Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Беларусь: Ад «Захад-2013» да малочнай «вайны»


Напярэдадні выбараў у Расеі мы нагадваем, што адбылося (ці, насуперак чаканьням, не адбылося) у двухбаковых адносінах падчас цяперашняй кадэнцыі прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна

Захад-2013

Верасень 2013

Буйныя плянавыя беларуска-расейскія вучэньні на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў. Вучэньні ў Беларусі наведаў прэзыдэнт РФ Пуцін.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі і Ўладзімер Пуцін на вучэньнях "Захад-2013"
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі і Ўладзімер Пуцін на вучэньнях "Захад-2013"

Новы мітрапаліт

Сьнежань 2013

Кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы, Патрыяршым экзархам Усяе Беларусі, стаў грамадзянін Расеі Георгі Панамароў (Павел). Мітрапаліт Павел да прызначэньня ня жыў у Беларусі і не валодаў беларускай мовай.

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел
Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел

Калійная «вайна»

Жнівень-верасень 2013 году

Канфлікт паміж уладальнікамі расейскай кампаніі «Уралкалій» і кіраўніцтвам Беларусі. Менск абвінавачваў кіраўнікоў «Уралкалію» у разбурэньні супольнай стратэгіі гандлю на сусьветных рынках і нанясеньні шкоды беларускай галіне здабычы калійных соляў. У жніўні 2013 году генэральны дырэктар «Уралкалію» Ўладзіслаў Баўмгертнэр быў арыштаваны ў Менску пасьля перамоваў ва ўрадзе Беларусі. Баўмгертнэр правёў некалькі месяцаў у беларускай турме, пасьля чаго быў экстрадаваны ў Расею.

Арышт Уладзіслава Баўмгертнэра, скрыншот з рэпартажу ОНТ
Арышт Уладзіслава Баўмгертнэра, скрыншот з рэпартажу ОНТ

Спутнік — Беларусь

Сьнежань 2014

У Беларусі адкрылася філія міжнароднага інфармацыйнага агенцтва і радыё Sputnik, кіраванага з Расеі. Многія экспэрты разглядаюць Sputnik як інструмэнт расейскага ўплыву за мяжой і прасоўваньня ідэяў «рускага сьвету». За 4 гады існаваньня «Спутнік-Беларусь» стаў адным з самых папулярных інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі.

Гендырэктар Russia Today Дзьмітры Кісялёў прэзэнтуе новае інфармацыйнае агенцтва Sputnik, Масква, лістапад 2014
Гендырэктар Russia Today Дзьмітры Кісялёў прэзэнтуе новае інфармацыйнае агенцтва Sputnik, Масква, лістапад 2014

Крым, Данбас: Рэакцыя Менску

2014-2018

Беларусь неаднаразова адхіляла ў міжнародных арганізацыях (ААН, Усходняе партнэрства) супольныя рашэньні ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і з асуджэньнем дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Аднак на афіцыйным узроўні заяўлялася, што Беларусь прызнае далучэньне Крыму да РФ дэ-факта, але не дэ-юрэ.

Афіцыйны Менск падтрымлівае шчыльныя сувязі з украінскімі ўладамі, толькі ў 2017 годзе адбыліся тры сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны. Яшчэ ў 2014 годзе Лукашэнка даў публічнае абавязаньне, што зь Беларусі па Ўкраіне ня будзе нанесены ваенны ўдар. У далейшым гэтае абяцаньне было некалькі разоў паўторанае.

Сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, Чарнобыль, 26 красавіка 2017
Сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, Чарнобыль, 26 красавіка 2017

Расейская авіябаза

2013-2015

На працягу некалькіх гадоў Расея вяла перамовы аб разьмяшчэньні ў Беларусі вайсковай авіябазы. Урад Расеі 2 верасьня 2015 году прыняў праект адпаведнай пастановы, прэзыдэнт Пуцін выдаў распараджэньне падпісаць адпаведнае пагадненьне. Аднак Аляксандар Лукашэнка адхіліў прапанову і адмовіўся ад разьмяшчэньня ў Беларусі авіябазы РФ.

Менскі працэс

люты 2015 — 2018

У Менску адбыліся перамовы паміж кіраўнікамі Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіне па ўкраінскім пытаньні. У выніку перамоваў былі выпрацаваныя пагадненьні, у вынікі якіх інтэнсіўнасьць узброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны істотна зьнізілася. У Менску разьмясьцілася інфраструктура далейшых перамоваў паміж Кіевам, Масквой і данбаскімі сэпаратыстамі пры пасярэдніцтве АБСЭ.

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Расеі, Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны, Менск, люты 2015
Сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Расеі, Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны, Менск, люты 2015

Дэвальвацыя

Сьнежань 2014 — студзень 2015 году

Істотная дэвальвацыя расейскага і беларускага рублёў. У якасьці прычынаў дэвальвацыі ў Расеі эканамісты і палітыкі называлі падзеньне цэнаў на нафту і санкцыі заходніх краінаў адносна Расеі.

Дэвальвацыя, Беларусь, сьнежань 2014
Дэвальвацыя, Беларусь, сьнежань 2014

Утварэньне Эўразійскага Саюзу

Студзень 2015 году

Напачатку 2015 году адбылося афіцыйнае ўтварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), які стаў працягам і разьвіцьцём мытнага саюзу, утворанага ў 2009 годзе. У склад ЭАЭС на пачатку 2015 году ўвайшлі Армэнія, Бэлерусь, Казазхстан і Расея. У сярэдзіне таго ж году да саюзу далучыўся Кіргізстан.

Саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу, Астана, травень 2016
Саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу, Астана, травень 2016

Нафтагазавая «вайна»

Студзень 2016-красавік 2017

У пачатку 2016 году Беларусь запатрабавала пераглядзець формулу аплаты за расейскі газ. Расея адмовілася, ў сярэдзіне 2016 году былі значна скарочаныя пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь. Напрыканцы 2016 году Аляксандар Лукашэнка не паехаў на саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу і АДКБ, Беларусь адмовілася падпісаць новую рэдакцыю мытнага кодэксу ЭАЭС.

У красавіку 2017 году канфлікт быў палагоджаны падчас перамоваў Лукашэнкі і Пуціна. Беларусь выплаціла запазычанасьць, цана на газ была зьніжаная з 2018 году, пастаўкі нафты адноўленыя.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Справа Regnum

Сьнежань 2016 - люты 2018

Крымінальны перасьлед беларускіх аўтараў расейскага інфармацыйнага рэсурсу Regnum. Яны былі арыштаваныя ў сьнежні 2016 году і абвінавачаныя ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. У лютым 2018 году яны былі асуджаныя кожны на 5 гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкай прысуду.

Судовы працэс над аўтарамі Regnum, Менск, сьнежань 2017
Судовы працэс над аўтарамі Regnum, Менск, сьнежань 2017

Аднаўленьне памежнага рэжыму

Люты 2017 году

З пачатку 2017 году Расея аднавіла рэжым памежнай зоны на мяжы з Беларусьсю. Падставай для гэтай меры быў названы уведзены ў Беларусі пяцідзённы бязьвізавы рэжым знаходжаньня для замежнікаў з 80 краінаў, якія прыбываюць празь аэрапорт Менск-2.

Рэжым памежнай зоны паміж Беларусьсю і Расеяй стварыў велізарныя перашкоды для транзыту грамадзянаў з трэціх краінаў празь Беларусь у Расею.

Траса М1 перад расейскай мяжой
Траса М1 перад расейскай мяжой

Захад-2017

Верасень 2017

Буйныя вайсковыя вучэньні, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Шмат хто ў краінах NATO і ва Ўкраіне выказваў перасьцярогі, што вучэньні могуць быць выкарыстаныя для анэксіі Беларусі ці нападу на суседнія з Беларусьсю краіны. Паводле зьвестак NATO расейскія войскі, якія прыехалі ў Беларусі на вучэньні, пасьля вучэньняў былі выведзеныя з беларускай тэрыторыі.

Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях "Захад-2017"
Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях "Захад-2017"

Харчовыя «войны»

Расея неаднаразова абмяжоўвала імпарт харчаваньня зь Беларусі. Расейскае агенцтва «Рассельгаснагляд» абвінавачвала беларускіх вытворцаў у нізкай якасьці прадукцыі. Акрамя таго, Расея абвінавачвала Беларусь у рээкспарце ў Беларусь харчовых тавараў з краінаў Эўразьвязу, на якія распаўсюджваюцца расейскія контрсанкцыі. Гэтыя контрасанкцыі былі ўведзеныя ў адказ на санкцыі, якія ўсталявалі ЭЗ і ЗША ў адказ на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.

Апошняя малочная «вайна» пачалася ў лютым 2018 году і ня скончылася да выбараў прэзыдэнта Расеі.

Сяргей Данквэрт, кіраўнік "Рассельгаснагляду"
Сяргей Данквэрт, кіраўнік "Рассельгаснагляду"

Пуцін пра Беларусь і Лукашэнку, 2012-2018

Травень 2012

Гэта мая першая паездка за межы Расеі пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта. Гэта натуральна. Беларусь ня проста наш блізкі, яна асаблівы партнэр

Ліпень 2013

Калі размова ідзе пра Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, то што значыць крыўдзіце? У палітыцы дзейнічаюць іншыя катэгорыі. Катэгорыі інтарэсаў. Павінен сказаць, што мы зь вялікай павагай ставімся да беларускага народу. І ўсё, што робіцца Расеяй для падтрымкі эканомікі і сацыяльнай сфэры Беларусі, робіцца ў інтарэсах беларускага народу. Мы субсыдавалі эканомікі многіх былых рэспублік СССР, у тым ліку і Беларусі, на мільярды даляраў...

Нафтаперапрацоўка Беларусі працуе амаль выключна на экспарт на нашай сыравіне... Я ведаю, як ніхто, як хваравіта ставяцца нашыя вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі тавараў па імпарту, у тым ліку і з Беларусі. 90% мясапрадукцыі, якая вытвараецца ў Беларусі, ідзе на расейскі рынак... І так амаль па ўсіх накірунках, уключаючы і машынабудаўніцтва, там менш, там 40% ідзе на наш рынак.

Таму казаць, што Расея паводзіць сябе некарэктна, ня мае пад сабой ніякіх падставаў. Як бы ў нас ня складваліся стасункі з беларускім кіраўніцтвам, а тым іскрыць час ад часу, я асабіста ніколі не дазваляў сябе ніякіх выпадаў на адрас беларускага кіраўніцтва. Як бы ні іскрыла, беларускае кіраўніцтва ўзяла цьвёрды курс на інтэграцыю ў сфэры эканомікі з Расеяй. І гэты выбар заслугоўвае падтрымкі і павагі.

Верасень 2013, камэнтар наконт калійнай «вайны»

З Лукашэнкам я па гэтым пытаньні не размаўляў. А зацішша зьвязанае з тым, што мы хочам праблему вырашыць, а не заганяць яе ў тупік, што вельмі лёгка зрабіць, пачынаючы шум і гам у гэтым пытаньні.

Кастрычнік 2013, «Коммерсант», РФ

Дыялёг на пачатку саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД у Менску. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў крыкнуў расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, што ў яго не працуе мікрафон.

«У нас усё працуе», — пакрыўджана сказаў Лукашэнка.

Пуцін сказаў, што будзе гаварыць гучней. Тады Назарабаеў зноў крыкнуў, што «не працуе».

Тады Лукашэнка сказаў:

«Працуе ўсё! Тут кіруецца, за сьценкай».

«У засьценках усё кіруецца ў Аляксандра Рыгоравіча», — адрэагаваў Уладзімер Пуцін.

Красавік 2015

Зь Беларусі завозяць вялікую колькасьць сухога малака, і гэта паніжае цэны ў Расеі. Мы павінны будзем разабрацца з партнэрамі і дамовіцца пра адзіны ўзровень субсідаваньня сельскай гаспадаркі.

Сакавік 2017

Адных крэдытаў на Беларусь — звыш 6 мільярдаў даляраў. Рынак наш цалкам адкрыты для беларускіх тавараў. Бязмытныя пастаўкі нафты на беларускія прадпрыемствы, а нафтапрадукты, якія перапрацоўваюцца, Беларусь пастаўляе за мяжу са спагнаньнем мыта з залічэньнем яе ў беларускі бюджэт.

Калі вы паглядзіце дадзеныя МВФ, вы ўбачыце лічбы схаванай падтрымкі Беларусі. Але мы пра гэта не шкадуем, таму што ў доўгатэрміновым пэрыядзе і расейская эканоміка атрымлівае, атрымае ад гэтага выгады, ад сумеснай працы. Гэта ўмацоўвае наш сынэргетычны эфэкт і падвышае нашую агульную канкурэнтаздольнасьць. Гэта для нас не выкінутыя грошы, гэта пралічаныя крокі ў разьліку на будучы вынік. Ну а спрэчкі заўсёды ёсьць, я ўпэўнены, што мы знойдзем выйсьце зь любых, нават вельмі цяжкіх сытуацыяў.

Сьнежань 2017

Ёсьць пытаньне па мытным рэгуляваньні... Мы дамаўляліся, я думаю, мы гэта зробім — электроннае дэкляраваньне тавараў, адсочваньне іх руху... Сумесныя пасты. Некаторыя мае калегі лічаць, што гэта няправільна, але я паспрабую іх пераканаць. Што тут дрэннага, калі на нашай мытні будуць зьяўляцца мытнікі зь Беларусі ці Казахстану і будуць працаваць нейкі час разам з калегамі, а нашыя будуць зьяўляцца на іх мытных пасадах. Гэта не парушае прынцып сувэрэнітэту.

Сьнежань 2017

У нас ВУП вырас на 1,6%, а сукупны ВУП краін ЭАЭС — на 1,8%. У лепшы бок зьмяняецца структура ўзаемнага тавараабароту. У Беларусі адна траціна экспарту на рынкі ЭАЭС — гэта машыны і абсталяваньне. На траціну — сельгаспрадукты. Беларусь атрымала права бязмытна атрымліваць 24 млн тон нафты, экспартаваць яе за мяжу, а атрыманы даход залічаць у свой бюджэт. Гаворка ідзе пра мільярды даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG