Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы: падзеі ў Іране — сыгнал для рэжымаў у Беларусі і Расеі

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што дзеяньні ўладаў Ірану даўно стваралі пагрозу міжнароднай бясьпецы і дэстабілізавалі сытуацыю ў рэгіёне.

Як адзначаецца ў паведамленьні МЗС Літвы, Кястуціс Будрыс падчас пазачарговага пасяджэньня Рады ў замежных справах Эўразьвязу заявіў, што бясьпека эўрапейскіх грамадзян у краінах, якія церпяць ад канфлікту на Блізкім Усходзе, цяпер павінны стаць прыярытэтам.

«Неабходныя скаардынаваныя дзеяньні на ўзроўні ЭЗ, каб знайсьці спосабы іх вяртаньня і наданьня консульскай дапамогі», — заявіў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

Паводле слоў яго, ядзерныя амбіцыі Ірану, яго дэструктыўныя паводзіны, адкрыта антысэміцкая палітыка, працяглая падтрымка агрэсіі Расеі супраць Украіны і рэпрэсіі супраць яе грамадзян даўно ўяўляюць пагрозу міжнароднай бясьпецы і дэстабілізуюць увесь рэгіён.

Падзеі ў Іране пасылаюць Пуціну, Лукашэнку і іншым дыктатарам выразны сыгнал, што яны ня вечныя, і што гвалт, рэпрэсіі і тэрор будуць адпомшчаныя, мяркуе Кястуціс Будрыс.

«Я хацеў бы, каб усе гэтыя праблемы былі вырашаны з дапамогай звычайных інструмэнтаў міжнароднай дыпляматыі. Аднак мы бачылі, як Іран упарта пазьбягаў сур’ёзнага дыялёгу або толькі імітаваў яго. Іранскі рэжым неаднойчы папярэджвалі аб магчымых наступствах», — дадаў кіраўнік МЗС Літвы.

Кястуціс Будрыс заклікаў Іран неадкладна спыніць напады на амэрыканскія вайсковыя базы на Блізкім Усходзе, у Ізраілі і іншых краінах рэгіёну.

«Мы асуджаем напады Ірану на Бахрэйн, Ярданію, Кувэйт, Катар, Саудаўскую Аравію, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і Аман. Гэта сурʼёзнае парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці нашых партнэраў. Мы выказваем спачуваньні родным ахвяр і адначасова нашу цьвёрдую салідарнасьць з краінамі Пэрсыдзкай затокі і ўсімі пацярпелымі краінамі», — заявіў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

Паводле яго, рэгіянальная стабільнасьць цесна зьвязана з глябальнай бясьпекай, і заклікаў усе бакі да стрыманасьці і дээскаляцыі сытуацыі, а міжнародную супольнасьць зрабіць усё, каб пазьбегнуць маштабнага канфлікту.

Міністар таксама дадаў, што Эўропа павінна выкарыстаць гэтую сытуацыю для ўзмацненьня палітычнага ціску на рэжым Пуціна.

Ваенная апэрацыя Ізраілю і ЗША супраць Ірана пачалася 28 лютага. У адказ Іран пачаў абстрэльваць ня толькі Ізраіль, але і іншыя краіны рэгіёну. Тэгеран заявіў, што лічыць законнымі вайсковымі цэлямі ізраільскія аб’екты і амэрыканскія вайсковыя базы.


Баявыя дзеяньні на Блізкім Усходзе, забойства аяталы, іранскія атакі

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG