Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пахваліў Кім Чэн Ына і раскрытыкаваў ЗША


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Паводле расейскага прэзыдэнта, Злучаныя Штаты «мусяць быць у стане адказваць на пэўныя выклікі».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у чацьвер, размаўляючы з кіраўнікамі расейскіх друкаваных мэдыя і інфармацыйных агенцтваў у Маскве, заахвочвальна адазваўся пра паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, дзеяньні якога ў ракетнай і ядзернай сфэры выклікаюць сур’ёзную трывогу сусьветнай супольнасьці.

Камэнтуючы запускі Паўночнай Карэяй новых ракет і ядзерныя выпрабаваньні, якія, як мяркуецца, праводзяцца ёю, Уладзімір Пуцін сказаў:

«Думаю, што спадар Кім Чэн Ын, безумоўна, гэтую партыю выйграў. Ён вырашыў сваю стратэгічную задачу: ён мае ядзерны зарад, мае цяпер ракету глабальнай далёкасьці да 13 тысяч кілямэтраў, якая можа дасягнуць амаль любога пункта на тэрыторыі ягонага верагоднага праціўніка».

Пуцін лічыць, што цяпер Кім Чэн Ын «зацікаўлены ў тым, каб сытуацыю зачысьціць, загладзіць, супакоіць». Ён таксама назваў лідэра Паўночнай Карэі «абсалютна граматным і сталым ужо палітыкам», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Нагадаем, што сама Расея на працягу апошняга часу некалькі разоў галасавала ў Радзе Бясьпекі ААН за ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Пхэньяну ў адказ на ракетныя пускі КНДР і заявы яе кіраўніцтва аб валоданьні ядзернай зброяй.

Акрамя пахвалы ў адрас Кім Чэн Ына, Пуцін у сваіх зносінах з прадстаўнікамі прэсы некалькі разоў крытычна адзываўся пра замежную палітыку ЗША, папракнуўшы Вашынгтон ва ўмяшаньні ў справы іншых краін.

У прыватнасьці, расейскі прэзыдэнт заявіў, што ЗША павінны быць гатовыя да адказу на іх меркаваныя дзеяньні:

«Калі ўжо яны самі ўсюды свой нос соваюць, то яны мусяць быць гатовыя... адказваць на пэўныя выклікі, якія яны самі, уласна кажучы, і стымулююць». Пры гэтым Пуцін дадаў: «Прашу, каб мяне ніхто не разумеў так, што мы кудысьці ўмешваемся. Мы не зьбіраемся ўмешвацца».

Закранаючы іншыя замежнапалітычныя тэмы, Уладзімір Пуцін паведаміў кіраўнікам расейскіх мэдыя, што цяпер ідуць перамовы ў Сырыі: «Сёньня ў Дамаску знаходзіцца наша міжведамасная група для перамоваў з сырыйскім урадам і для сустрэчы з прэзыдэнтам Асадам».

Пуцін таксама заявіў, што Расея не хацела б пераходу канфлікту на ўсходзе Ўкраіны ў «замарожаную» стадыю:

«Што тычыцца пэрспэктыў урэгуляваньня на Данбасе, то гэта набывае характар замарожанага канфлікту. Ніхто ў гэтым не зацікаўлены, у тым ліку і Расея. Мы б хацелі, каб сытуацыя вырашылася, але вырашылася так, каб яна не выклікала заклапочанасьці ні ў кога, хто пражывае на гэтай тэрыторыі».

Пра рэалізацыю менскіх пагадненьняў Пуцін сказаў, што гэтыя пагадненьні павінны выконвацца «не выбарачна, як камусьці падабаецца, а ў поўным аб’ёме, так, каб гэта задаволіла тых, хто пражывае на Данбасе, з усім, што там прапісана, у тым ліку з законам аб асаблівым статусе Данбасу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG