Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць узбраеньня іранскіх курдзкіх апазыцыйных групаў у суседнім з Іранам Іраку. Гэта можа прывесьці да стварэньня стварыць новага фронту ў Іране і выклікаць там грамадзянскую вайну, піша рэгіянальны рэдактар RFE/RL Фруд Бэзган.
Некалькі іранскіх апазыцыйных курдзкіх групаў знаходзяцца ў часткова аўтаномным Курдыстанскім рэгіёне Іраку і гадамі вядуць паўстанцкую барацьбу нізкай інтэнсіўнасьці супраць Тэгерана. Некаторыя патрабуюць аўтаноміі ў складзе Ірана, іншыя — аддзяленьня ад ісламскай рэспублікі.
У выпадку пастаўкі зброі мэта ЗША, на думку экспэртаў, будзе ў тым, каб расьцягнуць вайсковыя рэсурсы Тэгерана, аслабіць кантроль уладаў і справакаваць паўстаньне ў шматнацыянальнай 90-мільённай краіне.
Сёньня духоўныя лідэры Ірана, нягледзячы на забойства аяталы Алі Хамэнэі і вайсковага кіраўніцтва, захоўваюць кантроль над краінай.
«Галоўная мэта — зрабіць, каб ісламская рэспубліка пачала губляць кантроль над пэўнымі рэгіёнамі краіны», — кажа незалежны вайсковы экспэрт з Ізраілю Майкл Гаравіц.
Паводле яго, гэта можа надаць упэўненасьці іншым мяншыням і апазыцыі. А людзей ва ўладзе схіліць да рашэньня дэзэртаваць або ўцячы, пакуль сытуацыя канчаткова ня выйшла з-пад кантролю.
Курды складаюць каля 10 % насельніцтва Ірана і жывуць пераважна на захадзе краіны каля ірацкай мяжы. Іран даўно абвінавачваюць у прыгнёце і дыскрымінацыі этнічных мяншыняў, і курдаў у тым ліку.
Магчымыя наземныя ўварваньні курдзкіх групаў у заходні Іран могуць расьцягнуць вайсковыя рэсурсы Тэгерана, кажа вайсковы аналітык па Лёнданскага міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Саша Брухман.
«Калі б курдзкія фракцыі зладзілі ўзгодненую сэрыю атак, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі мусіў бы шукаць падмацаваньня, — лічыць Брухман. — Аднак гэта аслабіла б іхныя пазыцыі ў такіх цэнтральных гарадах, як Тэгеран, Ісфаган ці Керэдж. Гэта стварыла б дылему для рэжыму: куды накіроўваць рэдкія рэзэрвы».
Рызыка ад перадачы зброі іранскім курдам таксама значная, кажуць экспэрты.
«Вашынгтон можа справакаваць грамадзянскую вайну і раскол краіны, што можа мець доўгія наступствы», — сказаў Гаравіц.
Пад пагрозай могуць апынуцца і больш як паўтузіна іранскіх курдзкіх групаў у паўночным Іраку.
«Калі яны ўвяжуцца ў працяглую вайну супраць Ірана, а падтрымка ЗША скончыцца, гэта будзе для іх вельмі небясьпечным», — сказаў Гаравіц.
Злучаныя Штаты нядаўна скарацілі падтрымку Сырыйскіх дэмакратычных сілаў — курдзкай міліцыі, якая шмат гадоў была ключавым партнэрам ЗША ў вайне супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Даўнія спрэчкі
Незадоўга да нападу ЗША на Іран пяць іранскіх апазыцыйных курдзкіх групаў зь ірацкага Курдыстана аб’ядналіся ў кааліцыю, каб зрынуць ісламскую рэспубліку і абвясьціць курдзкую аўтаномію.
3 і 4 сакавіка Іран атакаваў лягеры курдаў непадалёк ад мяжы ў Іраку дронамі і ракетамі. Ён і раней наносіў удары па курдзкіх групах за мяжой, якія называў тэрарыстычнымі і вінаваціў у службе амэрыканскім і ізраільскім інтарэсам. Калі гэтыя групы атрымаюць амэрыканскую зброю, атакі могуць узмацніцца.
Экспэрты таксама выказваюць асьцярогу, што на эфэктыўнасьць курдзкага супраціву могуць паўплываюць застарэлыя рознагалосьсі.
«Справа ня столькі ў патэнцыйным узьдзеяньні нейкай лепшай ці большай колькасьці зброі ад ЗША, колькі ў волі рашуча змагацца з іранскім рэжымам і каардынаваць вайсковыя атакі паміж сабой, што будзе вызначальным у тым, ці дададуць курды наземны элемэнт да амэрыканска-ізраільскай паветранай кампаніі», — кажа Брухман.
Форум