Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосуб: «Новай рукатворнай дэвальвацыі ў агляднай будучыні мы не пабачым»


Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Чарговы герой «Інтэрвію тыдня» — фінансавы аналітык, старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. Ён тлумачыць, што адбываецца зь беларускім рублём, які перайшоў мяжу ў 2 рублі за даляр, расказвае, як беларуская эканоміка можа пражыць без дэвальвацыі і заяўляе, што гэта разумее і вышэйшае кіраўніцтва краіны.

«Зь беларускім рублём у цэлым нічога істотнага не адбываецца»

— Інфармацыйнай нагодай для нашай размовы можа паслужыць той факт, што сёньня, 15 лістапада, курс даляра перайшоў пэўную сымбалічную мяжу — 2 рублі. Таксама варта адзначыць, што гэты рост даляра назіраецца штодня цягам апошніх двух тыдняў. Ці варта беларусам пачынаць хвалявацца за стабільнасьць нацыянальнай валюты?

— Зьвярну ўвагу, што, пакуль усе абмяркоўваюць рост даляра, значна больш сурʼёзны рух адбываецца з эўра, якое падаражэла за дзень на паўтара працэнта. Дарэчы, і даляр і эўра на апошніх таргах абнавілі максымум ад пачатку году. У той жа час расейскі рубель упаў, і ў выніку за гэты дзень валютны кошык фактычна не зьмяніўся. Так што зь беларускім рублём у цэлым нічога істотнага не адбываецца. Валютны кошык ад пачатку кастрычніка стаіць на адным узроўні.

— Але нашы людзі даўно прызвычаіліся псыхалягічна арыентавацца менавіта на даляр. Большасьць зь іх не заўважае эўра і расейскі рубель. Яны бачаць рост даляра і, адпаведна, робяць высновы пра падзеньне беларускага рубля.

—- Тут нельга з вамі не пагадзіцца. Гэта факт, які сьведчыць пра невысокую фінансавую пісьменнасьць насельніцтва. Калі ад пачатку году даляр падаражэў на 2,4 працэнта, то эўра — на 16 працэнтаў. Так што калі нехта адмовіўся ад звычкі глядзець толькі на амэрыканскую валюту і купіў эўра, то ён аказаўся ў сурʼёзным плюсе.

Большая палова замежнага гандлю ў Беларусі завязана на Расею, адпаведна, на расейскі рубель, так што курс расейскага рубля для нас нават болей важны.

— Так што фактычна беларускі рубель стаіць апошнім часам на месцы дзякуючы таму, што падае расейскі рубель, і гэтым ураўнаважвае рост эўра і даляра?

— Менавіта так. Цяперашнія рухі беларускага рубля залежаць ад зьнешніх чыньнікаў і ніяк не залежаць ад эканомікі Беларусі. У сьвеце адбываецца дастаткова адчувальнае падзеньне расейскага рубля, за два дні даляр у Расеі падаражэў на паўтара рубля, эўра — на два рублі. Таксама мы назіраем рост эўра да даляра.

— Калі абмеркаваць стратэгічныя пэрспэктывы стабільнасьці беларускай валюты. За апошнія два гады, асабліва пасьля дэнамінацыі, курс рубля дастаткова трывалы. Але ці працягнецца гэтая ўстойлівасьць? Як выглядаюць макраэканамічныя парамэтры?

— Стабільнасьць, якую мы назіраем апошнія 2 гады, узьнікла не сама па сябе, а ў выніку дзеяньняў і намаганьняў Нацыянальнага банку, які адмовіўся ад палітыкі друкаванага станка, скараціў дырэктыўныя крэдыты. То бок, гэтая дастаткова разумная палітыка ў фінансавай сфэры даволі хутка прывяла да стабілізацыі фінансавага і валютнага рынку.

Аднак, вядома, нельга казаць, што з эканомікай у цэлым усё ў парадку. Вялізныя праблемы зьвязаныя з неэфэктыўнасьцю дзяржаўнага сэктару, які адцягвае на сябе істотныя рэсурсы. За папярэднія гады мы прызвычаіліся, што эканамічны крызіс асацыюецца менавіта з дэвальвацыяй. Але гэта далёка не сынонімы.

Ня трэба блытаць інтарэсы неэфэктыўных прадпрыемстваў, якія ня могуць прадаць сваю прадукцыю, і інтарэсы эканомікі ў цэлым

— За гісторыю незалежнай Беларусі было толькі некалькі гадоў, калі курс быў адносна стабільным. Астатні час краіна жыла ва ўмовай хуткай ці паступовай дэвальвацыі. Ёсьць нават меркаваньне, што экспартны характар беларускай эканомікі вымушае да дэвальвацыі, якая дапамагае экспартэрам. Ці вы згодныя з такім падыходам? Ці можна чакаць, што цяперашнія 2 гады стабільнасьці курсу могуць пераўтварыцца ў 3, 5, 10 гадоў стабільнасьці?

— Я прынцыпова ня згодны з тым падыходам, які вы акрэсьлілі. Па-першае, зараз зусім іншы (плаваючы) рэжым функцыянаваньня валютнага рынку, раней курс даляра ўстанаўліваўся і стрымліваўся дзяржавай, на гэта траціліся золатавалютныя рэзэрвы. То бок у мінулым стабільнасьць дасягалася штучна, адміністратыўна, коштам страты золатавалютных рэзэрваў. Стабільнасьць апошніх двух гадоў дасягалася ў рынкавых умовах, без адміністратыўнага ўмяшаньня. Няпраўдай зьяўляецца тое, што дэвальвацыя служыць панацэяй для беларускай эканомікі.

— Але год за годам улады яе праводзілі.

— Дэвальвацыя сапраўды вырашае некаторыя лякальныя праблемы — разгружае склады, дапамагае экспартэрам. Але адначасова яна стварае новыя праблемы — у дзяржавы і прадпрыемстваў вялікія даўгі ў валюце. Для тых, хто павінен аддаваць даўгі ў валюце — для іх любая дэвальвацыя падобная сьмерці. Таму ня трэба блытаць інтарэсы неэфэктыўных прадпрыемстваў, якія ня могуць прадаць сваю прадукцыю, і інтарэсы эканомікі ў цэлым. Для эканомікі ў цэлым дэвальвацыя прыносіць больш шкоды, чым карысьці.

— А вы ўпэўнены, што на сёньня разуменьне гэтага пануе ў беларускім кіраўніцтве? І што ў выпадку нейкіх чарговых праблемаў з экспартэрамі ўлады ня пойдуць на новую дэвальвацыю?

— Тое, што такое разуменьне ёсьць у Нацбанку, эканамічным блёку ўраду — у мяне сумневу не выклікае. Па сваёй волі наўрад ці яны пойдуць на такі крок. Больш за тое, я схіляюся да таго, што такое разуменьне ёсьць і ў самым вышэйшым кіраўніцтве краіны. Калі яшчэ год таму на старонках дзяржаўнай прэсы пэрыядычна ўспыхвалі эканамічныя дыскусіі на тэму, а ці не правесьці нам дэвальвацыю, то за апошні год нават дыскусіяў такіх не відаць. Выглядае, што ў гэтым пытаньні канчаткова пастаўлена кропка. А тыя рэтраграды, якія думалі і думаюць па-іншаму, дастаткова далёка адсунутыя ад рычагоў эканамічнай улады.

Таму ў мяне амаль поўная ўпэўненасьць, што новай рукатворнай дэвальвацыі ў агляднай будучыні мы не пабачым. Гэта нявыгадна нават з пункту гледжаньня правядзеньня папулісцкай палітыкі.

Тры прычыны, чаму ў Беларусі рэкордна запаволілася інфляцыя

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG