Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба Беларусі мяжа з Расеяй: «за» і «супраць»


21 год таму Аляксандар Лукашэнка і Віктар Чарнамырдзін урачыста прыбралі памежны слуп на мяжы Беларусі і Расеі. Але ці магчыма, што ў нашы дні на ўчастку 1560 км памежны кантроль адновіцца? Свабода сабрала «за» і «супраць» узнаўленьня мяжы з Расеяй.

Трэба пачаць з таго, што на адсутнасьці мяжы шмат хто зарабляе. Жыхары памежных з Расеяй рэгіёнаў езьдзяць да суседзяў па паліва і прадукты, шмат хто купляе ў Расеі аўтамабілі, якія там каштуюць таньней, чым у нас. Але ёсьць рэчы, даражэйшыя за эканомію сямейнага бюджэту. Што затрымае мяжа?

1. Непадкантрольны ўвоз наркотыкаў

Больш за ўсё наркотыкаў у Беларусь паступае з Расеі, сказаў 8 красавіка 2016 году Аляксандар Лукашэнка.

«Я ня буду хаваць, больш за ўсё наркотыкаў у Беларусь паступае з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Пры гэтым у разы больш, чым з суседніх дзяржаў».

Па словах прэзыдэнта, улады змаглі «пераламіць сытуацыю на найбольш пагрозьлівых напрамках», але пагроза распаўсюду наркотыкаў усё адно застаецца.

2. Вываз беларускіх дзяцей для прастытуцыі

У Маскве і Санкт-Пецярбургу выяўляюць непаўналетніх зь Беларусі, уцягнутых у жабрацтва на вуліцах, прастытуцыю і парнаграфію, распавёў Свабодзе Андрэй Маханько, старшыня праўленьня міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Паразуменьне». Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў сацыяльным прытулку для дзяцей «Транзыт» (Санкт-Пецярбург).

«Не існуе памежнага кантролю, нам ня трэба станавіцца на ўлік у Расеі, — кажа Маханько. — Гэта сурʼёзная пагроза, зь якой варта лічыцца. Што таньней: пабудаваць мяжу і зьберагчы здароўе нацыі, падрастаючае пакаленьне, ці пакінуць усё як ёсьць і расплачвацца за гэта ў будучыні?»

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

3. Нелегальная міграцыя

Толькі на беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах за 2015 год былі затрыманыя больш за 700 чалавек. Гэта сама менш два нелегалы на дзень.

Арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі часьцей за ўсё выступаюць прадстаўнікі чачэнскай і віетнамскай дыяспараў з Расеі і Эўразьвязу, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

4. Кантрабанда алькаголю

У 2015 годзе абарот кантрафактнай лікёрагарэлачнай прадукцыі з Расеі павялічыўся ў 2,5 раза. Толькі за 8 месяцаў 2015 году было канфіскавана 600 тысяч літраў кантрафактнага алькаголю. Агульны абʼём алькагольнай кантрабанды беларускія адмыслоўцы ацэньваюць у тры мільёны бутэлек на год.

Справа ў тым, што ў Расеі, каб падтрымаць айчыннага вытворцу, цэны на моцныя напоі зьменшылі, а ў Беларусі яны растуць. А таму расейская паліцыя рэгулярна выкрывае ў Бранскай, Смаленскай і Маскоўскай абласьцях нелегальныя заводы, якія спэцыялізуюцца на беларускім алькагольным рынку.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

5. Экспарт экстрэмізму

У 2007 годзе расейскія спэцслужбы заяўлялі пра тэрарыстычную небясьпеку з боку Беларусі. Расейцаў непакоілі «грузінскія тэрарысты», бо Беларусь захавала бязьвізавы рэжым з Грузіяй.

Цяпер жа сытуацыя адваротная. З-за адсутнасьці мяжы ў Беларусь вольна прыяжджаюць «Начныя ваўкі», чый лідэр Аляксандар Залдастанаў заяўляе, што Беларусь — гэта Расея, наведваецца сюды і кіраўнік атраду расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў, які мае «вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю».

* * *

У выпадку агрэсіі памежнікі не ўратуюць

Ня ўсе праблемы, аднак, можа вырашыць вяртаньне памежнага кантролю. Напрыклад, патэнцыйная вайсковая агрэсія павінна стрымлівацца найперш беларускім войскам, а не памежнікамі.

«Хіба памежнікі, узброеныя аўтаматамі, змогуць спыніць танкавыя калёны? — сказаў Свабодзе Андрэй Паротнікаў, вайсковы экспэрт. — За ваенную бясьпеку адказваюць не памежнікі, а якасная праца выведкі і магчымасьці войска парыраваць такую пагрозу. Памежнікі ў дадзеным выпадку — збольшага праваахоўная структура».

А з пункту гледжаньня эканомікі адсутнасьць межаў увогуле ідзе дзяржавам на карысьць. Усе зьдзелкі і экспартна-імпартныя апэрацыі паміж Беларусьсю і Расеяй афіцыйна фіксуюцца, а паездкі на закупы ў суседнія краіны моцна не адбіваюцца на эканоміцы, расказаў Свабодзе Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія». Па яго словах, такі памежны рух адбываецца ва ўсім сьвеце.

«Чым менш межаў, тым выгадней гэта эканамічна, — кажа Заіка. — Тым кошты будуць меншыя. Калі, напрыклад, вытворцы абутку скардзяцца, што ў іх расейскія канкурэнты, хай бы рабілі таньнейшы абутак. І ня будзе ў іх праблемаў».

Свабодны рух тавараў, лічыць эканаміст, працуе толькі на карысьць спажыўца.

Памежны камітэт: у нас кантроль, як на ўнутраных межах Эўразьвязу

На мяжы Беларусі і Расеі сапраўды няма стацыянарных падразьдзяленьняў памежнікаў, мяжу кантралююць «апэратыўнымі спосабамі», паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўным памежным камітэце.

«У нас такі самы кантроль, як на ўнутраных межах Эўразьвязу», — сказаў Аляксандар Цішчанка, прэсавы сакратар ДПК.

Кантролем «празрыстай» беларуска-расейскай мяжы займаюцца асобныя падразьдзяленьні міліцыі. Аднак каналы наркатрафіку маюць транспамежны характар, а таму апэратыўныя мерапрыемствы не канечне павінны прывязвацца да пэўнай мясцовасьці.

«Апэратыўныя мерапрыемствы больш шырокія, чым проста стаяць на мяжы і адлоўліваць курʼераў, — сказаў Цішчанка. — Нашмат важней разбурыць усю арганізацыю, чым затрымаць курʼера».

Тое самае тычыцца і выкрыцьця нелегальных мігрантаў, якіх затрымліваюць і ў памежжы, на лініі мяжы, і ва ўнутраных раёнах.

«Былі такія факты, калі на беларуска-расейскай мяжы выяўлялі і наркатрафік, і незаконную міграцыю, і кантрабанду».

Толькі на дэмаркацыю мяжы трэба 20 мільёнаў даляраў

У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 433. Гэты дакумэнт вызначыў «памежную тэрыторыю ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія прымыкаюць да дзяржаўнай мяжы Беларусі з Расеяй».

Па словах Аляксандра Цішчанкі, гэты ўказ пашырыў кампэтэнцыі памежнікаў падчас апэратыўных мерапрыемстваў.

«Нам дазваляецца прыпыняць і затрымліваць [парушальнікаў мяжы], выконваць усе памежныя апэратыўныя задачы, у тым ліку па незаконнай кантрабандзе і міграцыі».

Аднаўляць жа памежны кантроль цалкам пакуль ніхто не зьбіраецца. Леанід Спаткай, экспэрт у галіне нацыянальнай бясьпекі, лічыць: тут важнае і грашовае пытаньне. Толькі дэмаркацыю беларуска-расейскай мяжы ён ацэньвае ў 20 мільёнаў даляраў. І гэта без уліку выдаткаў на новую памежную інфаструктуру: ня менш як два памежныя атрады, ня менш як 50 застаў або памежных пастоў, 10–15 аўтамабільных і чыгуначных пунктаў пропуску. Для гэтага неабходна павялічыць штатную колькасьць памежнай службы Беларусі сама менш у паўтара раза.

«Такім чынам, у цяперашні час усталяваньне дзяржаўнай мяжы Беларусі з Расеяй, нават у сувязі з абвастрэньнем іх адносінаў, для Беларусі вельмі складаная і затратная задача», — лічыць Спаткай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG