Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FT: страхоўка для судоў у Армускай пратоцы падаражэла ў 12 разоў

Танкеры ля берагоў Фуджэйры (ААЭ)
Танкеры ля берагоў Фуджэйры (ААЭ)

Страхавыя кампаніі рэзка падвысілі тарыфы для судоў, якія праходзяць праз Армузскую пратоку, ключавы марскі калідор паміж Пэрсыдзкай затокай і Індыйскім акіянам.

Кошт страхаваньня вырас прыкладна ў 12 разоў. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на страхавых брокераў.

Калі ў звычайных умовах страхоўка складае каля 0,25% ад кошту судна, то зараз яна дасягае прыкладна 3%.

Пасьля пачатку апэрацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірану Тэгеран забараніў праход судоў праз Армузскую пратоку. У выніку шэраг буйных суднаходных кампаній, у тым ліку Maersk, MSC і Hapag-Lloyd, прыпынілі або абмежавалі выкарыстаньне гэтага маршруту.

Рост тарыфаў працягваецца, нягледзячы на заяву прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб гатоўнасьці ваенна-марскога флёту ЗША суправаджаць нафтавыя танкеры праз пратоку, а таксама даваць судам страхаваньне і гарантыі на выгадных умовах.

Разам з тым удзельнікі рынку пакуль не разумеюць, як менавіта будзе працаваць схема, прапанаваная Трампам. «Мы не чулі абсалютна нічога, акрамя гэтай заявы ў Truth Social. Ці будзе гэта распаўсюджвацца, напрыклад, на перавозку кітайскай нафты эўрапейскім танкерам, мы не ведаем», — заявіў у размове з Financial Times партнэр брокерскай кампаніі McGill.

Танкерны рух па Армузскай пратоцы фактычна спыніўся пасьля таго, як Ізраіль і ЗША пачалі апэрацыю супраць Ірану 28 лютага. У адказ Іран стаў абстрэльваць ня толькі Ізраіль, але і іншыя краіны рэгіёну. Апроч тэрмінала QatarEnergy, Іран атакаваў нафтаперапрацоўчы завод Saudi Aramco у Савудаўскай Арабіі. Заяўлялася таксама аб абстрэле аднаго з танкераў у Армузскай пратоцы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG