Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пераабраны на чацьвёрты тэрмін — больш за 76 адсоткаў галасоў


Партрэт Пуціна на мітынгу пасьля завяршэньня выбараў

Цэнтральная выбарчая камісія падвяла вынікі па 99,65% пратаколаў. Уладзіміра Пуціна ўжо павіншавалі з перамогай прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура і лідэр сепаратысцкай Абхазіі, незалежнасьць якой прызнае Расея і Венесуэла.

На выбарах прагаласавалі 67% выбаршчыкаў па выніках падліку 91,5% пратаколаў, сказаў журналістам намесьнік кіраўніка ЦВК Мікалай Булай.

Паводле папярэдніх дадзеных Цэнтарвыбаркама, дзеючы кіраўнік дзяржавы Ўладзімір Пуцін набраў 76,66 адсотка галасоў. На другім месцы знаходзіцца кандыдат ад КПРФ Павел Грудзінін (11,80%), на трэцім — лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі (5,67%), на чацьвёртым — кандыдат ад «Грамадзянскай ініцыятывы» Ксенія Сабчак (1,67%), на пятым Грыгорый Яўлінскі зь «Яблыка» (1,04%).

Барыс Цітоў, Максім Сурайкін і Сяргей Бабурын, па папярэдніх дадзеных, набралі менш за адзін працэнт кожны.

Выбары Пуціна, віншаваньне Лукашэнкі, укіды, піражкі і шавялюра Дудзя. Цікавае каротка

Назіральнікі на выбарчых участках у розных рэгіёнах Расеі неаднаразова паведамлялі пра такія парушэньні, як падвоз выбаршчыкаў з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу, а таксама пра «ўкід» бюлетэняў у скрыні. Некалькі такіх эпізодаў захавалі камэры назіраньня. Шэраг назіральнікаў паскардзіліся, што на іх аказвалі ціск і не далі працаваць на ўчастках.

У Цэнтрвыбаркаме выбары назвалі празрыстымі і заявілі, што сур'ёзных парушэнняў не было. МУС Расеі ўзбудзіла 13 крымінальных спраў, зьвязаных з выбарчай кампаніяй, з моманту яе пачатку. У 2012 годзе на момант закрыцьця ўчасткаў такіх крымінальных спраў было 23.

Уладзіміру Пуціну 65 гадоў. Ён кіруе Расеяй з 2000 года. 13 гадоў ён правёў на пасадзе прэзыдэнта краіны, яшчэ чатыры гады — на пасадзе кіраўніка расейскага ўраду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG