На брыфінгу 4 сакавіка Гэгсэт назваў гэтую атаку, у выніку якой загінулі прынамсі 87 маракоў, а дзясяткі іншых атрымалі раненьні або зьніклі бязь вестак, «ціхай сьмерцю», перадае RFE/RL.
Улады Шры-Ланкі паведамілі, што 32 іранскія маракі былі выратаваныя.
«Амэрыканская падводная лодка затапіла іранскі вайсковы карабель, які думаў, што знаходзіцца ў бясьпецы ў міжнародных водах. Замест гэтага ён быў патоплены тарпэдай», — сказаў Гэгсэт.
Гэгсэт заявіў, што Злучаныя Штаты маюць рэсурсы, каб працягваць кампанію, калі спатрэбіцца, бестэрмінова.
У адказ Іран запусьціў ракеты па дзяржавах Пэрсыдзкай затокі. Турэччына заявіла, што зьбіла балістычную ракету, запушчаную з Ірана ў ейным кірунку.
На тым жа брыфінгу старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэрал Дэн Кэйн заявіў, што Іран запускае прыкладна на 86% менш балістычных ракет, чым 28 лютага, у першы дзень канфлікту. Запускі дронаў скараціліся амаль на столькі ж, дадаў ён.
Гэгсэт дадаў, што цягам тыдня кааліцыйныя сілы разьлічваюць атрымаць поўны кантроль над паветранай прасторай Ірана.
«Іранскія магчымасьці не бясконцыя, асабліва калі іх не падтрымліваюць вялікія сябры», — сказала кіраўніца зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Кая Калас у інтэрвію RFE/RL 4 сакавіка ў Варшаве. Да таго ж, амэрыканскія ўдары наносяцца па ракетных устаноўках і заводах, дзе іх вырабляюць, дадала яна.
Форум