Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі растлумачыў, чаму «камуналка» і праезд падаражэлі, але інфляцыя зьменшылася


У студзені-лістападзе 2017 году назіралася найменшая інфляцыя за апошнія 8 гадоў, а ў ліпені і жніўні была нават дэфляцыя — рэдкая для Беларусі зьява, калі цэны не растуць, а падаюць (упершыню такое было два месяцы запар).

Але пры гэтым за апошні час адчувальна падаражэлі камунальныя паслугі, праезд у транспарце і некаторыя харчовыя тавары. Нацыянальны банк растлумачыў (PDF), чаму пры іх падаражэньні сярэднія цэны зьнізіліся.

Паводле Нацбанку, тэмпы росту спажывецкіх цэнаў зьнізіліся збольшага за кошт таго, на што не ўплываюць сэзонныя фактары і дзяржаўнае рэгуляваньне. Там, дзе цэны рэгулюе дзяржава (у тым ліку ЖКГ, тарыфы на гарадзкі транспарт, мінімальныя цэны на моцны алькаголь), цэны нават крыху паскорылі рост з гадавых 8,6% у кастрычніку да 8,9% у лістападзе. Цэны на садавіну і гародніну растуць адчувальна, але рост цэнаў запаволіўся з 18,4% гадавых у кастрычніку да 16,1% у лістападзе.

Але сумарна за кошт астатніх тавараў гадавая інфляцыя запаволілася ў лістападзе да рэкордна нізкіх 3,2% з пачатку году — за той месяц харчовыя тавары падаражалі толькі на 0,5% у сярэднім, нехарчовыя — на 0,1%, а паслугі на 0,8%. Пакуль самая малая інфляцыя за цэлы год была ў 2006-м — 6,6%. Але пад канец году бываюць скачкі цэнаў.

Тры прычыны, чаму ў Беларусі рэкордна запаволілася інфляцыя

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG