Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нэанацысцкі баявік Мільчакоў: у «Русіча» вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю


Аляксей Мільчакоў

Аляксей Мільчакоў

Кіраўнік атраду расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў пацьвердзіў Свабодзе, што ён і ягоныя паплечнікі займаюцца ваеннай падрыхтоўкай беларускіх дзяцей і што ўлады Беларусі гэтаму не перашкаджаюць.

Пра тое, што беларускіх дзяцей зь Віцебска, Друцка і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, якія праводзілі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў, першай паведаміла газэта «Наша Ніва».

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», беларускіх школьнікаў накіроўвалі на зборы праз Талачынскае «Праваслаўнае ваенна-патрыятычнае братэрства імя сьвятых праведных князёў Барыса і Глеба прыхода храма Ўвядзеньня ў храм Прасьвятой багародзіцы», «Казацкі» клюб «Вароты Паазер’я», Друцкі «Праваслаўны ваенна-патрыятычны клюб імя Архангела Міхаіла», а таксама ваенна-патрыятычны клюб «Школа выжываньня» пры віцебскай арганізацыі аўганцаў «Братэрства».

Свабода зьвярнулася з просьбай пракамэнтаваць публікацыю «Нашай Нівы» кіраўніка «Русіча» Аляксея Мільчакова.

«З боку беларускіх уладаў дрэннай рэакцыі не назіралася»

Аляксей Мільчакоў не аспрэчваў факты, агучаныя ў расьсьледаваньні «Нашай Нівы» і пацьвердзіў, што «Русіч» займаецца вайсковай падрыхтоўкай дзяцей. Мільчакоў толькі зьвярнуў увагу на тое, што ня лічыць сябе тэрарыстам, а «Русіч» — тэрарыстычнай арганізацыяй.

Мільчакоў зазначыў, што ўлады Беларусі ніяк не перашкаджалі ні адпраўцы беларускіх школьнікаў на трэніровачныя зборы, ні ў прынцыпе супрацоўніцтву «Русіча» зь беларускімі клюбамі і арганізацыямі.

«Мерапрыемствы агульныя і без палітычнага адценьня, і з боку ўладаў дрэннай рэакцыі не назіралася», — сказаў Мільчакоў.

На просьбу Свабоды больш падрабязна распавесьці пра сваё супрацоўніцтва зь беларускімі арганізацыямі і пра сваю працу на беларускім напрамку Мільчакоў адказаў адмовай, але адзначыў:

«У „Русіча“ вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю, і каб не было скандалаў (хаця іх і ўздымае, як я зразумеў, „майданутая вышывата“, якой меншасьць) і ў людзей не ўзьнікала нязручнасьцяў, я лепш пакіну гэта без адказу».

Мільчакоў паведаміў, што асабіста прыяжджаў у Беларусь, хаця ваенна-патрыятычныя зборы тут не праводзіў.

Ён дадаў, што «Русіч» не зьяўляецца арганізатарам трэніровачных лягераў — яны толькі працуюць там інструктарамі. Усімі арганізацыйнымі пытаньнямі займаецца так званая карпарацыя E.N.O.T.

«Русіч» і «E.N.O.T. Corp»: хто гэта?

І «Русіч», і «E.N.O.T. Corp» маюць рэпутацыю фашысцкіх і нэанацысцкіх арганізацыяў.

Дывэрсійна-штурмавая выведвальная група «Русіч» — баявы атрад расейскіх нацыяналістаў, які прымаў удзел у вайне на Данбасе.

«Русіч» спачатку ўваходзіў у групу хуткага рэагаваньня «Бэтмэн» (падразьдзяленьне, сумна вядомае выкраданьнямі, катаваньнямі і рабункамі мірных жыхароў), а потым у брыгаду «Вікінг». У чэрвені 2015 году кіраўніцтва «Русіча» прыняло рашэньне вывесьці атрад з Данбасу. У заяве, прысьвечанай гэтай падзеі, адзначалася, што байцоў «Русіча» чакае новая вайна: «У будучай вайне, якая бліжэй з кожным днём, здаровыя патрыятычныя сілы будуць як нельга дарэчы».

За камандзірам «Русіча» 25-гадовым ураджэнцам Пецярбурга Аляксеем Мільчаковым (пазыўны «Сэрб», мянушка «Фрыц») цьвёрда замацавалася рэпутацыя нэанацыста і садыста. Яшчэ ў 2012 годзе ён стаў вядомы на ўсю Расею пасьля таго, як выклаў у інтэрнэт фота, дзе адразае галаву шчанюку і робіць зь яго шашлык, а таксама пазіруе са сьцягам нацысцкай Нямеччыны.

Аляксей Мільчакоў

Аляксей Мільчакоў

Падчас вайны на Данбасе ягоная рэпутацыя стала яшчэ больш злавеснай. У забітых украінскіх салдат ён адразаў вушы, выразаў на іх тварах знак «калаўрат» (8-прамянёвая свастыка — эмблема «Русіча»), а таксама рабіў сэлфі на фоне згарэлых трупаў украінцаў. Фота сваіх «подзьвігаў» Мільчакоў выкладваў у сацыяльныя сеткі.

Намесьнік Мільчакова ў «Русічы» Ян Пятроўскі таксама любіць фатаграфавацца з трупамі ўкраінскіх байцоў, з нацысцкім прывітаньнем, а акрамя таго мае татуіроўкі з эмблемамі дывізій СС. Ён, як і Мільчакоў, асабіста ўдзельнічае ў падрыхтоўцы на ваенных зборах дзяцей — у тым ліку, дзяцей зь Беларусі.

Арганізатары трэніровачных збораў — «E.N.O.T. Corp» — гэта ваенізаваная нацыяналістычная арганізацыя, аснову якой склалі дзьве расейскія нацыянальна-патрыятычныя структуры: асацыяцыя «Рэзэрв» і грамадзкая арганізацыя «Сьветлая Русь». Да вайны на Данбасе байцы «E.N.O.T. Corp» у асноўным займаліся барацьбой зь нелегальнай міграцыяй у Расеі (як кажуць пра сябе самі Яноты, «арганізоўвалі нашу моладзь на чыстку вуліц ад усякай брыдоты»). «E.N.O.T. Corp» ня толькі рэгулярна праводзіць ваенныя зборы для дзяцей і моладзі, але яшчэ і мае сваё стала дзейнае ваенізаванае моладзевае падразьдзяленьне.

З пачаткам вайны на Данбасе баевікі «E.N.O.T. Corp» актыўна прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на фронце, а таксама выконвалі контарвыведніцкія функцыі ў тыле сэпаратыстаў і выведвальныя ва ўкраінскім тыле (гэта інфармацыя зьмяшчаецца ў роліку Янотаў на іх афіцыйным канале ў Ютубе).

Ёсьць сьведчаньні таго, што на базе гэтай нацыяналістычнай структуры дзейнічае паўнавартасная прыватная ваенная кампанія — паўлегальнае ваеннае падразьдзяленьне, якое курыруе ФСБ. Прычым байцы «E.N.O.T. Corp» ваююць ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Сырыі. Пра гэта ў прыватнасьці паведамляюць экспэрты ўкраінскай групы «Інфармацыйны супраціў». Гэта пацьвярджае і інфаграфіка, разьмешчаная ў суполцы моладзевага падразьдзяленьня «E.N.O.T. Corp».

Свабода працягне тэму дзейнасьці расейскіх нацысцкіх арганізацый на беларускім напрамку ў бліжэйшыя дні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG