Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: ЦРУ месяцамі сачыла за Хамэнэі, для ўдару выкарысталі штучны інтэлект

Разбурэньні ў рэзыдэнцыі аяталы Алі Хамэнэі, 28 лютага 2026 году
Разбурэньні ў рэзыдэнцыі аяталы Алі Хамэнэі, 28 лютага 2026 году

Цэнтральнае выведнае ўпраўленьне ЗША некалькіх месяцаў вяло назіраньне за вярхоўным лідэрам Ірана аяталой Алі Хамэнэі і ведала, што раніцай 28 лютага ў ягонай рэзыдэнцыі пройдзе сустрэча высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў зь ягоным удзелам.

Пра гэта паведаміла The New York Times з спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй. Паводле іх, Злучаныя Штаты і Ізраіль у выніку скарэктавалі час атакі, бо першапачаткова ўдар плянавалі нанесьці ўначы.

Суразмоўцы, знаёмыя з інфармацыяй выведкі, сьцьвярджаюць, што ЦРУ перадало Ізраілю інфармацыю «высокай ступені дакладнасьці» пра месцазнаходжаньне Хамэнэі. І Ізраіль нанёс удар. Акрамя аяталы, загінуў начальніка Генштабу і міністар абароны.

The Wall Street Journal піша, што напярэдадні кампаніі вышэйшае вайсковае кіраўніцтва Ізраілю, уключна з камандзірам вайскова-паветраных сілаў, кіраўніком вайсковай выведкі і дырэктарам зьнешняй выведкі «Масад», рэгулярна прыяжджала ў Вашынгтон для плянаваньня.

У сьнежні прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у Мар-а-Ляга ў Флёрыдзе, дзе бакі пагадзіліся, што апэрацыя будзе апраўданая, калі Іран працягне працу над ядзернай праграмай. У лютым Трамп і Нэтаньяху зноў сустрэліся ў Белым доме. Ізраільская выведка, у сваю чаргу, зьбірала інфармацыю пра цэлі ў Іране і перадавала яе ЗША.

У іншай публікацыі WSJ паведамляе, што пры нанясеньні маштабнага авіяўдару па Іране ЗША выкарыстоўвалі інструмэнты штучнага інтэлекту, распрацаваныя кампаніяй Anthropic. Паводле крыніцаў выданьня, камандаваньні па ўсім сьвеце, уключаючы Цэнтральнае камандаваньне ЗША на Блізкім Усходзе, выкарыстоўвалі Claude AI.

Claude быў задзейнічаны і ў апэрацыі захопу прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

Пры гэтым раней Трамп забараніў усім урадавым ведамствам выкарыстоўваць тэхналёгіі Anthropic, заявіўшы, што гэтая «радыкальна левая кампанія» дыктавала Пэнтагону ўмовы і спрабавала «ціснуць» на вайскоўцаў.

Канфлікт абвастрыўся праз рознагалосьсі па прымяненьні ШІ ў ваенных мэтах. Anthropic настойвае на жорсткіх этычных абмежаваньнях, у тым ліку на адмове ад масавага сачэньня і аўтаномнай лятальнай зброі, тым часам як Пэнтагон патрабуе права выкарыстоўваць якія-хаця інструмэнты. Намесьнік міністра абароны Эміль Майкл абвінаваціў кіраўніцтва Anthropic у імкненьні кантраляваць армію і паставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку.

Раней Трамп заяўляў, што мэта апэрацыі ў Іране — «зьнішчыць пагрозу з боку жорсткага іранскага рэжыму». Паводле Трампа, апэрацыя скіраваная супраць ядзернай і ракетнай праграмы Ірана і мае на мэце не дапусьціць атрыманьня Тэгеранам ядзернай зброі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG