Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «лімітаванае» віно Акадэміі навук Беларусі трапіла ў шырокі продаж


Зьяўленьне на паліцах менскіх крамаў фруктова-ягаднага віна «Акадэмічнае» з выявай Акадэміі навук Беларусі на этыкетцы выклікала падвышаны інтарэс. Як выявілася, яго выпускае навукова-практычны цэнтар па бульбаводзтве і плодаагародніцтве Акадэміі навук на Талачынскім кансэрвавым заводзе. Аднак першапачаткова «акадэмічная» марка мелася выйсьці толькі ў лімітаванай сэрыі.

Як даведалася Свабода, этыкетку для «Акадэмічнага» распрацоўваў прыватны дызайнэр Кірыл Плышэўскі. Ён кажа, што этыкетка была зроблена для лімітаванай вэрсіі фруктовага віна. Заказчыкам выступіла Нацыянальная Акадэмія навук.

«Распрацоўка этыкеткі для лімітаванай вэрсіі пладовага віна. Віно ня будзе ў свабодным продажы, а будзе пастаўляцца ўрадавым дэлегацыям, сустрэчам на розным узроўні», — напісаў больш за год таму дызайнэр на ўласнай старонцы ў Facebook.

Паводле Плышэўскага, за гэты час віна ён так і не паспытаў.

«Цяпер яно паступіла ў продаж. Але толькі з этыкеткай больш простай. Спачатку этыкетка была на нядрэннай паперы і выглядала якасна. Відаць, яны цяпер нешта спрасьцілі і падалі ў продаж. Але яны папрасілі, каб я ў графіцы адмаляваў выяву Акадэміі навук», — сказаў Плышэўскі.

На Талачынскім кансэрвавым заводзе сказалі, што прадпрыемства адносіцца да Навукова-практычнага цэнтру па бульбаводзтве і плодаагародніцтве Акадэміі навук. Сам дырэктар заводу Анатоль Анюхоўскі, які ўваходзіць у склад рады Цэнтру, размаўляць са Свабодай адмовіўся.

«Макет этыкеткі і смакавыя якасьці мы ўзгаднялі ня толькі з нашай Акадэміяй навук, але мы выяжджалі на дэгустацыі, каб пачуць думку народу», — сказала эканаміст Ларыса Букановіч.

Яна таксама згадала, што на адной з нарадаў Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што сам п’е талачынскае віно і іншых частуе.

«Гэта было сказана пра наша фруктовае віно».

Галоўны тэхноляг прадпрыемства Марына Алейнікава сказала карэспандэнту Свабоды, што віно «Акадэмічнае» распрацоўвалі разам з Акадэміяй навук.

«Мы яго даём і на Акадэмію, і ў продаж таксама. Яно ёсьць у гандлі, у крамах. У яго склад уваходзяць чорныя парэчкі і яблыкі. Мы зрабілі цукар крыху меншы. Яно паўсалодкае, з цукрам 50».

Паводле Марыны Алейнік, у Акадэміі навук ёсьць кавярня, якая бярэ віно «Акадэмічнае». Яна кажа, што этыкеткі аднолькавыя і на бутэльках, якія трапляюць у Акадэмію навук, і на тых, што пастаўляюць у крамы.

Пра аб’ём вытворчасьці віна «Акадэмічнага» не сказалі ні на Талачынскім кансэрвавым заводзе, ні ў навукова-практычным цэнтры па бульбаводзтве і плодаагародніцтве Акадэміі навук. Гендырэктар цэнтру Сяргей Турко сказаў, што асноўная мэта выпуску гэтага віна — маркетынгавая. Назва паўстала таму, што завод адносіцца да Акадэміі навук.

«Калі б вы дазволілі карыстацца вашым брэндам, мы назвалі б „Радыё Свабода на чале з Трампам“. І ён яго п’е. І вельмі проста на ляту пайшло б».

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч сказаў, што нічога ня ведае пра віно «Акадэмічнае».

«Так, у Акадэмію пачалі ўключаць розныя заводы і фабрыкі. Мабыць, нешта выпускаюць. Хаця ўпэўнены, што гэта ня справа Акадэміі — займацца вытворчасьцю. Вытворчасьць павінна быць сама па сабе, а Акадэмія павінна выконваць іншыя задачы. Я лічу, што гэта ня функцыя Акадэміі навук — утрымліваць нейкія заводы і фабрыкі. Заводы і фабрыкі павінны працаваць па эканамічных законах, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце. А навошта іх аб’ядноўваць у Акадэмію — я гэтага не разумею. Я лічу гэта няправільным. А пра віно наагул нічога ня ведаю».

Навукова-практычныя цэнтры Акадэміі навук створаныя паводле прэзыдэнцкага ўказу і маюць статус юрыдычнай асобы. Навукова-дасьледчыя і вытворчыя арганізацыі ўключаюцца ў гэтыя цэнтры ў статусе даччыных унітарных прадпрыемстваў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG