Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы лічаць, што самай пітушчай краінай у сьвеце іх зрабіла няслушная сыстэма падліку


Фота ©Shutterstock

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя (УААЗ) назвала Літву самай пітушчай краінай у сьвеце. Летась кожны літовец выпіў у сярэднім 16 літраў алькаголю.

Журналісты Baltnews, якія дасьледавалі гэтую праблему, выявілі парадокс. Ён заключаецца ў тым, што дадзеныя УААЗ, па сутнасьці, ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю. Літва ўзначальвае сьпіс самых пітушчых краін таму, што ў ёй дзейнічае адмысловая сыстэма падліку — у сьпіс людзей, якія спажываюць алькаголь, уключаюць ня толькі жыхароў краіны, але і ўсіх турыстаў. А апошнія п’юць ня менш за літоўцаў.

Літва — даволі папулярны напрамак для турыстаў з Расеі, Беларусі і Паўночнай Эўропы. Штогод краіну наведваюць каля 1,5 мільёна чалавек. Паводле дадзеных дэпартамэнту статыстыкі, у сярэднім адзін турыст у дзень выпівае 0,6 літра піва або 86 грамаў гарэлкі. Літоўцы выпіваюць прыкладна столькі ж. Але сама сыстэма падліку няслушная, бо паводле лёгікі УААЗ усе прыежджыя «аўтаматам» становяцца «літоўцамі».

Журналісты спасылаюцца і на суседнюю Эстонію. Яна не ўваходзіць у лік самых пітушчых краін, нягледзячы на тое, што сытуацыя ў краінах Балтыі ідэнтычная. Уся справа ў тым, што эстонскае ведамства якраз не адносіць турыстаў да сталых жыхароў Эстоніі. Выпіты турыстамі алькаголь у выніковых дакумэнтах, якія адпраўляюць на адрас УААЗ, ня ўлічваецца. Эстонцы разумеюць, што калі яны зьменяць сыстэму падліку і будуць лічыць, як літоўцы, то іх паказьнікі могуць зашкаліць.

Калі паводле інфармацыі УААЗ Літва вянчае сьпіс сусьветных алькаголікаў, то паводле Эўрапейскай камісіі сытуацыя тут зусім іншая. Летась у Эўразьвязе апублікавалі дадзеныя дасьледаваньня, колькі п’юць жыхары Эўропы. Згодна зь ягоным вынікам, Літва толькі ў сярэдзіне рэйтынгу, далёка не на першым месцы. Паводле «Special Eurobarometer 331», самымі пітушчымі краінамі прызнаныя Ірляндыя, Вялікая Брытанія, Данія і Фінляндыя. Гэтыя краіны лідзіруюць па колькасьці алькаголю, выпітага за адзін раз. І ў гэтым рэйтынгу іх ніхто ня можа пацясьніць ад 2003 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG