Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч: беларусы здольныя выйсьці ў космас на ўласным касьмічным караблі


Міхаіл Мясьніковіч

Старшыня Савету рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч празь пяць гадоў пасьля запуску ў космас Беларускага касьмічнага апарату (БКА) заявіў БЕЛТА пра пашырэньне касьмічных плянаў Беларусі.

Наступным сурʼёзным крокам, кажа Мясьніковіч, можа быць зьяўленьне ў космасе беларускага касманаўта.

У космасе пакуль пабывалі тры беларуса паводле паходжаньня — ў савецкія часы на арбіту лёталі Пётар Клімук (за тры палёты правёў у космасе 78 дзён) і Ўладзімер Кавалёнак (за тры палёты — 216 дзён), нядаўна вярнуўся на Зямлю грамадзянін Расеі, народжаны ў райцэнтры Чэрвень Менскай вобласьці Алег Навіцкі (за першы палёт — 143 дні, за другі — 197 дзён).

«Першы крок, напрыклад, уваходжаньне беларуса ў склад міжнароднага экіпажу і праца на МКС, — разважае Мясьніковіч пра паэтапнае пашырэньне беларускай прысутнасьці ў космасе. — У будучыні, не выключаю, што мы будзем мець магчымасьць самастойна выйсьці ў космас са сваім касьмічным караблём. І гэта не фантастыка. Калі раней касманаўта рыхтавалі многія гады, то сёньня такая падрыхтоўка адбываецца значна хутчэй, магчымасьці тэхнікі таксама іншыя».

Пра беларускі касьмічны карабель Аляксандар Лукашэнка казаў у час прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ 17 лістапада 2017 году.

Беларусь спрабавала запусьціць свой першы спадарожнік, вядомы як БелКА, у 2006 годзе, але запуск быў няўдалы, бо расейска-ўкраінская ракета-носьбіт «Дняпро» пацярпела аварыю. Страхавая шкода была ацэненая ў 16 мільёнаў даляраў, выплату атрымалі ў поўным абʼёме.

Наступная спроба была пасьпяховая: БелКА-2 альбо БКА — «Беларускі касьмічны апарат» — быў запушчаны ў канцы чэрвеня 2012 году з Байкануру. БКА ўваходзіць у расейскую групоўку спадарожнікаў. Асноўны даход прыносіць продаж фатаздымкаў плянэты, інфармацыя з апарата паступае ў тым ліку ў МНС, Дзяржкаммаёмасьць, Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і Мінлясгас, сілавыя ведамствы, а таксама мэліяратарам.

Другі беларускі спадарожнік «Белінтэрсат-1», ён жа ChinaSat-15, быў запушчаны 15 студзеня 2016 году з касмадрому ў Кітаі. Лётныя выпрабаваньні для Беларусі праводзіла Нігерыя.

Беларусь плянуе ў 2019 годзе супольна з Расеяй запусьціць у космас апарат БКА-2, характарыстыкі і функцыі якога пакуль толькі вызначаюцца. Сьцьвярджаецца, што спадарожнік мае выключна мірнае прызначэньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG