Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскія трывогі Лукашэнкі


Новы выбух грамадзкіх пратэстаў у Армэніі выклікае ўсё больш непрыхаваную трывогу ў Аляксандра Лукашэнкі.

Многія чакалі, што з выкананьнем галоўнага патрабаваньня пратэстоўцаў — адстаўкі прэм’ер-міністра Армэніі Сэржа Саргсьяна — пратэсты пойдуць на спад. Тым больш што адразу ж пасьля гэтага лідэр апазыцыі Нікол Пашыньян абвясьціў: «Адбылася зьмена ўлады, улада перайшла да народу». Калі так, то, здавалася б, можна разыходзіцца. Але далейшая хада падзей пацьвердзіла вядомую ісьціну, што апэтыт прыходзіць падчас яды. Сытуацыя разгортваецца так, што лідэр пратэстаў Нікол Пашыньян цяпер за крок ад пасады прэм’ер-міністра. Можна толькі ўявіць, зь якой нарастаючай трывогай назіраюць за ўсім гэтым лідэры постсавецкіх дзяржаў.

Нікол Пашыньян
Нікол Пашыньян

Аляксандар Лукашэнка трывожыцца больш за іншых. Звычайна ён у такіх сытуацыях паўтарае, нібы заклінаньне, што рэвалюцыі ў Беларусі ня будзе, альбо прапаноўвае прытулак зрынутым дыктатарам.

Падчас выступу ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем Лукашэнка некалькі разоў зьвяртаўся да армянскіх падзеяў, чамусьці ўвязаў у адзін пакет адмаўленьне плянаў правесьці рэфэрэндум з пратэстамі ў Ерэване. Потым правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Армэніі Армэнам Саргсьянам, пасьля чаго туды тэрмінова паляцелі два журналісты БТ, каб на ўласныя вочы ўбачыць, што ж там адбываецца. Таксама была тэлефонная размова прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова і выканаўцы абавязкаў кіраўніка ўраду Армэніі Карэна Карапэт’яна. Затым Лукашэнка зноў апэляваў да армянскіх падзеяў падчас выступу ў Жыткавічах. Усё гэта сьведчыць пра тое, што беларускае кіраўніцтва вельмі ўзбуджанае.

Цікава заўважыць, што гэтым разам стаўленьне кіраўніка Беларусі да народнага пратэсту ў Армэніі аказалася даволі супярэчлівым. З аднаго боку, ён усклаў віну за тое, што там адбываецца, на самога Сэржа Саргсьяна. Маўляў, ня трэба хітраваць з народам. Бо армянскі лідэр пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта перарабіў Канстытуцыю, ператварыў Армэнію ў парлямэнцкую рэспубліку і стаў прэм’ерам, усё роўна захаваўшы ўладу. Калісьці Лукашэнка асьцярожна папракаў Пуціна, калі той перадаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Мядзьведзеву, стаў кіраўніком расейскага ўраду. І прыводзіць у якасьці станоўчага прыкладу самога сябе. Вось я, маўляў, не хітраваў, шчыра зьвярнуўся да народу, прапанаваў на рэфэрэндуме зьняць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Кіраўнік Беларусі зрабіў выснову, што прапусьцілі момант і своечасова не задушылі сілай

Але вось у ягоным выступе ў Жыткавічах прагучаў іншы матыў. Маўляў, прэзыдэнт Армэніі ў размове са мною паскардзіўся: празявалі, пакуль гэтых праплачаных было 50 ці 500 чалавек, а потым пайшла хваля па ўсёй краіне. То бок кіраўнік Беларусі зрабіў выснову, што прапусьцілі момант і своечасова не задушылі сілай.

Падаецца, неяк прайшоў незаўважаным у незалежных мэдыях сюжэт з пасланьня Лукашэнкі, які наўпрост тычыцца падзей у Армэніі. А там кіраўнік Беларусі заклікаў постсавецкіх лідэраў рабіць прэвэнтыўныя захады дзеля нэўтралізацыі народнага пратэсту. Паслухайце ягоны крык душы:

«Вы што, хочаце сказаць, што мы не вінаватыя ў тым, што адбылося ў Армэніі? Вы памятаеце, год таму, ці колькі, зь якой прычыны ўспыхнула там паўстаньне? Калі ўрад Армэніі павысіў цэны на прыродны газ, энэргарэсурсы, нібыта не было выйсьця. А потым вымушаныя былі адступіць. А што, гэта не ад нас залежала, не ад Расеі гэта залежала? І вось так вось нас па адным проста пераб’юць, у лепшым выпадку проста павыдзіраюць з гэтага саюзу. Замест таго каб узяцца за галаву і разам вырашаць гэтыя пытаньні, мы пачынаем хапаць адзін аднаго загрудкі і біць адзін аднаму морды».

Перакладаю гэтую мудрагелістую тыраду на зразумелую мову. У рамках СНД трэба стварыць сыстэму калектыўнай абароны аўтарытарных рэжымаў ад народных рэвалюцый, антырэвалюцыйны саюз. Каб па адным не павыдзіралі.

Ідэя ня новая. Яшчэ ў 2010 годзе, пасьля зьвяржэньня ў Кіргізстане прэзыдэнта Курманбека Бакіева, Лукашэнка апэляваў да інтэграцыйных аб’яднаньняў СНД — маўляў, чаму яны не рэагуюць на незаконную зьмену ўлады, чаму маўчыць АДКБ, не абараняе кіроўны рэжым? Найперш, зразумела, гэта папрок Расеі, якая не ратуе аўтарытарных лідэраў у СНД.

Няўжо Лукашэнку нічому не навучыў досьвед Украіны? Там Расея паспрабавала ўратаваць лідэра, які збанкрутаваў. Той цяпер сядзіць пад хатнім арыштам у Растове, Украіна страціла ладную частку тэрыторыі, а сьвет апынуўся на мяжы вайны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пратэсты апазыцыі ў Ерэване. Дзень 20-ы. УЖЫВУЮ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG