Сьмерць найвышэйшага кіраўніка Ірану аяталы Алі Хамэнэі выклікала ўдарныя хвалі па ўсім Блізкім Усходзе. Цяпер пытаньне аб тым, хто яго заменіць, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Руіны тэгеранскага будынку, дзе былі забітыя Хамэнэі і іншыя высокапастаўленыя іранскія службоўцы, яшчэ тлелі першага сакавіка, празь дзень пасьля таго, як ізраільскі авіяўдар зьнішчыў гэты будынак.
З часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 году найвышэйшы кіраўнік Ірану адыгрываў асаблівую ролю ў краіне, выконваючы таксама абавязкі галавы дзяржавы. Вакуум на вяршыні рызыкуе дэстабілізаваць увесь рэжым.
Кіраўніцтва Ірану зараз спрабуе забясьпечыць функцыянальнасьць структураў улады, якія правяць краінай, і гэты працэс уключае ў сябе хуткі пошук пераемніка Хамэнэі.
Чалавек, які стане трэцім у гісторыі найвышэйшым кіраўніком дзяржавы, узначаліць уладу ў той час, калі амэрыканскія афіцыйныя асобы адкрыта заклікалі да зрынаньня тэакратычнага ўраду, які правіць краінай з 1979 году.
Як гэта працуе?
Афіцыйна органам, адказным за выбар і намінальна нагляд за пасадай найвышэйшага кіраўніка, ёсьць Асамблея экспэртаў, у якую абіраюць 88 чальцоў, усе яны мужчыны, пераважна тэолягі — прыхільнікі жорсткага курсу.
Выразных падабенстваў такой сыстэме ў сьвеце няма, хоць як аналягічную установу можна разглядаць Калегію кардыналаў Рымска-каталіцкай царквы: абедзьве — элітарныя клерыкальныя органы, якія ўдзельнічаюць у выбары найвышэйшага кіраўніка (але ёсьць глыбокія адрозьненьні ў праўнай базе, адборы чальцоў, адносінах да дзяржавы і рэлігійным кантэксьце).
Склад і функцыянаваньне Асамблеі трапілі пад пільную ўвагу ў 2014 годзе, калі Хамэнэі перанёс апэрацыю на прастаце.
Пасьля працэдуры Хамэнэі перасьледавалі чуткі аб праблемах са здароўем, і былы прэзыдэнт Алі Рафсанджані публічна падняў пытаньне аб тым, хто можа быць наступным.
Рафсанджані, якога лічылі супернікам Хамэнэі, пазьней быў маргіналізаваны прыхільнікамі жорсткай лініі, якім не спадабалася яго падтрымка дэманстрацыям так званай «Зялёнай рэвалюцыі», якія выбухнулі ў 2009 годзе.
Рафсанджані быў зьняты з пасады старшыні Асамблеі і памёр у студзені 2017 году.
Тыя спрэчкі выявілі непразрыстасьць палітыкі і палітычныя махінацыі, уласьцівыя ўладным органам Ірану.
Як вынікае з інфармацыяў, трохасабовы камітэт у складзе Асамблеі гадамі вёў сьпіс магчымых пераемнікаў, якога, як паведамляюць, нават ня бачылі яе іншыя чальцы.
Памерлы прэзыдэнт Ібрагім Раісі лічыўся пратэжэ Хамэнэі, які, як многія былі перакананыя, рыхтаваў Раісі на ролю свайго пераемніка. Аднак Раісі нечакана загінуў у траўні 2024 году, калі разьбіўся верталёт, у якім ён быў.
Гэта спыніла запушчаны мэханізм пераемніцтва пасады ад Хамэнэі.
Ці Асамблея экспэртаў выбірае таго, хто прыйдзе пасьля Хамэнэі?
Афіцыйна — так. Але насамрэч усё больш складана.
Гэта часткова зьвязана з экзыстэнцыйным стрэсам, зь якім сутыкаюцца ўлады Ірану ў выніку нападаў Ізраілю і Злучаных Штатаў.
Згодна з канстытуцыяй Ірану, калі пасада найвышэйшага кіраўніка вызваляецца, часовая рада кіраўніцтва — нешта накшталт ваеннай рады — бярэ на сябе прыняцьце рашэньняў, пакуль ня будзе прызначаны новы найвышэйшы кіраўнік.
Прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян, які ня ёсьць сьвятаром, уваходзіць у гэтую часовую раду кіраўніцтва, як і кіраўнік судовай сыстэмы Ірану Гулям-Хусэйн Мухсані Эджаі.
1 сакавіка іншы, асобны орган, вядомы як Рада мэтазгоднасьці, абвясьціў, што Алірэза Арафі стане трэцім чальцом часовай рады кіраўніцтва.
Арафі, сьвятар, вядомы сваёй блізкасьцю да Хамэнэі, служыць адным з двух намесьнікаў старшыні Асамблеі экспэртаў.
У 2020 годзе Хамэнэі прызначыў Арафі галавой усіх сэмінарыяў краіны — прызначэньне сьведчыла, што ён адпавядае рэлігійным крытэрам і можа стаць наступным найвышэйшым кіраўніком.
Арафі таксама ўваходзіць у склад іншага органу прыняцьця рашэньняў — Рады вартавых з 12 чальцоў, які вызначае, ці законы адпавядаюць канстытуцыі Ісламскай рэспублікі, а таксама правярае кандыдатаў на выбарах.
Дык ці Арафі стане пераемнікам Хамэнэі?
Неканечне.
У 2018 годзе Хамэнэі прызначыў свайго кансэрватыўнага хаўрусьніка Садыка Лярыджані ў Раду мэтазгоднасьці (якую часам называюць у перакладах Радай ацэнкі мэтазгоднасьці).
Адначасова Лярыджані, сьвятар і адзін з трох братоў з рознымі публічнымі вобразамі, атрымаў месца ў Радзе вартавых.
У цэлым гэтыя дзеяньні разглядаліся як спроба Хамэнэі маргіналізаваць памяркоўных і ўмацаваць пазыцыі больш кансэрватыўных службоўцаў. І схіліць шалі на карысьць Ларыджані.
Акрамя таго, ёсьць Муджтаба Хамэнэі, адзін з шасьцёх дзяцей нябожчыка. Падчас пратэстаў 2009 году хадзілі чуткі, што малодшы Хамэнэі быў моцным прэтэндэнтам на пераемнасьць ад свайго бацькі. Лічылася, што сын Хамэнэі меў значны ўплыў за кулісамі і шчыльныя сувязі з магутным Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які дамінуе ў вайсковых, палітычных і эканамічных справах.
Але пасьля сьмерці Раісі, калі пытаньне аб пераемнасьці ад Хамэнэі абмяркоўвалася публічна, адзін зь вядомых чальцоў Асамблеі экспэртаў заявіў, што Хамэнэі выступае супраць спадчыннага кіраваньня. Гэта, здавалася, выключала шанцы малодшага Хамэнэі.
Яшчэ адно невядомае — пазыцыя КВІР, які захоча абараніць свае шырокія інтарэсы. КВІР быў верным прыхільнікам Хамэнэі.
Аднак, акрамя Хамэнэі, ізраільскія і амэрыканскія авіяўдары, відаць, забілі многіх — магчыма, дзясяткі высокапастаўленых вайскоўцаў, у тым ліку вайскаводаў КВІР.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.