Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі рыхтуюць указ пра фінансы ў інтэрнэце. Чаго чакаюць краўдфандынг-пляцоўкі


©Shutterstock

Галоўнае ўпраўленьне рэгуляваньня некрэдытных арганізацыяў Нацбанку Беларусі распрацоўвае праект указу «Аб дзейнасьці фінансавых інтэрнэт-пляцовак». Указ у дзяржаўных СМІ зьвязваюць з краўдфандынгам, але ён насамрэч не зьвязаны зь імі наўпрост.

Адной з нормаў указу мае стаць тое, што ў інтэрнэце дамовы будуць заключацца безь юрыдычнага ўдзелу інтэрнэт-пляцоўкі — наўпрост між пазычальнікам і пазыкадаўцам, хай і з выкарыстаньнем сайту трэцяй асобы. Таксама Нацбанк, як паведамляецца, вывучае міжнародны досьвед у краўдлэндынгу (калі фізычныя асобы крэдытуюць іншых фізычных асобаў, «скідваючыся» грашыма праз інтэрнэт) і краўдінвэстынгу (інвэстыцыі накшталт краўдфандынгу, калі інвэстары атрымліваюць долю ў акцыянэрным капітале таго, на што «скідваюцца»).

Чаго ад заканадаўцаў чакаюць самі краўдфандынгавыя плятформы, Свабодзе расказаў заснавальнік і кіраўнік пляцоўкі Talaka.by Яўген Клішэвіч.

Гэты канкрэтны праект указу не пра краўдфандынг

Як кажа Клішэвіч, Нацбанк кансультаваўся з «Талакой» наконт праекту ўказу. Але ўказ ня тычыцца ўсяго краўдфандынгу — ён тычыцца толькі той часткі дзейнасьці інтэрнэт-пляцовак, у якой яны прапануюць зьбіраць грошы на канкрэтны прадукт:

Яўген Клішэвіч, архіўнае фота
Яўген Клішэвіч, архіўнае фота

«Ён тычыцца вузкага шэрагу пазыковых пляцовак: тых, што дапамагаюць выдаваць анлайн-пазыкі — калі ты атрымаў такую пазыку, то павінен аддаць. Тых пляцовак, якія працуюць як дарэньне на стварэньне праекту і не прадугледжваюць вяртаньня грошай, ён не рэгулюе».

У адрыве ад краўдфандынгу Клішэвіч лічыць указ проста ўпарадкаваньнем — здыманьнем з плятформы адказнасьці за дачыненьні між пазыкадаўцам і пазычальнікам (мікрапазыкі не прызнаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, таму пытаньняў з падаткамі не павінна ўзьнікаць). А ці будуць указы, што тычацца менавіта краўдфандынгу, пакуль невядома. Клішэвіч кажа, што, хоць краўдфандынг у заканадаўстве не апісаны, ён працуе і як мэханізм не канфліктуе з законам.

Юрыдычна краўдфандынг — гэта «дарэньне» грошай

Калі цяпер карыстальнік фінансуе праект на «Талацэ», Ulej.by або іншай краўдфандынгавай пляцоўцы ў Беларусі, фактычна (згодна з Грамадзянскім кодэксам) адбываецца факт дарэньня сумы грошай на стварэньне абяцанай рэчы або паслугі. Ці варта гэта зьмяніць, каб было зручней пляцоўкам або спакойней карыстальнікам?

Зьбіраем на беларускае: 10 праектаў, якія можна падтрымаць рублём

«Заўчасна нешта зарэгуляваўшы, можна нарабіць лішніх турботаў, — разважае Клішэвіч. — Нейкіх рэчаў, якія перашкаджаюць працаваць, няма. Хутчэй пытаньне ў тым, што трэба падрасьці гэтай сфэры, а далей ужо будуць зьяўляцца пытаньні, што нешта трэба ўрэгуляваць».

А калі падмануць і зробяць ня той прадукт? А калі ня зробяць зусім?

Далёка ня ўсе праекты, на якія сабралі грошы праз інтэрнэт, былі пасьпяховымі: недзе пакупнікоў не задавальняла якасьць прадукту, а некаторыя прадукты нават не дайшлі да пакупнікоў. Так, на праект відэагульні Star Citizen праз сайт Kicrstarter у лістападзе 2012 году сабралі 2 млн даляраў, але гульню ня выпусьцілі ні ў абяцаны тэрмін у лістападзе 2014-га, ні цяпер, у лістападзе 2017-га. Пры гэтым распрацоўшчыкі прадоўжылі зьбіраць грошы праз уласны сайт і набралі ўжо 160 млн даляраў (праект ужо ў пяцёрцы самых высокабюджэтных відэагульняў), а выдалі толькі асобныя элемэнты гульні, але ня цэлы прадукт.

Заканадаўцы думаюць над такімі пытаньнямі, кажа Клішэвіч, але пакуль гэтая праблема для Беларусі не актуальная, мяркуе ён:

«У цяперашнім беларускім невялічкім маштабе такія пытаньні вырашаюцца натуральным чынам. Каб сабраць больш-менш значную суму на нейкі праект (а значная — гэта 10 тысяч рублёў, 20 тысяч), трэба, з аднаго боку, укласьці сацыяльны капітал, быць ужо „кімсьці“ (бо проста „чалавек з вуліцы“, не паказаўшы, кім ён ёсьць і што за ім стаіць, не зьбярэ такую суму) і, з другога боку, паставіць на кон сваю рэпутацыю. Гэта ня тыя грошы, за якія варта падманваць, бо стаўка даволі высокая, публічная гісторыя хутка разыходзіцца».

7 рэкордаў і 25 выбітных праектаў беларускага краўдфандынгу

Пазьней, калі сумы беларускага краўдфандынгу вырастуць, нейкае рэгуляваньне павінна зьявіцца, кажа Клішэвіч, але мае быць гнуткім: дапускаць, што ў праектах нешта можа атрымацца ня так, як уяўлялася спачатку. А чым больш рэгулюецца абарона спажыўцоў, тым больш падвышаецца «парог уваходу» для энтузіястаў, якія спрабуюць запускаць інавацыйныя праекты.

XS
SM
MD
LG