Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атакі на Іран працягваюцца, большасьць у Сэнаце ЗША заблякавала спробу абмежаваць ваенныя паўнамоцтвы Трампа

Амэрыканскі карабель страляе ракетай «Тамагаўк» у апэрацыі супраць Ірану
Амэрыканскі карабель страляе ракетай «Тамагаўк» у апэрацыі супраць Ірану

Амэрыканскія і ізраільскія войскі працягваюць наносіць удары па Іране, у той час як Сэнат ЗША адхіліў прапанову абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта Дональда Трампа на працяг ваенных дзеяньняў супраць гэтай краіны без ухваленьня Кангрэсу.

4 сакавіка Дональд Трамп заявіў, што хоць якія іранскія службоўцы, якія імкнуцца заняць высокія пасады, замяніўшы загінулых лідэраў Ірану, «у рэшце рэшт памруць», і паабяцаў, што Злучаныя Штаты і Ізраіль «працягнуць рух наперад» у сумеснай ваеннай кампаніі супраць Ірану, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

«Мы зараз у вельмі моцнай пазыцыі, і іхнае лідэрства проста імкліва зьнікае. Кожны, хто, як здаецца, хоча быць лідэрам, урэшце памірае», — сказаў Трамп на сустрэчы зь лідэрамі тэхналягічнага сэктару ў Белым доме 4 сакавіка.

'Devastation': Tehran Resident Describes Life Under Ongoing Missile Strikes
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00

«У нас усё добра на фронце, мякка кажучы. Хтосьці спытаў: як бы вы гэта ацанілі па 10-бальнай шкале? Я адказаў — каля 15 балаў», — сказаў Трамп.

Прэзыдэнт паабяцаў не спыняць сумесную паветраную кампанію, у выніку якой загінулі найвышэйшы кіраўнік Ірану Алі Хамэнэі і многія іншыя кіраўнікі сілаў бясьпекі, войска, палітычныя лідэры.

Трамп заявіў, што арсэнал балістычных ракет Тэгерану «хутка зьнішчаецца».

Трамп сказаў, што загадаў атакаваць Іран, каб перадухіліць распрацоўку ядзернай зброі гэтай краінай, але таксама дадаў, што хоча, каб Тэгеран спыніў сваю праграму вырабу балістычных ракет і спыніў гвалт супраць антыўрадавых пратэстоўцаў, тысячы якіх былі забітыя апошнімі тыднямі ў выніку жорсткіх рэпрэсіяў.

Каб суняць асьцярогі наконт удзелу амэрыканскіх вайскоўцаў у ваенных наземных апэрацыях, Белы дом 4 сакавіка заявіў, што разгортваньне наземных войскаў ЗША ў Іране «не ўваходзіць у плян гэтай апэрацыі ў гэты момант».

Тым часам офіс прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу заявіў, што два хаўрусьнікі дасягнулі «гістарычных посьпехаў» у сваёй вайне супраць Ірану.

«Ізраіль і Злучаныя Штаты разам дасягнулі гістарычных посьпехаў у абароне нашых грамадзян і цывілізаванага сьвету», — заявіла прэс-сакратарка Нэтаньягу Шош Бэдрасян у відэазвароце.

Яна таксама заявіла, што атака на Іран была неабходная, бо Тэгеран аднаўляў сваю праграму ядзернай зброі ў «новых падземных бункерах» і што былі прыкметы таго, што ён плянуе «атакаваць Ізраіль і амэрыканскія войскі ў рэгіёне». Бэдрасян не паведаміла дэталяў.

Рэспубліканцы выступілі супраць абмежаваньня ваенных паўнамоцтваў

Пастанова Сэнату ЗША магла б запатрабаваць ухваленьня наступных удараў Кангрэсам, але рэспубліканцы пераважна запярэчылі ёй, сьцьвярджаючы, што прэзыдэнт як галоўны вайскавод мае паўнамоцтвы кіраваць бягучымі апэрацыямі. Дэмакраты прагаласавалі за рашэньне як за тэст на канстытуцыйнасьць, але засталіся ў меншасьці.

Праблемы з рухам пасажыраў і грузаў у рэгіёне

Тым часам у рэгіёне Блізкага Ўсходу спыніліся паветраныя перавозкі, бо Іран працягваў помсьціць, б’ючы ракетамі і бесьпілётнікамі па Ізраілі й іншых краінах рэгіёну, дзе разьмешчаныя амэрыканскія вайсковыя аб’екты. Многія заходнія краіны імкнуліся эвакуаваць тысячы сваіх грамадзян, якія завязьлі на Блізкім Усходзе пасьля пачатку Вашынгтонам і Тэль-Авівам маштабнай паветранай кампаніі 28 лютага.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што першы чартэрны рэйс для эвакуацыі амэрыканскіх грамадзян пакінуў Блізкі Ўсход 5 сакавіка, але не паведаміў дэталяў.

NATO асудзіла Іран, калі супрацьракетныя сыстэмы заходняга альянсу перанялі іранскую балістычную ракету, перш чым яна магла ўвайсьці ў паветраную прастору Турэччыны — краіны NATO.

Зьнішчальнік F-35C Lightning II рыхтуецца да палёту на палубе авіяносца ЗША Abraham Lincoln, 3 сакавіка 2026
Зьнішчальнік F-35C Lightning II рыхтуецца да палёту на палубе авіяносца ЗША Abraham Lincoln, 3 сакавіка 2026

Тым часам Саудаўская Арабія раніцай 5 сакавіка заявіла, што перахапіла тры крылатыя ракеты, якія накіроўваліся ў бок гэтай краіны — даўняй зацятай суперніцы Ірану, якая размясьціла ў сябе амэрыканскія вайсковыя базы.

«Тры крылатыя ракеты былі перанятыя і зьнішчаныя каля гораду Аль-Хардж», — паведаміла міністэрства абароны Саудаўскай Арабіі ў сетцы X. Паведамленьняў пра ахвяры ці разбурэньні не паступала.

Амэрыканская субмарына патапіла іранскі вайсковы карабель

Раней кіраўнік абароны ЗША Піт Гэґсэт пацьвердзіў, што амэрыканская падводная лодка патапіла іранскі вайсковы карабель каля ўзьбярэжжа Шры-Ланкі.

Гэґсэт назваў удар, у выніку якога загінулі як мінімум 87 маракоў, а дзясяткі іншых параненыя або зьніклі бязь вестак, «ціхай сьмерцю».

Улады Шры-Ланкі заявілі, што 32 іранскія маракі былі выратаваныя.

Макрон папярэджвае Ізраіль

Тым часам Ізраіль узмацніў свае атакі на апорныя пункты саюзных з Іранам сілаў «Хэзбалы» ў Лібане пасьля запускаў гэтай групоўкай ракет па поўначы Ізраілю.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон 4 сакавіка заявіў, што заклікаў Нэтаньягу ўстрымацца ад пачатку наземнага наступу ў Лібане.

«Я паўтарыў, што „Хэзбала“ павінна неадкладна спыніць свае атакі на Ізраіль і за яго межамі. Гэтая эскаляцыйная стратэгія — сур’ёзная памылка, якая ставіць пад пагрозу ўвесь рэгіён, — напісаў Макрон у сетцы X. —Я таксама заклікаў прэмʼер-міністра Ізраілю захаваць цэласнасьць лібанскай тэрыторыі і ўстрымацца ад пачатку наземнага наступу. Для бакоў вельмі важна вярнуцца да пагадненьня аб спыненьні агню», — дадаў Макрон.

Паведамленьні сьведчаць, што ізраільскія наземныя войскі ўжо перасеклі мяжу зь Лібанам, хоць дэталі застаюцца няяснымі.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

XS
SM
MD
LG