Асноўнае пытаньне міжнароднага парадку дня — падзеі вакол Ірану. Атака Ізраілю і ЗША супраць іранскага рэжыму, іранскія ўдары па шэрагу дзяржаваў Блізкага Ўсходу вымушаюць іншых палітычных суб’ектаў выказваць сваю ацэнку.
Палітычная эквілібрыстыка
Спробы ўладаў Беларусі намацаць нейкую лінію выглядаюць вельмі супярэчліва. Варта зьвярнуць увагу на некалькі момантаў.
Найперш, кіраўніцтва Беларусі не сьпяшалася з ацэнкамі, вяло сябе даволі асьцярожна, чакала. Аляксандр Лукашэнка дасюль не выказаўся ўжывую на гэтую тэму. Такая асьцярожнасьць абумоўленая тым, што даводзіцца манэўраваць паміж рознымі суб’ектамі. З аднаго боку, трэба калі не сынхранізаваць сваю рэакцыю з Расеяй, то ня моцна разыходзіцца з пазыцыяй Масквы. У той жа час афіцыйнаму Менску не хацелася б сапсаваць адносіны з ЗША. З адміністрацыяй Дональда Трампа адбываецца перамоўны працэс, на які ўскладаюцца вялікія надзеі па выхадзе з ізаляцыі на заходнім кірунку.
«Сябры» Лукашэнкі ў краінах Блізкага Ўсходу могуць не зразумець ягоную вельмі зацятую падтрымку Ірану
Адначасова рэжыму Аляксандра Лукашэнкі неабходна падтрымаць Іран. Ня толькі таму, што зь ім здаўна разьвіваліся сяброўскія сувязі. Праявіць салідарнасьць з Іранам, — значыць выступіць у абарону дыктатарскіх рэжымаў. А гэта абавязковы рытуал для Лукашэнкі. Да таго ж падтрымка Ірану — гэта апэляцыя да ўнутранай аўдыторыі, сродак распальваньня варажнечы супраць Захаду, заходніх (дэмакратычных) каштоўнасьцяў.
Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт, важны для Менску. Вашынгтон патрабуе ад Тэгерану дэмантажу праграмы распрацоўкі ядзернай зброі і ракет. А Беларусь якраз цяпер разьмяшчае (ці плянуе разьмясьціць) на сваёй тэрыторыі расейскую ядзерную зброю і ракетныя комплексы «Арэшнік».
Зь іншага боку, варта ўлічваць і такі нюанс. Іран нанёс удары ракетамі, дронамі па тэрыторыі шэрагу краін Блізкага Ўсходу. Сярод іх ёсьць рэжымы, зь якімі Лукашэнка ўсталяваў цёплыя, амаль сямейныя адносіны. Гэта Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, куды беларускі ўладар кожны год езьдзіць адпачываць з сям’ёй. І гэтыя новыя «сябры» могуць не зразумець вельмі зацятую падтрымку Ірану.
Таму беларускае кіраўніцтва і спрабуе дэманстраваць палітычную эквілібрыстыку, манэўруе паміж гэтымі рознымі суб’ектамі, інтарэсы якіх моцна не супадаюць.
Эвалюцыя пазыцыі Менску
Можна заўважыць, што рэакцыя афіцыйнага Менску мякка эвалюцыянуе ў праіранскім кірунку.
МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной заяве прагучала абстрактная заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірана. У другой ёсьць асуджэньне атакі на Іран, але агрэсары не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
1 лютага старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка накіроўвае спачуваньні сьпікеру іранскага парлямэнту з нагоды гібелі іранскіх грамадзян. Пра сьмерць аяталы Алі Хамэнэі ня згадваецца. Чаму раптам спачуваньні выказвае кіраўнік ніжняй палаты беларускага парлямэнту, не зусім зразумела. Можна меркаваць, што гэтай мяккай рэакцыяй Менск зьбіраўся і абмежавацца.
У звароце Лукашэнкі даецца вельмі высокая ацэнка нябожчыку Хамэнэі, але вінаватыя ў гібелі аяталы не называюцца
Але, праўдападобна, назаўтра перадумалі. У другой палове дня 2 лютага першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч сустрэўся з паслом Ірану ў Беларусі Алірэзам Санэі і перадаў спачуваньні Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з гібельлю вярхоўнага лідэра Алі Хамэнэі. Улады і падкантрольныя ім мэдыя цалкам апублікавалі тэкст спачуваньня. Там даецца вельмі высокая ацэнка нябожчыку, але вінаватыя ў гібелі аяталы зноў не называюцца.
Нарэшце яшчэ адна важная асаблівасьць рэакцыі Беларусі на падзеі ў Іране, якая раней у такім яўным выглядзе не праяўлялася. Маем вялізны кантраст паміж даволі памяркоўнай пазыцыяй афіцыйных уладаў і вельмі агрэсіўнай прапагандай. Беларускія прапагандысты ўчыняюць антыамэрыканскі вэрхал, ашалела шальмуюць дзеяньні ЗША, заклікаюць пасадзіць Дональда Трампа ў вязьніцу, спыніць перамовы з амэрыканцамі.
Гэта тлумачыцца апэляцыяй да розных аўдыторый. Улады арыентуюцца на вонкавых суб’ектаў, спрабуюць гуляць у тонкую дыпляматыю. А прапагандысты зьвяртаюцца да ўнутранай аўдыторыі, часткова да расейскай. Але такі падзел працы выяўляецца ўяўным, бо наўрад ці каго ён увядзе ў зман. Хто паверыць у спасылкі на свабоду слова ў Беларусі? Усе разумеюць, што тут засталіся толькі дзяржаўныя мэдыя і прапаганда, якія працуюць выключна ў рамках, вызначаных уладамі.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
Форум