Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарэлка, віно і беларуская літаратура. Гісторыі Глобуса, Кудасавай, Някляева


Адам Глобус, «Радасьці быцьця», 2016 год. Папера, акрыл 21×30 см
Адам Глобус, «Радасьці быцьця», 2016 год. Папера, акрыл 21×30 см

Беларусы, паводле статыстыкі ААН, займаюць другое месца ў сьвеце па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва. Пʼе і просты люд, пʼе і эліта.

Аўтар дзьвюх кніг пра алькаголь у беларускім творчым асяродзьдзі Анатоль Астапенка расказаў Свабодзе пра тое, як ужывалі алькаголь і злоўжывалі ім беларускія літаратары-клясыкі.

А цяпер пра ўзаемаадносіны алькаголю і творчасьці ў сваім жыцьці распавядаюць сучасныя літаратары.

Паэтка Наста Кудасава: «Стварыць пад узьдзеяньнем алькаголю нешта сапраўднае, думаю, немагчыма»

Наста Кудасава
Наста Кудасава

Калі казаць пра наша пакаленьне, то сапраўды мы вельмі часта зьбіраемся і размаўляем з келіхам віна ці куфлем піва. І гэта нават ня тое, што літаратурная традыцыя, а агульнабеларуская — абмяркоўваць нешта з алькаголем. Але я асабіста, пасьля таго як выпʼю, не магу пісаць. І мне падаецца, што ў гэтым стане нічога адэкватнага напісаць немагчыма. Алькаголь — гэта спосаб расслабіцца, але стварыць пад яго ўзьдзеяньнем нешта сапраўднае, думаю, немагчыма.

Пісьменьнік і мастак Адам Глобус: «Алькаголь паклаў нашых паэтаў больш, чым кулі ў Курапатах»

Адам Глобус
Адам Глобус

Мне здаецца, што алькаголь паклаў нашых паэтаў больш, чым кулі ў Курапатах. І ахвяраў алькагалізму ў папярэднім нашаму пакаленьні шасьцідзясятнікаў вельмі многа. Гэта і Алькаголь Стаканавіч Сталінюгін, як Барадулін называў Вялюгіна, і Стральцоў, і Караткевіч, і Семашкевіч. Гэта людзі, якія загінулі ад алькагалізму. Наступнае за нашым пакаленьне ўжо ішло з наркатой. І нам было жахліва глядзець на тое. Мы ўбачылі, што ў параўнаньні з наркатой наша пʼянства было не такое страшнае. І таму, калі мы ўбачылі хвалю наркаманіі, то шмат хто працьверазеў. Але ёсьць ахвяры незваротныя — сышоў з жыцьця Сыс, сьпіўся Чаропка, шмат хто яшчэ.

Алькаголік — гэта чалавек, які любіць толькі сябе. Каб кінуць піць — трэба любіць некага больш за сябе. Шмат хто сыходзіць ад алькагалізму праз рэлігію. А я сыходзіў празь любоў да людзей. Я лічыў, што павінен яшчэ іншым людзям дапамагаць. Таму я кінуў піць. А пʼюць тыя, якія ня бачаць лепшых за сябе. Ім напляваць на іншых.

Паэт і палітык Уладзімер Някляеў: «Я бачыў шмат цьвярозых, пра якіх думаў: лепш бы вы пілі, чым рабілі цьвярозымі тое, што робіце»

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Алькаголь — які большасьць паэтаў услаўляла як нешта такое, што спаслана чалавеку праз культуру старажытных грэкаў і рымлянаў дзеля дадатковай эстэтыкі, асабліва ў творцаў і найперш, канечне, у паэтаў, — спаліў калі не палову, то каля паловы асобаў беларускай літаратуры. Прычым я маю на ўвазе менавіта літаратуру, а не графаманію ці там нешта вершатворнае. Сапраўдную літаратуру, і найперш паэзію. Таму што чамусьці паэты найбольш упадалі ў залежнасьць ад бога Бахуса. Я магу назваць імёны, два тузіны іх перад вачыма стаіць, якія спачатку перасталі праз гэта пісаць, ва ўсякім выпадку на тым узроўні, на якім яны маглі гэта рабіць, а пасьля проста ня сталі быць. І тым ня менш гэта такія вось наўпроставыя адносіны літаратуры і алькаголю. А ёсьць яшчэ не наўпроставыя.

У тым часе, у якім стваралася першапачатковая сучасная беларуская літаратура ў дваццатыя-трыццатыя гады, пілі ад страху, што заўтра прыйдуць забяруць. Ну, дык выпʼем, а там і трава не расьці. Пасьля пілі ад безвыходнасьці, бо тое, што ты друкаваў — гэта адно, а тое, што пісаў і не друкавалася — гэта іншае. Людзі ўпіраліся ў сьцяну нявыказанасьці, і праз гэта ў часы так званага застою была павальная пʼянка. Бо нічога, апроч гарэлкі і магчымасьці яе закусіць, па сутнасьці, дзяржава не магла прадставіць. Так што ўсё тут ня так проста, і звальваць гэта толькі на нейкія асабістыя якасьці натуры таго ці іншага чалавека я б ня стаў. Гэта яшчэ мела свае прычыны. Я ўжо не кажу пра прычыны сяброўскага парадку, калі здраджвалі адзін аднаму, сямейнага кшталту, калі адзіным ратаўніком уяўляўся бог Бахус.

Леанід Дранько-Майсюк у адным з тэкстаў аналізаваў узаемаадносіны алькаголю і Ўладзімера Някляева. І ён там абвяргае шматлікія чуткі пра тое, што ў змаганьні Някляева і алькаголю найчасьцей перамагаў алькаголь. Гэта ня так. Зусім ня так. Я магу сказаць, што гэта ня так і ў многіх іншых. У таго ж Уладзімера Караткевіча, якога залішне абвінавачваюць у гэтай спакусе і слабасьці. Нават плётку пусьцілі, што Караткевіч загінуў менавіта праз алькаголь. Не, ён загінуў праз памылку дактароў, якія, таксама думаючы, што ў яго нешта зьвязанае з алькаголем, зрабілі абсалютна ня тое, што мусілі б зрабіць. Дык вось гэта зрабілі цьвярозыя людзі. Я бачыў шмат цьвярозых, пра якіх думаў: лепш бы вы пілі, чым рабілі цьвярозымі тое, што робіце.

Можна, канечне, згадаць трагічную сьмерць Анатоля Сыса. Яна наўпрост як бы зьвязаная з алькаголем, і гэта прычына, якая замінала ня толькі яму, а шмат якім людзям, якія былі ў ягоным атачэньні. Але калі я зараз успамінаю свае нейкія раздражненьні ў адносінах да Анатоля, свае нейкія выхаваўчыя спробы, думаю: Божа мой, як гэта ўсё прымітыўна і тупа! Калі ў чалавеку бушуе стыхія, калі ён ня можа справіцца зь ёй, калі яго паліць унутраны агонь і ён на ім гатовы згараць, і з гэтым немагчыма нічога зрабіць — гэта лёс. Гэта тое, што наканавана на нябёсах. Канечне, каб яны ўсе былі тут зараз, той жа Анатоль, магло быць як бы інакш, але сталася тое, што сталася. І з гэтым ужо нічога не паробіш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG