Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сталі жыць на 2 гады даўжэй, зімбабвійцы — на 8


Фота ©Shutterstock

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі нагадаў, што чаканая працягласьць жыцьця беларусаў склала на 2016 год 74,1 года. Гэта на 1,9 года больш за чаканую працягласьць жыцьця ў 2012-м.

Ад сярэднестатыстычнага беларускага мужчыны чакаюць цяпер 68,9 года жыцьця (плюс 2,3 года да 2012-га), ад жанчыны — роўна 79 гадоў (плюс 1,4 года).

Сярэдні ўзрост беларускага мужчыны ў горадзе складае 36,3 года, а сярэдні ўзрост гараджанкі — 41,2 года.

Вясковец мае сярэдні ўзрост 41 год, жыхарка вёскі — 47,8 года.

Што там у суседзяў?

Параўнаць зьвесткі на 2016 год з суседзямі пакуль праблематычна: міжнародныя арганізацыі яшчэ не апублікавалі зводныя табліцы за мінулы год. Але можна параўнаць ранейшыя зьвесткі — напрыклад, сярэднюю чаканую працягласьць жыцьця пры нараджэньні паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя (WHO). Праўда, падобна, беларускія ўлады і WHO выкарыстоўваюць розныя мэтодыкі прагнозу сярэдняй працягласьці жыцьця.

Так, паводле WHO, сярэдняя працягласьць жыцьця ў Беларусі на 2015 год склала 72,3 года — гэта роўна на 2 гады болей, чым было ў 2010 годзе. Роўна такі ж рост паказала Эстонія (плюс 2,0 года, але аж да 77,6 года), крыху лепшы — Расея (толькі 70,5 года, але рост на 2,1 года), крыху горшы — Латвія (74,6 — плюс 1,8), заўважна горшы — Украіна (71,3 — плюс 1,5), Польшча (77,5 — плюс 1,2) і Літва (73,6 — плюс 1,2).

Сырыя –9, Вэнэсуэла +0,4, Зімбабвэ +8...

Паводле WHO, з 2010 па 2015 год працягласьць жыцьця павялічылася амаль ува ўсіх краінах сьвету — у сярэднім на 1,7 года. Зьменшылася яна толькі ў краінах, дзе ішлі актыўныя баявыя дзеяньні: у Сырыі (мінус 9,2 года — да 64,5), Іраку (мінус 1,7 — да 68,9) і Лібіі (мінус 0,1 — да 72,7).

Параўнальна сьціплы рост працягласьці жыцьця, на ўзроўні сярэдняга ў сьвеце, паказалі краіны з найлепшай у сьвеце мэдыцынай і ўжо высокай працягласьцю жыцьця —

  • Паўднёвая Карэя (плюс 1,6 — да 82,3),
  • Японія (0,7 — да 83,7),
  • Ізраіль (плюс 0,8 — да 82,5),
  • ЗША (плюс 0,6 — да 79,3),
  • Аўстралія (плюс 0,9 — да 82,8) і іншыя.

Наадварот, высокі рост працягласьці жыцьця паказалі шматлікія бедныя краіны з далёка не найлепшай мэдыцынай і невысокай працягласьцю жыцьця:

  • Зымбабвэ (плюс 8,3 — да 60,7),
  • Свазілэнд (плюс 5,3 — да 58,9),
  • Паўднёвая Афрыка (плюс 4,9 — да 62,9),
  • Батсвана (плюс 4,6 — да 65,7),
  • Танзанія (плюс 4,3 — да 61,8) і іншыя.

Значны «правал» у прагназаванай працягласьці жыцьця быў у 2010 годзе ў Гаіці празь землятрус, які літаральна зьнішчыў тамтэйшую сыстэму аховы здароўя. Але сыстэму аднавілі, з прагназаваных у 2010 годзе 36,3 года Гаіці за год вярнулася да «дакрызіснага» паказьніку ў 62,3 года, у 2015-м дасягнула 63,5 года.

Нягледзячы на маштабны фінансавы крызіс, Вэнэсуэла ў 2015 годзе ня страціла ў працягласьці жыцьця адносна 2010 году, але і не павялічыла яе значна (плюс 0,4 — да 74,1). Але ў 2016 годзе эканамічны крызіс у Вэнэсуэле прывёў да харчовага дэфіцыту — верагодна, краіну чакае і спад працягласьці жыцьця.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG