Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі заявілі аб нанясеньні ўдару па сакрэтным ядзерным комплексе ў Іране

Наступствы авіяўдараў на захадзе Тэгерану. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы авіяўдараў на захадзе Тэгерану. Ілюстрацыйнае фота

У МАГАТЭ пакуль маюць сумневы, што ядзерная праграма Ірану мае выключна мірны характар.

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) паведаміла аб нанясеньні ўдару па сакрэтным ядзерным комплексе «Мінзадэхэй», недалёка ад Тэгерану.

Як сьцьвярджае прэсавая служба ЦАХАЛ, у падземным цэнтры група іранскіх навукоўцаў таемна працавала над стварэньнем ключавога кампанэнта для ядзернай зброі.

Апроч таго, ізраільская авіяцыя, паводле ЦАХАЛ, вывела з ладу прыблізна 300 іранскіх пускавых установак. Гэта тлумачыць зьніжэньне інтэнсіўнасьці абстрэлаў Ізраілю з боку Ірану.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў аб сваёй «выразнай і пасьлядоўнай пазыцыі» наконт ядзернай зброі ў Іране.

«Хоць няма доказаў таго, што Іран стварае ядзерную бомбу, яго вялікія запасы ўзбагачанага ўрану, блізкага да збройнай якасьці, і адмова даць нашым інспэктарам поўны доступ выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць. З гэтых прычын мае папярэднія справаздачы паказваюць, што пакуль Іран не дапаможа МАГАТЭ ў нявырашаных пытаньнях гарантый, Агенцтва ня зможа гарантаваць, што ядзерная праграма Ірану мае выключна мірны характар», — напісаў Рафаэль Гросі на сваёй старонцы на плятформе Х.

З 28 лютага Ізраіль і ЗША наносяць удары па іранскай вайсковай і ядзернай інфраструктуры, а таксама па ўрадавых будынках. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў, што мэта апэрацыі — не дапусьціць распрацоўкі Іранам ядзернай зброі. У адказ Іран атакуе Ізраіль і краіны Блізкага Ўсходу, у якіх ёсьць амэрыканскія вайсковыя базы.

Увечары 3 сакавіка зьявіліся паведамленьні аб імаверным удары іранскім дронам па консульстве ЗША ў Дубаі. Адбыўся невялікі пажар, паведамілі ўлады ААЭ. Паводле іх, ніхто не пацярпеў, узгараньне хутка патушылі.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG