Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Якія наступствы для Беларусі будзе мець новая вайна на Блізкім Усходзе, — меркаваньне Арцёма Шрайбмана

Арцём Шрайбман, Алі Хамэнэі, Аляксандар Лукашэнка, Юры Дракахруст, каляж
Арцём Шрайбман, Алі Хамэнэі, Аляксандар Лукашэнка, Юры Дракахруст, каляж

Якімі будуць наступствы новай вайны на Блізкім Усходзе? Чаму рэакцыя афіцыйнага Менску на новую вайну істотна адрозьнівалася ад рэакцыі Масквы і Пэкіну? Чым скасаваньне санкцыяў ЭЗ 10 гадоў таму адрозьніваецца ад цяперашняга скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў?

На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Якія наступствы будзе мець для Беларусі новая вайна на Блізкім Усходзе — вайна ЗША і Ізраіля з Іранам? Якія наступствы розных варыянтах хады вайны — ад хуткацечнага са зьменай рэжыму да зацяжной вайны з баявымі дзеяньнямі на зямлі?

— Ёсьць яшчэ і трэці варыянт — паўтарэньне леташняй вайны. Можа быць у іншым маштабе разбурэньняў, але з падобнымі палітычнымі наступствамі, дакладней зь іх адсутнасьцю. Калі адбамбіліся, зьнішчылі нейкія аб’екты, заявілі, што зьнішчылі нашмат больш, чым зьнішчылі насамрэч. І ўсё, на гэтым скончылі, а рэжым застаўся, хаця і з новым урадам.

— Так бы мовіць, мы іх правучылі і пайшлі?

— Так, паказалі кошт дрэнных паводзінаў. Я ня буду строіць зь сябе экспэрта па Іране, тым больш, што нават тыя зь іх, каго я пасьпеў паслухаць, абсалютна не разумеюць, якімі будуць наступствы. На маю думку, ва ўрадаў ЗША і Ізраіля няма дакладнага пляну. У які момант яны будуць лічыць мэты апэрацыі дасягнутымі? Досьведу пасьпяховага зрынаньня рэжымаў толькі бамбардзіроўкамі вельмі мала ў сусьветнай гісторыі. Таму мы пакуль нават ня ведаем наступстваў для рэгіёну ў розных гэтых сцэнарах. Для Беларусі яны яшчэ больш апасродкаваныя. І калі ўсё будзе ў тым самым маштабе, як у леташняй вайне, то можа ніякіх доўгатэрміновых наступстваў для Беларусі і не аказацца.

Пры гэтым асабіста Трамп паказвае, што гэтаму чалавеку ў міжнародных перамовах ніколі нельга канчаткова верыць. І гэта ня проста нейкі недахоп, які ён спрабуе хаваць, наадварот, ён гэтым бравіруе. Ён можа паралельна весьці перамовы зь нейкай сталіцай, і ў гэтыя ж дні плянаваць апэрацыю па зьнішчэньні або арышце свайго суразмоўцы.

Гэта задае рамку ўспрыманьня Трампа і іншымі яго суразмоўцамі, у тым ліку Пуціным і Лукашэнкам. І гэта можа астудзіць энтузіязм Лукашэнкі ў зьдзелках з Трампам. Як бы ідэалістычна гэта ні гучала адносна такіх людзей, але гэта падрывае давер. Гэта азначае, што дасягненьне вялікай зьдзелкі, пра якую Лукашэнка марыў ці хацеў яе дасягнуць, робіцца яшчэ менш імаверным. І гэта, мне здаецца, агульны ўрок, незалежна ад канкрэтных вынікаў гэтай вайны.

Калі казаць пра іншыя, апасродкаваныя наступствы, то гэтая вайна, якая дэстабілізуе рэгіён, ужо падняла каціроўкі на нафту. Невядома, наколькі доўгатэрміновым будзе гэты рост цэнаў на нафту і як вайна паўплывае на кірункі нафтавых плыняў. А ад гэтага залежыць здароўе расейскай эканомікі і, значыць, беларускай эканомікі.

Ёсьць яшчэ адно апасродкаванае наступства — калі вайна зацягнецца, то гэтая вайна будзе высмоктваць з амэрыканцаў, а, магчыма, і зь іншых заходніх краінаў, рэсурсы. Якія ў іншай сытуацыі маглі б пайсьці на падтрымку Ўкраіны. І гэтая патэнцыйная пагроза для Ўкраіны, якая можа прымусіць Кіеў да больш гнуткай пазыцыі на мірных перамовах. Вось такія могуць быць наступствы, якія закранаюць Беларусь.

А тое, што падзеньне іранскага рэжыму — гэта мінус яшчэ адзін саюзьнік Лукашэнкі, мне не здаецца істотным. Я не разглядаю гэта як самае значнае наступства для рэжыму ў Менску. Абʼектыўна кажучы, гэта было даволі сымбалічнае саюзьніцтва. Яно ніколі не вымяралася мільярдамі долараў. Да таго ж супрацоўніцтва, дарэчы, не абавязкова павіннае перапыніцца ў сувязі з абезгалоўліваньнем іранскага рэжыму. Магчыма, Лукашэнка паспрабуе яшчэ ўпісацца ў рэканструкцыю Ірану. У сацсетках многія пішуць, што Лукашэнку баліць душа ад таго, што разбураюцца саюзныя яму рэжымы. Калі яна ў яго і баліць, то ад усё большага неразуменьня, як узаемадзейнічаць з гэтай амэрыканскай адміністрацыяй, чаго ад яе чакаць і якому яе слову можна давяраць.

— А вось якраз наконт словаў. За дзень да пачатку вайны прэзыдэнт ЗША адказаў на пытаньні журналіста аб стасунках зь Беларусьсю. «У нас цудоўныя, выдатныя адносіны, я вельмі паважаю іх лідэра, мне вельмі падабаецца іх лідэр» — прагучала ў адказ. У чым прычыны гэтых хваласьпеваў менавіта зараз?

—Я б не перабольшваў запланаванасць гэтай рэмаркі. Калі б літоўскі журналіст гэтае пытаньне не задаў, магчыма, гэтай рэмаркі і не было б. Трамп, як мне падаецца, проста сказаў тое, што ён памятаў са сваіх допісаў пра Лукашэнку ў сацсетцы. Я ня ўпэўнены, што ён напярэдадні вайны з Іранам, і маючы кучу ўнутраных праблем, штодзень трымае руку на пульсе, што там у яго ў адносінах з Беларусьсю. Я лічу, што і тое, што Лукашэнка не паехаў на саміт Рады міру, і што туды не пусьцілі Максіма Рыжанкова, і незадаволенасьць Расеі кантактамі Лукашэнкі з ЗША — усё гэта проста не дайшло да ўзроўню Трампа. Апошнія камэнтары Трампа пра Беларусь і Лукашэнку — проста паўтарэньне таго, што гаварылася і ў мінулым годзе. З Лукашэнкам размаўляюць, дыпляматыя працуе, ён мудры лідэр, працуем далей. Я тут не бачу нейкага стратэгічнага пасланьня напярэдадні вайны.

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG