Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у 1953-м: «Гадзіньнік Суднага дня» перавялі на бязь дзьвюх поўнач


Перавод стрэлак «Гадзіньніка суднага дня»

Навукоўцы-ядзершчыкі амэрыканскага часопісу Bulletin of the Atomic Scientists Чыкагскага ўнівэрсытэту перавялі ўмоўны «Гадзіньнік Суднага дня» на 30 сэкундаў наперад: цяпер на ім — бязь дзьвюх хвілін поўнач (пад «поўначчу» маецца на ўвазе глябальная катастрофа або ядзерная вайна).

Летась, як тлумачылі навукоўцы, «гадзіньнік» перавялі на 30 «сэкундаў» наперад пасьля шэрагу заяваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб ядзернай зброі і зьменах клімату. Цяпер дадалі яшчэ 30 «сэкундаў» праз канфлікт вакол ядзернай праграмы Паўночнай Карэі, пагаршэньне стасункаў ЗША і Расеі, а таксама рост напружанасьці на Блізкім Усходзе.

Умоўны «Гадзіньнік Суднага дня» (Doomsday Clock) быў створаны ў 1947 годзе зь ініцыятывы навукоўцаў, якія бралі ўдзел у распрацоўцы амэрыканскай ядзернай бомбы — і 71 год таму гадзіньнік паказваў «безь сямі поўнач». Стрэлкі «гадзіньніка» пераводзілі, калі ў сьвеце павышалася або паніжалася небясьпека таго, што чалавецтва само сябе зьнішчыць, — у спадзяваньні, што людзі пачуюць папярэджаньне.

Колькі паказваў «Гадзіньнік суднага дня» ў 1947–2017 гадах
Колькі паказваў «Гадзіньнік суднага дня» ў 1947–2017 гадах

Найбліжэй да «поўначы» было ў 1953 годзе, пасьля выпрабаваньняў у ЗША і СССР тэрмаядзерных баявых зарадаў. Тады гадзіньнік паказваў бязь дзьвюх поўнач — як цяпер. Найдалей ад поўначы было ў 1991 годзе, па завяршэньні халоднай вайны, калі «гадзіньнік» паказваў 23:43.

«Гадзіньнік Суднага дня» наўпрост не ўплывае на рашэньні палітыкаў або ход войнаў, але вобраз замацаваўся ў масавай культуры:

Песьня «За дзьве хвіліны да поўначы» брытанскага гурту Iron Maiden з альбому «Раб магутнасьці».

Песьня «Што я нарабіў» амэрыканскага гурту Linkin Park з альбому «Хвіліны да поўначы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG