Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт-2018. Яшчэ больш грошай для КДБ і Міністэрства абароны


У 2018 годзе Беларусь разьлічвае патраціць на мільярд даляраў больш, чым у 2017. Свабода падлічыла, наколькі вырасла фінансаваньне асобных галін

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая выклала ў свабодны доступ праект закону аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год. У ранейшыя гады бюджэт прымаўся парлямэнтам у канцы восені. Аляксандар Лукашэнка падпісвае яго да пачатку новага году.

Свабода прааналізавала выдаткі, заплянаваныя ў новым бюджэце, і параўнала іх з выдаткамі за два папярэднія гады. Агулам памер бюджэту на наступны год складае 9,9 мільярда даляраў. Гэта на 1,3 мільярда больш, чым у 2017 годзе, і на 1 мільярд больш, чым у 2016. У параўнаньні з папярэднім годам памер рэспубліканскага бюджэту вырас на 15%.

Скарачэньне фінансаваньня спорту і сельскай гаспадаркі

Новы бюджэт павінен засмуціць супрацоўнікаў Мінспорту і Міністэрства сельскай гаспадаркі. Згодна з дакумэнтам, у 2018 годзе аб’ём фінансаваньня спартовага ведамства скароціцца на 14,2% і складзе 86,8 мільёна даляраў у эквіваленце (173,6 мільёна рублёў). Для параўнаньня — у 2017 і 2016 гадах на дзейнасьць Міністэрства спорту зь дзяржаўнага бюджэту выдаткоўвалася больш за 100 мільёнаў даляраў.

Яшчэ значней скарачаецца фінансаваньне сельскай гаспадаркі. У 2018 годзе на гэта плянуецца выдзеліць каля 278 мільёнаў даляраў — на 20,4% менш, чым у 2017 годзе, калі на дзейнасьць Мінсельгасхарчу накіравалі 349 мільёнаў. У 2016 годзе было яшчэ больш — 523 мільёны.

Сілавікі атрымаюць значна больш сродкаў

Яны сярод лідэраў па росьце фінансаваньня ў параўнаньні з папярэднім годам. КДБ атрымае на 26,5% больш сродкаў — 83,6 мільёна даляраў (у 2017 было 66,1 мільёна, у 2016 — 70,2 мільёна).

Фінансаваньне дзейнасьці Міністэрства абароны вырасьце на 25% — з 513 мільёнаў даляраў да 643. Два гады таму было 560 мільёнаў. Амаль на чвэрць павялічваецца фінансаваньне дзейнасьці Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў — з 6,9 мільёна даляраў у 2017 годзе да 8,6 мільёна ў 2018. У 2016 годзе бюджэт ДФР складаў 7,4 мільёна.

Самы сьціплы рост — у фінансаваньні Міністэрства ўнутраных спраў, але і ён у адсотках большы, чым рост дзяржаўнага бюджэту — 16,3%. У наступным годзе на дзейнасьць міліцыі плянуюць выдзеліць 383,7 мільёна даляраў. У 2017 годзе было 330 мільёнаў, у 2016 — 355 мільёнаў.

Служба бясьпекі прэзыдэнта каштуе амаль столькі ж, колькі дзейнасьць ягонай Адміністрацыі

12,1 мільёна даляраў — такую суму ў 2018 годзе выдзеляць зь дзяржаўнага бюджэту на ахову кіраўніка краіны. Гэта на 13% больш, чым летась (10,7 мільёна). І на 200 тысяч больш, чым у 2016 годзе. Пры гэтым на дзейнасьць Адміністрацыі кіраўніка краіны зь дзяржаўнага бюджэту ў 2018 годзе заплянавана выдзеліць не нашмат больш сродкаў, чым на яго ахову — 13,3 мільёна даляраў. У 2017 на гэтыя ж мэты патрацілі 12,2 мільёна, у 2016 — 13,4.

Бюджэт Белтэлерадыёкампаніі складае дзьве траціны ад бюджэту Мінкульту

Вырасьце ў 2018 годзе і фінансаваньне дзейнасьці Міністэрства культуры. З 52,4 мільёна да 60,6 — на 15,6%. На фінансаваньне дзейнасьці Белтэлерадыёкампаніі ў наступным годзе заплянавана выдзеліць 41,4 мільёна даляраў — на 11,3% больш, чым у мінулым годзе.

Яшчэ больш павялічваецца фінансаваньне дзейнасьці Акадэміі навук — на 15,4%. У 2016 годзе на гэтыя мэты выдзялялі 81,8 мільёна даляраў, у 2017 фінансаваньне зьнізілася да 76 мільёнаў. У 2018 яно складзе прыкладна 87,7 мільёна.

Рост выдаткаў на ахову здароўя і адукацыю блізкі да памеру гадавой інфляцыі

Выдаткі Міністэрства аховы здароўя і Мінадукацыі ў 2018 годзе таксама павялічваюцца, але значна менш, чым у іншых ведамстваў. Напрыклад, Мінадукацыі на 2018 год «атрымае» 262 мільёны даляраў. Гэта на 7,4% больш, чым у 2017 годзе — 244 мільёны. У 2016 было амаль столькі ж — 247.

У Мінздароўя рост фінансаваньня яшчэ меншы — на 6,5%. Паводле праекту бюджэту на ахову здароўя ў Беларусі заплянавана выдзеліць у 2018 годе каля 455 мільёнаў даляраў. Год таму было 427 мільёнаў, у 2016 — 404 мільёны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG