Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз гатовы патраціць 136 мільёнаў эўра на рэформы ў Беларусі 


Ці атрымае Беларусь фінансавую дапамогу Эўразьвязу?

На прасоўваньне рэформаў у Беларусі з боку структураў Эўразьвязу можа быць выдаткавана больш за 130 мільёнаў эўра да 2020 году. Пра гэта гаворыцца ў праграме фінансавай дапамогі ў межах «Усходняга партнэрства». Грошы пойдуць на правядзеньне мадэрнізацыі.

Як адзначаецца ў справаздачы, асноўная мэта — падвышэньне якасьці дзяржаўнага кіраваньня ў Беларусі і забесьпячэньня дэмакратызацыі, разьвіцьця на мясцовым і рэгіянальным узроўнях, а таксама эфэктыўнага папярэджаньня і ліквідацыі надзвычайных сытуацый.

Мяркуецца, што 45-55 мільёнаў эўра пойдзе на ўкараненьне рынкавых мэханізмаў і эканамічнае разьвіцьцё ў Беларусі. Да 20 мільёнаў эўра пойдуць на ўмацаваньне ўладных інстытутаў, якія дазволяць урад стаць больш «празрыстым». Столькі ж плянуецца выдаткаваць на энэргетыку і праекты ў сфэры навакольнага асяродзьдзя.

Асаблівая ўвага ў дакумэнце надаецца разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Эўразьвяз будзе назіраць за высілкамі Менску ў галіне пашырэньня свабодаў і правоў чалавека, скасаваньня сьмяротнага пакараньня і г.д. На праграмы двухбаковага абмену будзе выдаткавана да 27 мільёнаў эўра, прыкладна 6 мільёнаў эўра накіруюць на падтрымку ініцыятываў грамадзкіх арганізацый.

ЭЗ: «Пра грошы мы пакуль гаварыць не гатовы»

Між тым, як удакладнілі Свабодзе ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі, мэханізм фінансаваньня будзе распрацаваны на аснове «Прыярытэтаў партнэрства», узгадненьне якога пакуль не завершана.

«Пра грошы мы пакуль гаварыць не гатовы, паколькі „Прыярытэты партнэрства“ канчаткова ня ўзгодненыя, — адзначылі ў прадстаўніцтве. — Гэта двухбаковы дакумэнт у статусе мэмарандуму пра тое, у якіх накірунках трэба будзе рушыць. І далей ужо распрацоўваецца кіраўніцтва па фінансаваньні — адкуль, зь якога бюджэту і на якія накірункі дзейнасьці. Пакуль усё ня будзе ўзгоднена абодвума бакамі да канца, ня можа ісьці размова пра канкрэтныя меры фінасавай падтрымкі».

17 лістапада міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у рамках Менскага форуму выказаў спадзяваньне, што беларускі бок разьлічвае ўзгадніць «Прыярытэты патнэрства» ужо «самым бліжэйшым часам». Мяркуючы па ўсім, маецца на ўвазе саміт «Усходняга партнэрства», які пачне працу 24 лістапада ў Брусэлі.

Калі гэта здарыцца, бюджэт для Беларусі будзе істотна перавышаць ранейшую дапамогу. Так, ад 2007-га да 2013 гадоў фінансавая дапамога Менску ў рамках «Усходняга партнэрства» крыху перавысіла 90 мільёнаў эўра, а ў прамежак паміж 2014-м і 2017 гадамі склала ў сярэднім 80 мільёнаў эўра.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG