Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квантавыя кампутары і генная інжынэрыя. Што прапануе стратэгія разьвіцьця навукі і тэхнікі да 2040 году


Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі апублікавала (PDF) праект стратэгіі «Навука і тэхналёгіі 2018–2040». Як перадае БЕЛТА, праз тыдзень праект абмяркуюць на ІІ Зьезьдзе навукоўцаў Беларусі.

Было б што разьвіваць

У дакумэнце прызнаюцца праблемы беларускай навукі. Навукаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту вельмі нізкая: 0,5% ВУП у Беларусі (што ніжэй за мінімальны ўзровень у 1% у Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі) супраць 2,5–3% у вядучых краінах сьвету. Да 2020 году гэты паказьнік прапануюць падвысіць да 1,5%, да 2030 — да 2,5%, да 2040 — да 3%.

У Беларусі на 40% меней навукоўцаў на душу насельніцтва, чым у Расеі (1776 навукоўцаў на 1 млн жыхароў), і амаль удвая меней, чым у разьвітых краінах. Сярод дактароў навук каля 80% старэйшыя за 60 год, 15% — старэйшыя за 80, і толькі 14 дактароў навук (чалавек, а не адсоткаў) маладзейшыя за 40. Гэта прапануюць выправіць.

Разьвіваць кадравы патэнцыял прапануюць у тым ліку праз мэтавую падрыхтоўку спэцыялістаў, практычную арыентаванасьць адукацыі і ўзаемадзеяньне ВНУ з замоўцамі кадраў, пераход да лічбавых адукацыйных тэхналёгій і інтэграцыю ва ўсясьветную адукацыю.

Колькі дзяржава плянуе траціць на навуку, не паведамляецца, але гаворыцца, што трэба распрацоўваць гнуткі мэханізм фінансаваньня дасьледаваньняў зь бюджэту і разьвіваць вэнчурнае фінансаваньне з замежнымі партнэрамі, пашырыць для інавацыйных сэктараў ільготны падатковы рэжым.

Тым часам у праекце бюджэту на 2018 год прапануецца даць на Акадэмію навук 175 млн рублёў і яшчэ 157 млн на Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях. Для параўнаньня, на Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта — 224 млн, на турмы — 199 млн.

У праекце бюджэту заплянавалі дэградацыю навукі?

Нана-, бія- і sci-fi

Ключавыя элемэнты «Інтэлектуальнай Беларусі» ў праграме — укараненьне лічбавых тэхналёгій (у тым ліку воблачныя вылічэньні, аналіз вялікіх дадзеных, штучны інтэлект і машыннае навучаньне), нэаіндустрыяльны комплекс (з рабатызацыяй, «інтэрнэтам рэчаў», нанатэхналёгіямі, біятэхналёгіямі, 3D-друкам і «смарт-энэргетыкай»), высокаінтэлектуальнае грамадзтва (фармулёўка размытая, але галоўнае — «гуманістычныя каштоўнасьці»).

Прарыўнымі напрамкамі бачаць ня толькі «тэхналёгіі лічбавай вытворчасьці», але і індустрыяльныя тэхналёгіі (напрамкі кшталту кампазытных матэрыялаў, робататэхнікі і бесьпілётнікаў), і «соцыягуманітарныя тэхналёгіі» (фармулёўка размытая, але яны павінны няспынна нарошчваць інтэлект нацыі). Таксама ў прыярытэце вытворчасьць электрычнага транспарту, у тым ліку бесьпілётнага; малых і звышмалых касьмічных апаратаў і апаратуры для іх; стварэньне «біяпадобных і антрапаморфных», у тым ліку саманавучальных, робатаў; генная інжынэрыя і стварэньне лекаў ад ВІЧ.

Першы беларускі электрамабіль, створаны Аб'яднаным інстытутам машынабудаваньня Нацыянальнай акадэміі навук на базе сэрыйнай Geely SC7 барысаўскай зборкі
Першы беларускі электрамабіль, створаны Аб'яднаным інстытутам машынабудаваньня Нацыянальнай акадэміі навук на базе сэрыйнай Geely SC7 барысаўскай зборкі


Сярод прыярытэтаў таксама згадваюцца квантавыя кампутары (пакуль толькі гіпатэтычна магчымыя), «4D-прынтынг», нэўракагнітыўныя тэхналёгіі (што гэта значыць, не тлумачаць), а таксама «максымальнае набліжэньне кожнага грамадзяніна да працэсу прыняцьця кіраўнічых рашэньняў і аптымізацыя ўзаемадзеяньня на аснове Інтэрнэту ўсяго і ўсеагульнага кансэнсусу».

У дакумэнце ні разу ня згадваюцца тэхналёгіі крыптавалютаў і блокчэйну, а таксама не гаворыцца пра пляны запуску ў космас уласнага касьмічнага карабля зь беларускім касманаўтам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG