Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ ня можа атрымаць інфармацыю аб стане ядзерных аб’ектаў у Іране пасьля ўдараў Ізраілю і ЗША

Рафаэль Гросі. Архіўнае фота
Рафаэль Гросі. Архіўнае фота

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IAEA) Рафаэль Гросі заявіў, што адмысловая каманда гэтай арганізацыі зьбірае інфармацыю і ацэньвае сытуацыю на ядзерных аб’ектах у Іране пасьля нанясеньня Ізраілем і ЗША ўдараў па краіне.

«Пакуль што ў краінах, якія мяжуюць з Іранам, росту ўзроўню радыяцыі, вышэйшага за звычайныя фонавыя ўзроўні, ня выявілі. Што тычыцца стану ядзерных установак у Іране, то дагэтуль ня маем ніякіх прыкметаў таго, што якія-небудзь зь ядзерных установак, у тым ліку Бушэрская АЭС, Тэгеранскі дасьледчы рэактар або іншыя ўстаноўкі ядзернага паліўнага цыклю былі пашкоджаныя або закранутыя ўдарамі», — заявіў Рафаэль Гросі.

Паводле яго, МАГАТЭ пакуль марна спрабуе зьвязацца з іранскімі рэгуляцыйнымі органамі ядзернай энэргетыкі. «Мы спадзяемся, што гэты патрэбны канал сувязі будзе адноўлены як мага хутчэй», — дадаў генэральны дырэктар МАГАТЭ.

Іран і многія іншыя краіны рэгіёну, якія пацярпелі ў выніку ўдару, маюць дзейныя атамныя электрастанцыі і ядзерныя дасьледчыя рэактары, а таксама зьвязаныя зь імі месцы захоўваньня паліва, што павялічвае пагрозу ядзернай бясьпецы. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ёсьць чатыры дзейныя ядзерныя рэактары, у Ярданіі і Сірыі — дзейныя ядзерныя дасьледчыя рэактары. Бахрэйн, Ірак, Кувэйт, Аман, Катар і Саудаўская Аравія таксама пацярпелі ад нападу.

«Усе гэтыя краіны выкарыстоўваюць ядзерныя тэхналёгіі ў тым ці іншым выглядзе. Таму мы заклікаем да максымальнай стрыманасьці ўва ўсіх ваенных апэрацыях», — заявіў Рафаэль Гросі.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ нагадаў, што згодна з ранейшымі рэзалюцыямі кіроўнага органу арганізацыі ўзброеных нападаў на ядзерныя абʼекты ніколі не павінна быць, бо яны могуць прывесьці да радыяактыўных выкідаў зь цяжкімі наступствамі ўнутры і за межамі дзяржаваў.

«Каб дасягнуць доўгатэрміновай гарантыі таго, што Іран не атрымае ядзерную зброю, і для падтрыманьня далейшай эфэктыўнасьці глябальнага рэжыму нераспаўсюджаньня мы павінны вярнуцца да дыпляматыі і перамоваў», — заклікаў Рафаэль Гросі.

Летась у чэрвені, паводле МАГАТЭ, у Іране запасы ўрану ў форме гексафтарыду ўрану, узбагачанага да 60% і прыдатнага для далейшага ўзбагачэньня ў цэнтрыфугах, ацэньваліся ў 440,9 кг. Паводле разьлікаў МАГАТЭ, гэтай колькасьці тады было дастаткова для вырабу дзесяці ядзерных набояў пры далейшым павышэньні ўзроўню ўзбагачэньня. Лёс гэтых матэрыялаў пасьля ўдараў Ізраілю і ЗША ў чэрвені 2025 году заставаўся няясным.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраіля супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG