Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары Пуціна, віншаваньне Лукашэнкі, укіды, піражкі і шавялюра Дудзя. Цікавае каротка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Расеі 18 сакавіка прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Паводле папярэдніх вынікаў пасьля падліку 99% галасоў, у першым туры перамог Уладзімір Пуцін (больш за 76 адсоткаў галасоў) — ён пойдзе на свой чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін, наступныя выбары праз 6 гадоў.

Другі —​ Грудзінін, трэці —​ Жырыноўскі, чацьвёртая —​ Сабчак

Паводле афіцыйных папярэдніх вынікаў, Уладзімір Пуцін мае 76,65% галасоў, камуніст Павел Грудзінін — 11,81%, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі — 5,67%, апазыцыянэрка Ксенія Сабчак — 1,66%, заснавальнік партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі — 1,04%, астатнія менш за 1%. Яўка, паводле афіцыйных зьвестак, перавысіла 67%.

Пуцін выступіў на канцэрце ў гонар анэксіі ўкраінскага Крыму

Увечары 18 сакавіка, па завяршэньні галасаваньня, на Манежнай плошчы Масквы прайшоў канцэрт, прысьвечаны чацьвёртай гадавіне анэксіі Расеяй украінскага паўвострава Крым пад назвай «Расея. Севастопаль. Крым». На ім на сцэну выйшаў Уладзімір Пуцін, падзякаваў прысутным за падтрымку на выбарах, назваў сваю перамогу «нашай агульнанацыянальнай», казаў, што «мы асуджаныя на посьпех».

Лукашэнка павіншаваў, згадаў пра «вузы дружбы», запрасіў у госьці

Зранку 19 сакавіка прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла ягонае віншаваньне Пуціну:

«Гэты вынік сьведчыць аб высокім даверы і падтрымцы грамадзянамі Расеі ўзятага курсу на ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны, умацаваньне яе аўтарытэту на міжнароднай арэне, — піша Лукашэнка. — Упэўнены, што гістарычныя вузы дружбы і ўзаемаразуменьня нашых народаў стануць залогам далейшага пашырэньня беларуска-расейскага стратэгічнага партнэрства».

Пуцін і Беларусь: Ад «Захад-2013» да малочнай «вайны»

Латыніна, Колераў ды іншыя пра беларуска-расейскія адносіны пасьля выбараў

Лукашэнка запрасіў Пуціна ў Беларусь на правядзеньне Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. Раней ён казаў, пасьля расейскіх выбараў трэба будзе «сур’ёзна абмеркаваць шэраг пытаньняў», прасіў дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Грыгорыя Рапоту падрыхтавацца — маўляў, урады і ведамствы Беларусі і Расеі маюць павырашаць свае пытаньні, каб яны ня «выкінуліся» зноў на ўзровень прэзыдэнтаў.

Укіды бюлетэняў проста пад камэрамі

На цяперашніх расейскіх выбарах, як і на папярэдніх, участкі для галасаваньняў былі абсталяваныя відэакамэрамі. Шмат якія камэры, як і мінулы раз, зафіксавалі ўкіды бюлетэняў (хай і ня ўсе камэры былі накіраваныя на урны).

Выбары па-расейску і выбары па-беларуску: у чым розьніца

Адзначаліся і іншыя парушэньні: незалежных назіральнікаў выганялі з участкаў, выбарнікаў падвозілі групамі на аўтобусах, студэнтаў і бюджэтнікаў прымушалі да галасаваньня. ЦВК Расеі не пабачыў «значных» парушэньняў.

ЗША: атрымаць такі вынік лёгка, калі забараніць апанэнтам удзельнічаць

Шэраг амэрыканскіх палітыкаў выказаліся ў Twitter наконт вынікаў расейскіх выбараў.

Былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол напісаў, дадаўшы кадры ўкідаў (глядзіце вышэй): «Неабавязкова разумець расейскую мову, каб зразумець, што адбываецца на гэтых відэа».

Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн напісаў: «Тое, што Пуцін так старанна працуе на забесьпячэньне яўкі, дэманструе, што расейцы ведаюць, што ягоная прэтэнзія на ўладу — падман. ЗША падтрымлівае расейцаў, якія імкнуцца да свабоды».

Кангрэсмэн-дэмакрат Адам Шыф напісаў, што атрымаць 73% галасоў (на той момант папярэднія вынікі былі такімі) лёгка, калі не дапусьціць апанэтаў да выбараў (удзельнічаць у выбарах забаранілі папулярнаму апазыцыянэру Аляксею Навальнаму), і задаўся пытаньнем, ці прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп павіншуе Пуціна са «зьнішчэньнем дэмакратычнай апазыцыі».

Украіна: паліцыя разам з нацыяналістамі не пусьцілі расейцаў галасаваць

Падчас мінулых расейскіх выбараў украінскія прыхільнікі нацыяналістычных партыяў і рухаў не пускалі грамадзянаў Расеі галасаваць на тэрыторыі Ўкраіны, бо лічылі гэта няправільным падчас акупацыі Крыму і вайны на Данбасе.

На цяперашніх выбарах забарона была ўжо афіцыйнай: праз тое, што Расея праводзіла свае выбары ў акупаваным Крыме, расейцам (акрамя дыпляматаў) афіцыйна забаранілі галасаваць на тэрыторыі Ўкраіны.

«Галоўная інтрыга» — валасы Дудзя ці вусы Грудзініна?

Шмат расейцаў не чакалі сюрпрызаў ад вынікаў выбараў, але некаторыя называлі галоўнай інтрыгай спрэчку кандыдата-камуніста Грудзініна і журналіста Юрыя Дудзя. Яны паспрачаліся, ці набярэ Грудзінін 15%: калі набярэ, Дудзь стрыжэцца нагала; калі не набярэ, Грудзінін зголіць вусы. Паводле папярэдніх вынікаў, Грудзінін мае пагаліцца.

А самымі цікавымі дэбатамі называлі ня тыя афіцыйныя, дзе мацюкаўся Жырыноўскі і плакала Сабчак, а «неафіцыйную» спрэчку Навальнага і Сабчак на Youtube-канале першага. Сабчак прапанавала Навальнаму супрацоўнічаць зь ейнай партыяй пасьля выбараў, Навальны адмовіўся, назваў яе «часткай падманнай фальсыфікацыйнай схемы» і заявіў, што сама Сабчак прызнавалася яму, што ёй прапаноўвалі «вялізныя грошы» за тое, каб яна выставіла сваю кандыдатуру як нібыта прадстаўніца апазыцыі.

Каб выбары праходзілі ў Google, быў бы другі тур з Навальным ці Сабчак

Пошукавыя інтарэсы ўсіх расейцаў ацаніць цяжка: крыху больш за палову расейскіх інтэрнаўтаў карыстаюцца пошукам «Яндэксу», які не дае ацэнак інтарэсаў у рэальным часе. Але Google дазваляе падрабязна прааналізаваць, каго і калі «гуглілі» расейцы. Калі б запыты залічваліся як галасы на выбарах, давялося б ладзіць другі тур: Пуцін набраў менш за палову «балаў пошукавага інтарэсу» што за дзень выбараў, што за тыдзень перад імі, што за год. Хто б выйшаў у другі тур, залежыць ад таго, ці дапусьціў бы Google Навальнага да выбараў: калі б дапусьціў, ён выйшаў бы ў другі тур (пошукавы інтарэс да яго быў вышэйшы, чым да Сабчак, пакуль ён быў патэнцыйным кандыдатам), калі не – у другі тур супраць Пуціна пайшла бы Сабчак.

P.S.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG