Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» выканала эвакуацыйны рэйс з Аману, увечары чакаюць пасажыраў з Дубаю

абноўлена
Самалёт кампаніі «Белавія», архіўнае фота
Самалёт кампаніі «Белавія», архіўнае фота

Першы эвакуацыйны самалёт з Блізкага Ўсходу прызямліўся ноччу 4 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». На сёньня з рэгіёну прыбылі ўжо тры самалёты.

Эвакуацыйны рэйс «Белавія» з Аману прыбыў у Нацыянальны аэрапорт «Менск», паведамілі БелТА ў аэрапорце.

Самалёт прызямліўся ў Менску 5 сакавіка а 8:50. Як раней расказалі ў прэс-службе турапэратара «Інтэрсіці», ён вылецеў з аэрапорту Салала ўчора ў 23:20 мясцовага часу. На борце былі 164 пасажыры. Самалёт зрабіў прамежкавую пасадку ў казахстанскім Актаў для дазапраўкі.

4 сакавіка «Белавія» выканала два эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю. На першым рэйсе былі 189 пасажыраў, на другім — 283, у тым ліку двое немаўлят, паведаміла «Белавія» ў Тэлеграме. Зараз авіякампанія прапануе пасажырам вярнуць білеты ў Дубай, купленыя да даты 31 сакавіка.

Як казаў раней генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец у этэры «Беларусь 1», паводле яго ацэнкі, у ААЭ маглі затрымацца каля 1 тысячы беларусаў.

Пазьней у Telegram-канале «Белавія» паведамілі, што яшчэ адзін самалёт накіраваўся ў Дубай, на якім а 21-й гадзіне ў Менск прыляціць 281 пасажыр.

У кампаніі сьцьвярджаюць, што эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю будуць выконваць на гэтым і наступным тыдні. Апроч таго, «Белавія» чакае зьменаў у абмежаваньнях паветранай прасторы Катару для эвакуацыйнага рэйсу з Дохі.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

XS
SM
MD
LG