Амэрыканскі бамбавік B-52 ўдзельнічае ў апэрацыі супраць Ірану. Архіўнае фота
Паводле галоўнага вайскавода Цэнтральнага камандаваньня ЗША, Злучаныя Штаты менш чым за чатыры дні зьнішчылі 17 іранскіх вайскова-морскіх караблёў, у тым ліку падводную лодку, і нанесьлі ўдары па амаль 2000 цэлях ува ўсім Іране.
У відэазаяве, апублікаванай 3 сакавіка ў сетцы X, адмірал Брэд Купэр заявіў, што маштабная ваенная кампанія, якая атрымала назву «Эпічная лютасьць», уключае ў сябе найбуйнейшае нарошчваньне войскаў ЗША на Блізкім Усходзе за апошняе пакаленьне.
«Сёньня ў Арабскай [Пэрсыдзкай. — РС] затоцы, Армускай пратоцы і Аманскай затоцы няма ніводнага іранскага карабля», — сказаў Купэр, апісваючы тое, што ён назваў беспрэцэдэнтнымі намаганьнямі для ліквідацыі здольнасьці Ірану пагражаць амэрыканскім сілам.
У апэрацыі ўдзельнічаюць больш за 50 000 амэрыканскіх вайскоўцаў, больш за 200 зьнішчальнікаў, дзьве авіяносныя ўдарныя групы і далёкія бамбавікі, сказаў Купэр.
Купэр падкрэсьліў, што пачатковая фазу амаль удвая большага маштабу, чым кампанія ў Іраку ў 2003 годзе.
Амэрыканскія войскі, якія дзейнічаюць разам з Ізраілем, наносяць бесьперапынныя ўдары «ад морскага дна да космасу і кібэрпрасторы», сказаў ён.
Паводле Купэра, амэрыканскія войскі нанесьлі ўдары амаль па 2000 цэлях больш чым 2000 боепрыпасамі, яны сур’ёзна падарвалі супрацьпаветраную абарону Ірану, зьнішчылі сотні пускавых установак балістычных ракет і бесьпілётнікаў, патапілі 17 іранскіх караблёў.
Амэрыканскія бамбавікі B-2 і B-1 нанесьлі глыбокія ўдары па ракетных абʼектах унутры Ірану, у той час як бамбавікі B-52 нанесьлі ўдары па інфраструктуры балістычных ракет і камандных цэнтрах, паведаміў Купэр.
Вайскова-марскія сілы запусьцілі хвалі крылатых ракет з дзьвюх авіяносных ударных групаў, у той час як падразьдзелы арміі ЗША ўпершыню ў баі выпусьцілі далёкасяжныя высокадакладныя ўдарныя ракеты, вядомыя як PrSM, хоць незразумела, адкуль яны былі запушчаныя.
Група вайсковых бесьпілётнікаў пад назвай «Апэратыўная група „Скарпіён“» таксама зьдзейсьніла дронавыя атакі, сказаў Купэр.
Іранскі адказ
Тэгеран адказаў запускам больш як 500 балістычных ракет і больш як 2000 бесьпілётнікаў, сказаў Купэр і абвінаваціў Іран у «неразборлівых атаках па мірных жыхарах».
Нягледзячы на захады Ірану ў адказ, Купэр заявіў, што здольнасьць Ірану наносіць удары па войсках і рэгіянальных партнэрах ЗША памяншаецца.
«Мы сканцэнтраваныя на стральбе па ўсім, што можа страляць па нас», — сказаў Купэр, дадаўшы, што амэрыканскія войскі зараз палююць на пакінутыя мабільныя пускавыя ўстаноўкі балістычных ракет Ірану.
Назваўшы кампанію «надзвычай складанай і гістарычнай», Купэр высока ацаніў амэрыканскіх вайскоўцаў усіх родаў войскаў і выказаў упэўненасьць, што амэрыканскія і саюзныя войскі дасягнуць сваіх мэтаў.
«Мы толькі пачалі, — сказаў ён.— Але я моцна ўпэўнены, што мы разам з партнэрамі абавязкова дасягнем нашых вайсковых мэтаў».
Форум