У панядзелак цэны на нафту і газ рэзка вырасьлі, а акцыі ўпалі ў Азіі пасьля таго, як амэрыкана-ізраільскія ўдары па Іране прымусілі інвэстараў уцякаць ад пэрспэктывы працяглага канфлікту на багатым сырою нафтаю Блізкім Усходзе, піша AFP.
Кошт нафты Brent ненадоўга вырас амаль на 14%, а нафты West Texas Intermediate — амаль на 12% у пачатку таргоў пасьля нападу на Іран, у выніку якога загінулі найвышэйшы кіраўнік аятала Алі Хамэнэі й іншыя высокія службоўцы.
У выніку выбухаў жыцьцёва важная Армуская пратока, празь якую праходзіць каля 20% усясьветнай нафты, што транспартуецца морам, была фактычна закрытая, некалькі караблёў былі атакаваныя, што выклікала асьцярогі наконт наступных паставак.
Біржавыя цэны на фондавых рынках усёй Азіі апусьціліся, прычым біржы ў Токіё, Ганконгу, Сынгапуры, Мумбаі, Бангкоку, Вэлінгтане і Тайбэі ўсе знаходзяцца ў глыбокім мінусе. Ф’ючэрсы (стандартны кантракт на пэўны тэрмін, калі адзін бок абавязуецца прадаць базісны актыў, а другі — яго аплаціць) на амэрыканскіх біржах упалі больш як на 1%. Затое шанхайскія ф’ючэрсы крыху вырасьлі, а сыднэйскія засталіся бязь зьменаў. Паніжэньні зафіксаваныя і па адкрыцьці таргоў у Лёндане, Парыжы й Франкфурце, прычым на дзвьюх апошніх біржах спад большы, чым у ЗША.
Акцыі авіякампаніяў упалі, бо яны мусілі масава скасоўваць рэйсы ў рэгіён. Напрыклад, акцыі Qantas на Сыднэйскай біржы зьнізіліся на 5,4%, а Singapore Airlines — на 4,8%. Акцыі японскіх ANA і JAL упалі больш як на 5%.
Пры гэтым вырасьлі каштоўныя паперы энэргетычных кампаніяў: аўстралійскія Woodside Energy і Santos падскочылі больш чым на 6%, прыкладна на столькі ж вырас японскі індэкс Inpex.
Золата вырасла на 2%, даляр таксама вырас пасьля захадаў для яго забесьпячэньня.
Часткова зьменшыўся прырост цэн на сырую нафту, ён вышэйшы за 9%, у той час як эўрапейскія цэны на бэнзін рэзка ўзьляцелі — больш як на 20%.
Кошт нафты Brent ужо вырас на мінулым тыдні праз рост занепакоенасьці магчымым загадам Дональда Трампа атакаваць Іран.
Трамп заклікаў іранцаў паўстаць супраць свайго ўраду і заявіў, што ваенная апэрацыя супраць іранскага рэжыму можа працягвацца «чатыры тыдні».
Уплывовы кіраўнік Найвышэйшай нацыянальнай рады бясьпекі Ірану заявіў 2 сакавіка, што краіна «ня будзе весьці перамоваў са Злучанымі Штатамі», і зьняпраўдзіў паведамленьні СМІ пра тое, што службоўцы спрабавалі пачаць перамовы з адміністрацыяй Трампа.
Хоць Іран афіцыйна не закрыў Армускай пратокі, Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі папярэдзіў аб недапушчэньні праходу гэтым водным шляхам. 1 сакавіка пацярпелі як мінімум два караблі: адзін ля ўзьбярэжжа Аману, а другі ля берагоў ААЭ, паведамляла брытанскае агенцтва морскай бясьпекі UKMTO. Іранская дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што нафтавы танкер быў падбіты і тоне пасьля спробы «незаконна» прайсьці пратокай.
У такой сытуацыі выдаткі на страхаваньне робяцца занадта высокімі, заявіла Амэна Бакр, кіраўніца дасьледаваньняў Блізкага Ўсходу і краін OPEC+ у аналітычнай кампаніі Kpler, прагназуючы, што цана нафты можа дасягнуць 90 даляраў. Яе словы перадае AFP.
Асноўныя карабельныя кампаніі ўжо пацьвердзілі, што прыпыняюць праход сваіх вадаплаваў Армускай пратокай.
Тэарэтычна, краіны-імпартэры нафты маюць рэзэрвы, а дзяржавы — сябры Арганізацыі эканамічнай супрацы і разьвіцьця (АЭСР) абавязаныя мець запасы на 90 дзён, але нельга выключаць зьяўленьня цэнаў, вышэйшых за 100 даляраў.
Іншы аналітык Kpler, Мішэль Бругар, назвала высокія цэны на нафту «ахілесавай пятой Трампа». Яна сказала, што Іран, падобна, будзе імкнуцца падтрымліваць высокія цэны на сырую нафту, каб прымусіць Трампа адступіць, бо ён абяцаў сваім выбарнікам нізкія цэны.
1 сакавіка цэны на газ таксама рэзка ўзьляцелі, чым нанесьлі чарговы ўдар па эканоміцы сьвету, бо Катар — ключавы экспартэр звадкаванага прыроднага газу, што павялічвае інфляцыйныя рызыкі.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
Форум