Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар навук Андрэй Капытаў: «Алькаголікамі становяцца 8-10 працэнтаў насельніцтва»


Андрэй Капытаў

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — доктар мэдычных навук, прафэсар катэдры псыхіятрыі і мэдычнай псыхалёгіі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Андрэй Капытаў. Ён адказвае на пытаньне, наколькі драматычная сытуацыя з пʼянствам у Беларусі, хто перашкаджае абмяжоўваць продаж алькаголю ў краіне і які працэнт насельніцтва Беларусі становіцца алькаголікамі. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Цяпер якраз ідзе «вайна інтэрпрэтацыяй» вакол афіцыйных зьвестак — беларускіх і замежных — наконт лічбаў спажываньня алькаголю ў Беларусі. Як бы вы ацанілі сурʼёзнасьць гэтай пагрозы для беларускага грамадзтва?

— Ва ўсім сьвеце лічыцца катастрафічнай сытуацыя, калі ў краіне пʼюць больш за 8 літраў чыстага сьпірту на чалавека.

— А колькі ў Беларусі? Вакол гэтага якраз і ідуць спрэчкі.

— Лічбы гучаць розныя. Статыстычны камітэт сёлета дае 8,8, летась даваў каля 12 літраў. Таму дакладную лічбу назваць складана.

— Вы практычны доктар, штодня лечыце людзей ад алькагалізму паводле арыгінальнай мэтодыкі. Ці можаце вы скласьці партрэт беларускага алькаголіка? Якім сацыяльным пластам больш уласьцівая гэтая хвароба? Ці залежыць гэта ад узроўню даходаў і адукацыі?

— У сьвеце тэндэнцыя такая, што алькагалізацыя — гэта доля бедных пластоў насельніцтва. Але ў Беларусі яна закранула ўсе групы, незалежна ад узроўню жыцьця. Звычайна гэта людзі пасьля 35 гадоў. Назіраецца трывожная тэндэнцыя, што рэзка ўзрастае колькасьць падлеткаў і жанчын з гэтай хваробай. Такое назіраецца таксама ў Расеі і краінах постсавецкай прасторы.

— Ёсьць даволі вядомыя мэтады барацьбы з алькаголем, якія выпрацаваныя ў Скандынавіі — гэта павелічэньне цаны, ускладненьне доступу да алькаголю (і тэрытарыяльна, і па часе працы). Чаму гэты мэтад, які даказаў сваю эфэктыўнасьць, не прымяняецца ў Беларусі?

Абмежаваньне ўзросту, абмежаваньне даступнасьці алькаголю — найбольш эфэктыўныя крокі

— Чым бяднейшая краіна, тым горшая абстаноўка з алькагалізацыяй. Што тычыцца крокаў па прадухіленьні алькагалізацыі, то вы маеце рацыю — ёсьць крокі на ўзроўні грамадзкіх арганізацый, але самыя эфэктыўныя — гэта на ўзроўні дзяржаўных структур. Абмежаваньне ўзросту, абмежаваньне даступнасьці алькаголю — найбольш эфэктыўныя крокі, што мы і назіраем у скандынаўскай мадэлі. Калі ў Беларусі адзін пункт продажу прыпадае на 300 чалавек, то ў Скандынавіі — на 3-4 тысячы. У нас калі спачатку забаранілі, а потым зноў дазволілі продаж у начныя гадзіны — дык у гэты час ідуць купляць алькаголь найперш праблемныя людзі, якія ўначы і ўжываюць.

Ва ўсіх краінах сьвету мэдыкі знаходзяцца на другіх-трэціх месцах, бо галоўнай прафіляктыкай займаюцца органы ўнутраных спраў, палітыкі.

— То бок вы так мякка хочаце заявіць, што палітыкі і пэўныя чыноўнікі ня вельмі слухаюць мэдыкаў, іхнія прапановы, бо алькаголь — гэта паступленьні ў бюджэт?

— Гэта не навіна і ні для кога не сакрэт. Гэта хуткія грошы, хуткі даход у бюджэт.

— Ці былі такія выпадкі, што вы на нейкай міжведамаснай камісіі заяўляеце, што трэба зрабіць тое і тое — а чыноўнік з эканамічнага ведамства кажа, што гэта немагчыма?

— Так ніхто ня кажа. Але трэба глядзець на рэаліі нашага жыцьця.

— Але часам і самыя звычайныя людзі вельмі скептычна ставяцца да барацьбы з алькагалізмам. Маўляў, гэта заўсёды было ў Беларусі, ці «сярод славян», і нічога тут ня зробіш.

— Калі памятаеце 1985 год, кампанію барацьбы з алькагалізмам Гарбачова, была маса абмежаваньняў. Гэта шмат крытыкуюць. Але трэба глядзець праўдзе ў вочы — калі гэта ўвялі, то колькасьць цырозаў пячонкі зьменшылася ў 6 разоў, а колькасьць псыхозаў — у 4 разы.

— Дык ці ўдасца мэдыкам у Беларусі даказаць правамоцнасьць сваіх падыходаў? Чаму ў свой час абмежавалі гадзіны продажу алькаголю, а потым усё вярнулі назад?

— Прывяду прыклад. У 2016 годзе ў Берасьцейскай вобласьці ўпершыню за многія гады колькасьць спажыванага алькаголю зьменшылася, а нараджальнасьць павялічылася і перавысіла сьмяротнасьць. Мы распрацоўвалі шмат мэдычных праграмаў прафіляктыкі, і яны актыўна іх укараняюць.

— Калі вы працуеце са сваімі пацыентамі, напэўна, чуеце шмат людзкіх гісторый. Чаму людзі становяцца алькаголікамі? Ці гэта найперш асабістыя трагедыі, ці проста асяродзьдзе вырашае за чалавека?

— Пасьля 2005 году матывы зьмяніліся. Калі ад 1995 да 2005 году матывы спажываньня былі даволі традыцыйныя (асяродзьдзе, традыцыі, вонкавыя прычыны), то ад 2005 году на першае месца выйшлі асабістыя псыхалягічныя матывы. Падвышаная трывожнасьць, дэпрэсіўнасьць, высокі ўзровень агрэсіі. Купляючы алькаголь, людзі спрабуюць аблягчыць свой эмацыйны стан. Сёньня гэта выйшла на першае месца.

— Ці магу я спытаць вас — вы самі ўжываеце алькаголь?

— Трошкі.

— І дзе знайсьці тую самую правільную меру і мяжу? Чаму адны пʼюць па сто грам да 90 гадоў, а іншыя за некалькі гадоў становяцца алькаголікамі? Што на гэта ўплывае?

80 працэнтаў людзей спажываюць алькаголь, 8-10 працэнтаў практычна ня пʼюць, і 8-10 працэнтаў становяцца алькаголікамі

— Акрамя сацыяльных матываў, трэба глядзець і статыстыку ў пляне спажываньня. 80 працэнтаў людзей спажываюць алькаголь, 8-10 працэнтаў практычна ня пʼюць і 8-10 працэнтаў становяцца алькаголікамі. Калі правялі экспэрымэнт з пацукамі, то атрымалі прыблізна такія ж вынікі. Ім далі свабодны выбар, паставілі дзьве чашы, з вадой і алькаголем. Дык 10 працэнтаў пацукоў ужывалі толькі алькаголь, 10 працэнтаў толькі ваду, а астатнія падыходзілі да абедзьвюх чашаў.

Таму ёсьць генэтычныя асаблівасьці ў тых, хто хутка сьпіваецца. У іх ёсьць біялягічныя мэханізмы, генэтычная схільнасьць. Астатнія выпіваюць нерэгулярна, пэрыядычна. Але як толькі яны пачынаюць ужываць больш інтэнсіўна, то рызыка стаць алькаголікам ёсьць у кожнага прадстаўніка папуляцыі.

— Ёсьць «краіны гарэлкі», «краіны віна», «краіны піва». А калі пераключыць беларускія традыцыі на ўжываньне не гарэлкі, а піва і віна — гэта дапаможа?

— Ёсьць краіны паўночнага тыпу алькаголю і ёсьць — паўднёвага. Але няма вялікай розьніца ў колькасьці праблемных людзей у Швэцыі ды Італіі — гэтая колькасьць прыблізна аднолькавая. У нас трэба ўлічыць і момант якасьці напояў. У Беларусі наўрад ці знойдзеш якасны вінны напой, які б адпавядаў тым парамэтрам, якія існуюць у Францыі і Італіі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG