2 сакавіка на сустрэчы з губэрнатарам Мурманскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз абгрунтаваў неабходнасьць больш цеснай супрацы з Расеяй і яе рэгіёнамі «падзеямі ў сьвеце».
«Давайце рухацца наперад, але галоўнае — бачыць свой інтарэс. Вы бачыце, як разьвіваюцца падзеі ў сьвеце. Трэба абараняць сваю зямлю, сваіх людзей і бачыць найперш свой інтарэс», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
28 лютага, калі стала вядома аб ракетнай атацы Ірану з боку ЗША і Ізраілю Лукашэнка наведваў малочна-таварны комплекс ААТ «Нястанавічі-Агра», а перад тым павіншаваў кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына з пераабраньнем на пасаду дзяржаўнага сакратара Працоўнай партыі Карэі.
Яго расейскі калега Ўладзімір Пуцін 1 сакавіка выказаў спачуваньні прэзыдэнту Ірану Масуду Пэзэшкіяну ў сувязі зь гібельлю Алі Хамэнэі.
З заявай аб падзеях вакол Ірану выступілі Міністэрства замежных спраў Беларусі і праўладная партыя «Белая Русь».
Апроч таго, Міністэрства замежных спраў Беларусі рэкамэндавала грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў зоне канфлікту, няўхільна выконваць патрабаваньні мясцовых уладаў для асабістай бясьпекі, пазьбягаць месцаў масавага збору людзей, не праводзіць здымку ўдараў і іх наступстваў.
МЗС Беларусі таксама рэкамэндавала ўтрымацца ад паездак у краіны, якія закрануў канфлікт, а калі яны ўжо заплянавалі — удакладняць апэратыўную інфармацыю ў сувязі з закрыцьцём паветранай прасторы.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
Форум