Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унёсак Расеі ў нелегальнае спойваньне беларусаў павялічыўся амаль у 2,5 раза


Архіўнае фота
Архіўнае фота

У 2015 годзе амаль у 2,5 раза павялічыўся абарот кантрафактнай лікёрагарэлачнай прадукцыі, якую праз празрыстую мяжу прывозяць з Расеі ў Беларусь і прадаюць спажыўцам дробнымі партыямі з рук.

Пра гэта паведаміў кіраўнік галоўнай управы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Эдуард Нікіцін. Паводле палкоўніка Нікіціна, сёлета ўжо канфіскавана 600 тысяч літраў кантрафактнага алькаголю, а правапарушэньняў у сувязі зь яго кантрабандай зафіксавана за 8 месяцаў столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год.

Чаму расьце доля кантрафактнага алькаголю?

Паводле Эдуарда Нікіціна, асноўная прычына ў тым, што ў Расеі, каб падтрымаць айчыннага вытворцу, кошты на гарэлку ды іншыя моцныя напоі зьменшылі, а ў Беларусі кошты растуць. У выніку цяпер у Смаленску сабекошт бутэлькі гарэлкі — 12 тысяч беларускіх рублёў, а калі рабіць гарэлку на нелегальным заводзе, дык прыбытак выходзіць у сотні працэнтаў. Расейская паліцыя нядаўна выкрыла некалькі такіх нелегальных заводаў пад Масквой у Мыцішчах і ў Бранскім ды Смаленскім раёнах — усе яны спэцыялізаваліся на беларускім алькагольным рынку, ценевы памер якога беларускія адмыслоўцы ацэньваюць у 700 тысяч дэкалітраў у квартал — то бок амаль 3 мільёны бутэлек у год.

Эдуард Нікіцін
Эдуард Нікіцін

У Беларусі на ўліку стаяць 170 тысяч чалавек, залежных ад алькаголю. Гэтую лічбу агучыў Эдуард Нікіцін, назваўшы яе «сур’ёзнай». Паводле незалежных крыніц, гэта ўдвая больш, чым было алькаголікаў яшчэ 10 гадоў таму. Як міліцыя зьбіраецца змагацца са зьявай, якую адмыслоўцы называюць «спойваньнем насельніцтва»?

Эдуард Нікіцін прызнаў, што забарона продажу алькаголю і піва пасьля 10 гадзіны вечара, якая дзейнічала ў Менску больш за год, паспрыяла паляпшэньню крымінагеннай абстаноўкі ў сталіцы. Аднак улетку абмежаваньне адмянілі, і да канца году ўвядзеньня новага абмежаваньня на продаж алькаголю палкоўнік Нікіцін не прадбачыць.

«Рашэньне адмяніць не было рашэньнем міліцыі. Гэтак вырашыў гарвыканкам. Збольшага гэта быў экспэрымэнт. Вырашылі гэтак — значыць, вырашылі. Паглядзім, як гэта паўплывае на абстаноўку. З таго, што за тыдзень на адно злачынства стала болей ці меней, нельга рабіць нейкія высновы. Да канца году мы прааналізуем і тады зробім захады ў адпаведнасьці з абстаноўкай», — сказаў Эдуард Нікіцін.

Кантрафактны алькаголь вязуць у Беларусь з Расеі ў асноўным невялікімі грузавымі аўтамабілямі. Міліцыя прапанавала канфіскоўваць транспартныя сродкі ў тых, хто займаецца гэтым нелегальным бізнэсам. А на якой заканадаўчай базе гэта рабіць? У выніку на прапанову Міністэрства падаткаў і збораў ва ўрадзе распрацавалі праект дэкрэту пад назвай «Аб перамяшчэньні, захаваньні і продажы фізычнымі асобамі алькагольных напояў». Гэтым праектам у перавозчыка кантрафакту транспартны сродак паводле рашэньня суду можа быць канфіскаваны. Але ці ня выйдзе так, што ў турыста за 10 бутэлек замежнага алькаголю, перавезенага празь мяжу, канфіскуюць аўтамабіль?

Эдуард Нікіцін паведаміў, што паводле праекту прапануецца дазволіць правозіць з Расеі да 50 літраў алькагольных напояў, калі толькі для ўласнага спажываньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG