Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імітацыя дэмакратыі: навошта гэта патрэбна беларускай уладзе


Шмат якія палітычныя інстытуты ў Беларусі даўно ператварыліся ў суцэльную імітацыю. Тым ня менш яны працягваюць існаваць. Навошта гэта патрэбна ўладзе?

Сымуляцыя справаздачы перад народам

Адзін з такіх устойлівых імітацыйных рытуалаў — выступ прэзыдэнта ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем. Гэткая працэдура існуе ў большасьці краін. Ва ўмовах дэмакратыі выступ кіраўніка дзяржавы з пасланьнем азначае яго справаздачу, калі шырэй, то справаздачу ўлады перад грамадзтвам. Невыпадкова яно называецца «пасланьнем парлямэнту і народу».

А якая справаздача можа быць ва ўмовах Беларусі? Існы рэжым даўно не выбіраецца, не кантралюецца народам і не падсправаздачны яму. Тым ня менш рытуал захоўваецца.

Амаль усе незалежныя аглядальнікі адзначылі, што сёлетні выступ Лукашэнкі з пасланьнем быў сумны, нудны, маркотны. Было бачна, што самому выступоўцу выкананьне гэтага рытуалу надакучыла. Ён нават дазволіў сабе спазьніцца на 10 хвілін на мерапрыемства, у якім удзельнічае ўся кіроўная эліта, дыпляматы, адбываецца трансьляцыя на ўсю краіну. Вельмі выразны паказьнік ягонага стаўленьня да гэтага шоў.

Мы ўбачылі стомленага за 24 гады ўлады чалавека, які марыць пра тое, каб уся гэтая нудота хутчэй скончылася і можна было б пайсьці гуляць у хакей

Пасланьне было рэкордна кароткае. Лукашэнка гаварыў без натхненьня, абыякава. Нават некалькі разоў зьбіваўся. Гэта можа сьведчыць пра тое, што ён напярэдадні не трэніраваўся, не прачытаў уважліва тэкст, а на трыбуне рабіў тое зь ліста. Мы ўбачылі стомленага за 24 гады ўлады чалавека, які марыць пра тое, каб уся гэтая нудота хутчэй скончылася і можна было б пайсьці гуляць у хакей.

І сумаваў ня толькі сам Лукашэнка, але і ўся аўдыторыя. Дэпутаты і чыноўнікі з усіх сілаў імкнуліся паказаць сваю зацікаўленасьць, але нельга было схаваць, як усе стаміліся за шмат гадоў слухаць адно і тое ж. Пра насельніцтва і казаць няма чаго. Але ўсе кожны год выконваюць рытуал.

Дзяржаўныя інстытуты як дэкарацыі

Увогуле, можна сказаць, што амаль усё палітычнае жыцьцё Беларусі складаецца з падобных сымуляцый. Шмат якія дзяржаўныя інстытуты — дэкарацыі, муляжы, іх вонкавая форма зусім не адпавядае зьместу. Прыкладаў вельмі шмат.

Фармальна ў Беларусі нібыта адбываюцца выбары, а насамрэч іх няма. Нібыта існуе парлямэнт — двухпалатны Нацыянальны сход. Насамрэч яго праца — гэта суцэльная прафанацыя. Такі ж сурагат — мясцовыя саветы.

Калі гэтыя інстытуты скасаваць, то нічога ў краіне не памяняецца. Большасьць насельніцтва гэтага нават не заўважыць. (Хіба што пакінуць прэзыдэнцкія выбары, бо трэба ж захоўваць вобраз «народнага прэзыдэнта»). Зноў жа эканомія грошай.

Ідзем далей. Вось навошта, скажыце, у Беларусі патрэбен Канстытуцыйны суд? Калі дэпутаты Нацыянальнага сходу хоць неяк імітуюць дзейнасьць, зьбіраюцца на сэсіі, прымаюць нейкія законы, то чым займаецца Канстытуцыйны суд — увогуле мала каму зразумела.

Па вялікім рахунку, ёсьць сур’ёзныя сумненьні, ці патрэбныя тут увогуле суды. Бо, як вядома, суды ў Беларусі амаль не выносяць апраўдальных прысудаў, яны проста штампуюць прапановы сьледчых органаў. Тады навошта яны? Можна перадаць іх функцыі Сьледчаму камітэту, няхай ён і выносіць вырак. А суды ліквідаваць, разам з адвакатурай. Бо адвакаты патрэбныя, калі існуе сыстэма правасудзьдзя. Хіба што пакінуць суды па грамадзянскіх справах, дзе адбываюцца спрэчкі па падзелу маёмасьці паміж фізычнымі асобамі і інш.

Уласна кажучы, незразумела, навошта патрэбная і пракуратура. Бо гэта інстытут прававой дзяржавы. А як пракуратура сочыць за выкананьнем законаў у Беларусі, добра вядома.

Ці вось існуе ў краіне цэлая сыстэма нібыта грамадзкіх, а насамрэч дзяржаўных арганізацый: Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ, «Белая Русь», саюз жанчын, саюз вэтэранаў, саюз афіцэраў, саюз журналістаў і інш. Лукашэнка называе іх структурамі грамадзянскай супольнасьці, што зноў жа пародыя. На іх падтрымку таксама ідуць бюджэтныя грошы. А ФПБ — увогуле багатая арганізацыя, бо ўсе працоўныя дзяржсэктару вымушаны плаціць прафсаюзныя складкі.

Дык вось, калі ўсе гэтыя імітацыйныя інстытуты ліквідаваць, то палітычная сыстэма стане больш рацыянальнай, натуральнай, простай, пазбавіцца ад фэйкаў, будзе нават больш шчырай, ніхто нікога ня будзе ашукваць. Затое якая эканомія грошай атрымалася б у выніку!

Як забясьпечваецца легітымнасьць

Але не. Усе гэтыя фіктыўныя інстытуты існуюць. Чаму? Калі зоркі запальваюць, значыць, гэта камусьці патрэбна. Існаваньне любой дзяржавы абапіраецца на два чыньнікі: сілу і прызнаньне насельніцтвам права дзяржавы на кіраваньне. Апошняе называецца такім абстрактным тэрмінам, як легітымнасьць. А значыць, адной грубай сілы тут недастаткова.

А дзеля такога прызнаньня важна, каб людзі лічылі дзяржаўныя інстытуты патрэбнымі, справядлівымі, такімі, якія адлюстроўваюць волю народу. Нават у самых таталітарных палітычных рэжымах побач з такой установай, як канцэнтрацыйны лягер, заўсёды існуе інстытут камісараў, як у СССР, ці Міністэрства прапаганды, як у фашыстоўскай Нямеччыне. Ідэальны варыянт, калі народ лічыць дзяржаву сваёй. У адваротным выпадку рызыкі для ўлады рэзка павялічваюцца.

Вось дзеля стварэньня ілюзіі справядлівага і дэмакратычнага дзяржаўнага ладу і патрэбныя гэтыя імітацыі. Таму існы палітычны рэжым і прадукуе такія ідэалягічныя канцэпты, як «народны прэзыдэнт», «дзяржава для народу» і інш. Дзеля наданьня выгляду дэмакратычнасьці, стварэньня ілюзіі народнага прадстаўніцтва і існуюць выбары, парлямэнт, мясцовыя саветы. Дзеля інсцэніроўкі аб’ектыўнасьці, справядлівасьці дзяржаўныя органы павінны дзейнічаць паводле нейкіх законаў, правілаў і рытуалаў (суды, пракуратура, адвакатура). Дарэчы, зьвярніце ўвагу, што ўва ўсіх рэлігіях вялізарную ролю адыгрываюць рытуалы.

Зь іншага боку, калі сам рэжым ня будзе ствараць згаданыя інстытуты, то гэтую нішу, пустату запоўняць палітычныя апанэнты. Памятаеце, як некалькі гадоў пасьля рэфэрэндуму 1996 году ў падпольлі існавалі рэшткі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, які апазыцыя лічыла законным органам улады. А калі ня будзе абдзяржаўленых прафсаюзаў, то на іх месцы раптам могуць узьнікнуць прафсаюзы незалежныя.

Акрамя таго, існаму рэжыму патрэбна і вонкавая, замежнапалітычная легітымнасьць. Каб суседзі прызнавалі, не цураліся мець справу з кіраўніцтвам краіны. Таму і павінна тут быць усё як у людзей: выбары, парлямэнт, Канстытуцыйны суд і інш.

Можна нават сказаць, што ў беларускіх умовах імітацыя — гэта маці легітымнасьці.

І апошняе. Ва ўмовах распаду аўтарытарнага рэжыму, пераходу да рэальнай дэмакратыі гэтыя імітацыйныя інстытуты могуць напоўніцца сапраўдным зьместам. Як гэта адбылося падчас гарбачоўскай перабудовы, калі аморфныя, безаблічныя, безуладныя саветы раптам сталі рэальнымі органамі ўлады.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Урок Армэніі: Народ мае значэньне

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG