк, Ганна Бахціна, Наста Лойка, Марына Кавалеўская, Ганна Шапуцька, Ірына Халіп, Аляксандра Баярына, Ганна і Тацяна Севярынец, Вольга Нікалайчык, Яўгенія Пастарнак, Агнешка Рамашэўская-Гузы, Кацярына Андрээва, ларыса Шчыракова, "Амэрыканка". Якія вашыя жанчыны году, і як вы ацэньваеце вынік галасаваньня?

Агнешка Рамашэўска-Гузы
Агнешка Рамашэўска-Гузы

Ірына Чарняўка: Для мяне абсалютна адназначна, што жанчына гэтага году — гэта дырэктарка тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўска-Гузы, і зусім не таму, што яна дырэктарка каналу, у якім я працую, а таму, што яна зрабіла немагчымую рэч, яна зрабіла некалькі немагчымых рэчаў. Дзесяць год таму яна стварыла гэты канал. Я думаю, што кожны, хто стварае беларускія справы, разумее, наколькі гэта ўвогуле немагчымая, нерэальная рэч, але тым ня менш яна атрымалася. Увесь гэты год практычна канал быў на мяжы зьнікненьня. Яго плянавалі закрываць, і кожны год Агнешцы даводзілася даводзіць, што такі канал патрэбны, патрэбны беларусам. Часам гэта было ня проста, таму што нават ад беларусаў сустракаліся такія камэнтары, што не зусім патрэбны беларускамоўны канал, асабліва ў гэтай моўнай сытуацыі, у якой мы існуем.

Сёлета пэрспэктыва зьнікненьня была цалкам рэальная, і яго атрымалася захаваць, яго атрымліваецца разьвіваць і рабіць усё больш якасна. Гэта сапраўды вельмі вялікі чын. Мне здаецца, што гэтае імя ўжо ўпісанае ў гісторыю Беларусі, і гэта той праект, які дае і дасьць Беларусі вялікую пэрспэктыву, бо гэта ў пэўным сэнсе школа журналістыкі, таму што журналіста нельга навучыць ва ўнівэрсытэце, яго можна навучыць на практыцы. І гэта самае масавае СМІ ў Беларусі. І гэта тое, што будзе працаваць дзесяцігодзьдзямі, будзе несьці свой вынік дзесяцігодзьдзямі.

Крысьціна Вітушка: Безумоўна, Ніна Шыдлоўская — без камэнтараў, нумар адзін. Мужнасьць, моц, уменьне сканцэнтравацца, узяць у свае рукі адказнасьць і весьці справу да канца нягледзячы ні на што. Ня менш паважаная жанчына, якая выклікае глыбокае захапленьне, павагу — гэта Сьвятлана, маці Аляксандра Коржыча.

Сьвятлана, маці Аляксандра Коржыча.
Сьвятлана, маці Аляксандра Коржыча.

Глыбокія ёй спачуваньні і дзякуй вялікі за здароўе і лёсы тых хлопцаў, якіх яна ўратавала сваёй актыўнай грамадзкай пазыцыяй.

Яўгенія Пастарнак.
Яўгенія Пастарнак.

Для мяне жанчына году — гэта яшчэ Яўгенія Пастарнак, гэта пісьменьніца і тая жанчына, якая зьвярнулася з адкрытымі лістамі па пытаньнях адукацыі і становішча настаўнікаў у Беларусі. Яна не пабаялася паставіць пад пагрозу сваіх дзяцей — кожны з нас баіцца, што ў дзяцей узьнікнуць нейкія праблемы ў школе — яна агучыла тое, пра што гавораць цішком на кухні, і яна мужна працягвае змагацца і адстойваць, каб адукацыя заставалася адукацыяй, а не прафанацыяй у нашай краіне.

Ганна Соўсь: Сымбалічна, што Агнешка Рымашэўска-Гузы, і Ніна Шыдлоўская, і Яўгенія Пастарнак, і маці Аляксандра Коржыча — гэта жанчыны, якія ня сталі маўчаць. Вольга, у вашым сьпісе таксама жанчыны, якія не маўчаць?

Вольга Карач: У мяне ёсьць тры жанчыны, якіх я б назвала жанчынамі году. Нават цяжка вызначыць, хто больш. Па-першае, гэта Ніна Багінская.

Ніна Багінская
Ніна Багінская

Я вельмі паважаю яе ўчынак, калі яна на 24-га сакавіка выйшла да КДБ з плякатам пратэсту. Я бачыла гэтыя фотаздымкі, разгубленасьць міліцыянтаў, уся краіна ўсё ж трохі схавалася перад Днём Волі і невядома, што там будзе. Вось гэтая мужнасьць уразіла да сьлёз.

Ларыса Шчыракова.
Ларыса Шчыракова.

Другая жанчына — гэта Ларыса Шчыракова, журналістка Белсату, якая колькі разоў была затрыманая, колькі штрафаў заплаціла, быў ціск са спробай адабраць яе сына Сьвятаслава. Выклікае вялікую павагу мужнасьць гэтай жанчыны, якая ня толькі змагаецца, ня толькі не скарылася, але і шмат дапамагае другім людзям і робіць шмат і ў грамадзтве.

І трэцяя жанчына — яна яшчэ зусім не жанчына, а дзяўчынка, гэта Эльвіра Міронава, у якой забралі яе маці Тацяну за тое, што Тацяна шмат пісала скаргаў пра тое, у якім стане знаходзілася школа, у якой вучылася Эльвіра. І вось гэтая маленькая мужная жанчына зараз таксам піша скрагі, пісала пракурору і папрасіла абараніць яе ад «злой ведзьмы», якая забрала яе ў гэты дзіцячы прытулак. Для мяне гэта такая маленькая праваабаронца, якая таксама вельмі мужная і не скарылася ў тых жорсткіх умовах, у якія яе паставілі. Бяз сьлёз немагчыма на гэта ўсё глядзець.

Ініцыятыва году — «Нерасстраляная паэзія», сярод намінантаў — #by_help, «Радзіны», «Зялёная сетка», «Недзіцячая справа»...

Ганна Соўсь: У гэты год у беларускім грамадзтве вельмі шмат і горача абмяркоўваліся праблемы мэдыцыны і адукацыі, і гэта была ня проста канстатацыя факту вострых праблем, але і спробы грамадзтва ўплываць на ўладу і сыстэму. Давайце пагаворым пра розныя найбольш яркія і заўважныя ініцыятывы. Я прапанавала грамадзкую ініцыятыву «Радзіны», кампанію супраць акушэрскага гвалту. У галасаваньні перамагла грамадзкая акцыя ўшанаваньня расстраляных паэтаў «Нерасстраляная паэзія». Сярод намінантаў #янебаюсясказаць, #metoo, ініцыятыва Радзіны, збор грошай на аплату штрафаў, школа пошуку рэпрэсаваных і анлайн-база пошуку рэпрэсаваных, распрацаваныя Зьмітром Драздом, Лівянт-Пастэрнак-Жвалеўскі -- ініцыятыва ў абарону настаўнікаў і адукацыі, рэгістрацыя "Альбарутэніі" -- прыватнага беларускага ўнівэрсытэту. А паводле вас якія ініцыятывы году найбольш заслугоўваюць увагі?

Ірына Чарняўка: Мяне вельмі ўразіла ініцыятыва #by_help. Калі вы памятаеце, пасьля пратэстаў недармаедаў шмат хто з саміх пратэстоўцаў, журналістаў атрымалі аграмадныя штрафы. І фактычна тры чалавекі сабраліся і арганізавалі збор сродкаў для аплаты штрафаў гэтых людзей. І гэта была калясальная сума, мяне яна дагэтуль уражвае — больш за 50 тысяч даляраў сабралі, проста заплацілі людзі за штрафы іншых людзей. Гэта сапраўды была яскравая, матэрыяльна ўвасобленая салідарнасьць.

Крысьціна Вітушка: Я таксама прапаноўвала «Радзіны». Гэта для мяне сапраўды ініцыятыва году і ініцыятыва будучыні. Рэпрадукцыйныя правы жанчыны, права адчуваць сябе чалавекам у працэсе цяжарнасьці, родаў і гадаваньня дзіцяці, магчымасьць абіраць, як найлепш для дзіцяці і не скарацца на першым этапе яго нараджэньня — гэта няпростыя выпрабаваньні, і добра, што пра гэта пачалі казаць услых. Дзякуй Вераніцы Заўялавай за яе мужнасьць і пасьлядоўнасьць у гэтых пытаньнях.

І другая ініцыятыва — тая ж ініцыятыва ў абарону настаўнікаў і адукацыі, і хачу назваць яшчэ акрамя Яўгеніі Пастарнак, Яўгенія Лівянта і Андрэя Жвалеўскага, гэта людзі, якія працягваюць зьбіраць факты, існаваньне якіх міністэрства адукацыі адмаўляе. Аднак назапасілася ўжо велізарная кіпа дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што сыстэма адукацыі на сёньняшні дзень зьяўляецца сыстэмай збору другаснай сыравіны і рэалізацыі неліквіда беларускіх вытворцаў. Адукацыйнымі пытаньнямі там займаюцца не больш за 10% часу, і асноўныя паказчыкі і крытэры вызначэньня пасьпяховасьці — гэта камунізм, піянэрыя, макулятура і школьная форма.

Вольга Карач: Я згодная з Ірынай, але я б сказала, што гэта ўсе кампаніі салідарнасьці, якія праходзілі ў гэтым годзе. Яны вельмі ўражвалі, ня толькі #by_help, а ўсё, што адбывалася, асабліва вакол маршаў дармаедаў, і гэта было вельмі нечакана — такі ўзровень разуменьня грамадзкасьці і самадапамогі. Другая кампанія — гэта кампанія «Недзіцячая справа» па незаконным адбіраньні дзяцей зь сем’яў, па розных прычынах, у тым ліку і палітычных. І мяне вельмі ўразілі жанчыны, якія самі былі і ёсьць пад вялікімі рызыкамі, што ў іх забяруць дзяцей за іх грамадзкую актыўнасьць, ці ў кагосьці забралі і вярнулі, але яны падтрымлівалі адна адну і прыходзілі на суды, ведаючы, што гэта для іх нашмат больш рызыкоўна, чым проста для чалавека з вуліцы ці грамадзкай арганізацыі, прыйсьці кагосьці падтрымаць.

Я б хацела нагадаць пра кампанію салідарнасьці «Зялёная сетка», калі людзі прыносілі нейкія перадачы ў турму на Акрэсьціна, і там проста гэтых людзей саджалі за гэта. Саджалі за салідарнасьць тых, хто там прыяжджаў сустракаць. Севярынца, калі я не памыляюся, кагосьці яшчэ. Улада на салідарнасьць вельмі моцна рэагавала. І кампанія, якая распачалася пасьля сьмерці Сашы Коржыча, мне падаецца таксама вельмі важнай, таму што і Міністэрства абароны спрабавала на людзей ціснуць, правяраць гэтыя лісты, якія пісаліся, спыніць гэтую кампанію, але гэтая народная хваля, якая ішла, уражвала і давала вялікую надзею на будучыню.

Мужчына году — Дашкевіч, сярод намінантаў — Горват, Случак, Гуркоў, Кім, Лабадзенка​, Лівянт, Жукоўскі, Судаленка, Левінаў...

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Ганна Соўсь: Магчыма, я памыляюць, але ў беларускіх незалежных СМІ ў параўнаньні з ранейшымі гадамі менш згадваецца прозьвішча Лукашэнка, калі яно толькі непасрэдна не было зьвязанае з навіной. Давайце вызначым Мужчыну году для Беларусі і для сьвету. Паводле вынікаў галасаваньня на «Толькі жанчыны» зь вялікім адрывам перамагае Зьміцер Дашкевіч, дзякуючы адчайнай ініцыятыве якога былі абароненыя Курапаты, пасьля яго ідзе пісьменьнік Андрусь Горват, чыю папулярнасьць ужо называюць фэномэнам. Далей у сьпісе Віталь Гуркоў, Андрэй Кім, Вячаслаў Сіўчык, Ігар Случак, Міхаіл Жамчужны, Сяргей Коўган, Сяргей Пальчэўскі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Алесь Сапега, Аляксандар Макарчук, Глеб Лабадзенка, Уладзімер Арлоў, Аляксей Мельнічак, Віктар Пракапеня, Яўгеній Лівянт. Пра што сьведчыць такі выбар, і якім мужчынам у Беларусі і сьвеце вы б назвалі?

Ірына Чарняўка: Я таксама згаджуся з гэтым выбарам. І Зьміцер Дашкевіч, які зьяўляецца такім лідэрам і вядзе людзей у такія крытычныя моманты, і Андрусь Горват, які ў пэўным сэнсе вырваўся з сыстэмы і адзін абсалютна стварыў і знайшоў сродкі, выдаў і прадаў сваю кніжку — яны сапраўды адчынілі новыя старонкі кожны ў сваёй сфэры.

Андрусь Горват.
Андрусь Горват.

Але я б хацела назваць прозьвішча Ігара Случака, таму што фактычна гэта чалавек, які вядзе некалькі вельмі важных кампаній па абароне беларускай мовы, па пашырэньні яе ўжываньня. Дзякуючы яму, дзякуючы яго кампаніі «мова спартова» футбалісты носяць кашулі з імёнамі зь беларускай транскрыпцыяй. «Справаводзтва па-беларуску», «Спажывай па-беларуску» — гэтыя кампаніі.

Ігар Случак.
Ігар Случак.

Случак змушае вытворцаў тлумачыць, чаму яны хочуць ці ня хочуць беларускай мовы на ўпакоўках. Дзякуючы яму мы ў прынцыпе ведаем, хто за, хто супраць. Ён вымушае міністэрствы-ведамствы справаздачыцца па тым, як яны выконваюць заканадаўства аб мовах. Яно існуе ў нас вельмі даўно, але ніхто яшчэ сыстэмна не браўся за кантроль яго выкананьня, да змушэньня да яго выкананьня. І фактычна гэта чалавек, якія выконвае працу ледзь не цэлага міністэрства і мазольна, штодзённа папулярызуе беларускую мову, пашырае яе выкарыстаньне. Гэта вельмі варта адзначыць.

Крысьціна Вітушка: Безумоўна, на першым месцы мае муж і сын — гэта людзі жыцьця, а ня толькі гэтага году. Безумоўна, глыбока шаную Зьмітра Дашкевіча, Андруся Горвата і Ігара Случака, згодная з Ірынай цалкам.

Віталь Гуркоў
Віталь Гуркоў

Хачу адзначыць яшчэ Віталя Гуркова, дзякуючы якому Беларусі ёсьць чым ганарыцца, і мы ведаем, што, нават пацярпеўшы паразу, можна не скарыцца і стаць пераможцам. Я захапляюся і ягонымі спартовымі дасягненьнямі, і тым, як сьмела ён прыйшоў у іншую сфэру — у музыку, і тым, што ён паспрабаваў сябе ў якасьці дызайнэра і распрацаваў цудоўныя рэчы, з продажу якіх падтрымліваецца дзіцячы спорт. Гэта вельмі моцная грамадзкая пазыцыя, якая зьяўляецца прыкладам і дапамагае нашаму грамадзтву не падзяляцца паводле поглядаў, а наадварот аб’ядноўвацца.

Андрэй Кім.
Андрэй Кім.

Андрэй Кім таксама выклікае захапленьне тым, што яднае сем’і, яднае людзей вакол мастацтва, вакол кіно, і робіць сваю справу. Глеб Лабадзенка таксама для мяне мужчына году. Ён ладзіць самыя масавыя і папулярныя курсы «Мова нанова», якія шырыцца і ва ўсё новых гарадах зьяўляюцца, і ўсё больш і больш людзей перастаюць паважаць мову тэарэтычна, трымаць яе недзе ў шафах на запасных палічках сваёй памяці, пачынаюць ёй карыстацца не баючыся.

Яўген Лівянт.
Яўген Лівянт.

І ўжо прагучаў сёньня Яўгеній Лівянт, самы вядомы, напэўна, рэпэтытар Беларусі, які не баіцца прапаноўваць альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця адукацыі і адкрыта казаць, што ён думае пра дзеяньне ўладаў у гэтай сфэры.

Вольга Карач: Для мяне гэта ў першую чаргу абаронца слабых, і вось ёсьць тры мужчыны, якімі я і раней захаплялася, але вось у гэтым годзе яны проста зазьзялі як зоркі на небе.

Кастусь Жукоўскі.
Кастусь Жукоўскі.

Першы — гэта Кастусь Жукоўскі, журналіст Белсату, які сапраўды робіць вельмі важную справу, і пэўна гэты чалавек самы рэпрэсаваны. Рэпрэсіі, якія былі супраць яго, проста неверагодныя. Як ён гэта вытрымлівае, працягвае працаваць, і ня проста працаваць, а ехаць у вёскі да людзей, якія са сваімі гісторыямі, праблемамі, болем. І ён ім дапамагае.

Леанід Судаленка.
Леанід Судаленка.

Другі і трэці — гэта Леанід Судаленка з РЭП і Павал Левінаў з БХК.

Павал Левінаў.
Павал Левінаў.

Калі ідзе такая хваля народнага ціску на дзяржаву, дзяржава пачынае ціснуць у адказ... І вось яны былі тымі, хто ўстаў і сказаў голасна на ўсю Беларусь «не», прынялі на сябе гэты ціск уладаў, якія спрабавалі спыніць гэтую народную хвалю. Не магу перадаць, як я імі захапляюся. Калі бачу тое, што яны робяць, усе гэтыя справы, усе гэтыя гісторыі посьпеху, менавіта посьпеху абароны слабых, гэта такі прыклад, што мужчыны ў нас у Беларусі вельмі годныя і моцныя.

Слова году — дармаед, сярод намінантаў — Курапаты, «мы», «карта паляка», бязбвіз, «Кінаконг», «людзьмі звацца»

Ганна Соўсь: І нарэшце слова году 2017 году. У галасаваньні яно перасякаецца з падзеяй. На першым месцы — дармаед, на другім — Курапаты, далей #metoo, Асмалоўка, фэмінізм, Кінаконг, мы, дэкрэт, мы патрабуем, рэпрэсіі, карта паляка, "верым, можам, пераможам", недармаед, бязвіз, шмаравідла. Ці вы пагодзіцеся з такім выбарам? Ці дапоўніце гэты год іншымі словамі?

Ірына Чарняўка: Так, вельмі шмат такіх слоў году — і «Курапаты», і «дармаед», і іншыя. Я б назвала слова «мы». Таму што ў гэтым годзе як ніколі працавалі вось гэтыя масавыя пэтыцыі, як ніколі людзі аб’ядноўваліся дзеля салідарнасьці, і самае галоўнае, у гэтым годзе гэтае аб’яднаньне, гэтыя супольныя справы прынесьлі досьвед перамогаў. Атрымалася адбіць дармаедзкі ўказ, усім разам, выйшаўшы на вуліцы, пісаўшы пэтыцыі. Атрымалася змусіць улады штосьці памяняць у Печах пасьля справы Коржыча. Тое, як людзі шукалі хлопчыка ў лесе, таксама супольная справа. «Мы патрабуем» — вось гэтае словазлучэньне тое, што паказала сілу ў гэтым годзе.

Крысьціна Вітушка: Для мяне ёсьць словы году са знакам плюс, і адно слава са знакам мінус. Гэта станоўчыя і пазытыўныя «Кінаконг» і «бязьвіз», і адназначна адмоўнае, катастрафічнае для Беларусі, міна запаволенага, а і ўжо даволі хуткага дзеяньня, гэта «карта паляка». Калі грамадзяне краіны бачаць сваю будучыню ў прысягах на вернасьць і адданасьць іншай краіне, калі грамадзяне Беларусі цікавяцца гістарычнымі дакумэнтамі толькі з мэтай знайсьці любую зачэпку, заплаціць любыя грошы, каб зрабіць гэтую зачэпку, каб атрымаць і прысягнуць на вернасьць іншай краіне, калі масавыя сьвяты ладзяцца не з нагоды вясельля ці нараджэньня дзіцяці, а з нагоды атрыманьня карты паляка, гэта катастрофа.

Вольга Карач: Я лічу, што ўсё, што ў гэтым годзе адбывалася, можна назваць двума словамі — «людзьмі звацца». Беларусы захацелі ўрэшце людзьмі звацца і адчулі, што ўсё ж дзяржава за людзей іх ня лічыць, і зь іх патрэбамі і інтарэсамі ня хоча лічыцца.

Далучыцца да Facebook-суполкі «Толькі жанчыны»

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG