Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урок Армэніі: Народ мае значэньне


Людзі ў Ерэване сьвяткуюць адстаўку Сэржа Саргсяна, 23 красавіка 2018
Людзі ў Ерэване сьвяткуюць адстаўку Сэржа Саргсяна, 23 красавіка 2018

11-дзённая рэвалюцыя перамагла. Сэрж Саргсьян, абраны на мінулым тыдні прэмʼер-міністрам, падаў у адстаўку. Што азначае гэты досьвед? Гэта падзеньне дыктатуры?

Мне ўяўляецца, што не. Саргсьян меў права балятавацца на пасаду кіраўніка ўраду, ён парушыў сваё абяцаньне гэтага не рабіць, але ён не парушыў ніякіх законаў, ён не ўзурпаваў уладу.

За ўсе дні шматтысячных пратэстаў у Армэніі ня быў забіты ніводны чалавек. Дэманстрантаў затрымлівалі, але хутка вызвалялі, літаральна сёньня быў вызвалены лідэр пратэстаў Нікол Пашыньян.

Напрыканцы мінулага тыдня Саргсьян правёў асабістыя перамовы з Пашыньянам. Гаварылі яны нядоўга, Саргсьян бразнуў дзьвярыма, але сам факт паказальны.

Сапраўдныя дыктатуры так сябе не паводзяць.

Тут таксама варта ўлічыць, што Саргсьян — зусім не «батанік» па сваёй біяграфіі, у 1989 — 1993 гадах ён быў кіраўніком сілаў самаабароны Нагорна-Карабаскай рэспублікі, потым двойчы быў міністрам абароны і раз — міністрам унутраных справаў і нацыянальнай бясьпекі.

Так што як аддаваць загады страляць, ён ведае не па чутках. Гэтым разам не аддаў.

Паглядзеў, дарэчы, рэйтынгі палітычных, грамадзянскіх і эканамічных свабодаў у трох краінах (Свабода друку, Рэпартэры бязь межаў, Свабода ў сьвеце, Freedom House, Індэкс эканамічнай свабоды, Wall Street Journal, Heritage Foundation) — Армэніі, Беларусі і Ўкраіне. Украіне постмайданнай, пострэвалюцыйнай, якая імкнецца ў Эўропу. Па ўсіх паказьніках карціна прыкладна аднолькавая: найлепшае становішча са свабодай — у Армэніі.

Ну дык якая дыктатура?

І што ж адбылося ў Армэніі? Востры грамадзка-палітычны канфлікт, які насамрэч ня быў канфліктам сілаў сьвету і цемры. Ня бачна было пэрспэктываў, вырасла новае пакаленьне. Надакучыў, устыў значнай частцы грамадзтва Сэрж Саргсьян. І можа не тым, што зрабіў, а тым, чаго не зрабіў.

Устыў плюс слабыя палітычныя інстытуты. Прычым як аўтарытарныя іх элэмэнты, гэтак і дэмакратычныя.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама многім у ЗША ўпоперак горла. Але там не зьбіраюцца велізарныя плошчы з патрабаваньнем яго сыходу (а калі зьбіраюцца, то невялікія). А калі б і сабраліся, то наўрад ці прымусілі б Трампа сысьці. А папярэдне — не пасыпалася б сыстэма ўлады. У моцнай дэмакратыі воля народу выказваецца на выбарах, вуліца не замахваецца і ня мае магчымасьцяў зьмяніць гэтую волю.

Паказьнікам блізкасьці канца Саргсьяна стала зьяўленьне на мітынгах пратэсту людзей у вайсковай форме. Праўда, гэта не былі вайсковыя часткі, але гэта былі вайскоўцы. А гэта ўжо канец. Што пры дэмакратыі, што пры дыктатуры.

У лютым 1917 году Расея абрынулася ў рэвалюцыю менавіта тады, калі з пратэстоўцамі пачалі братацца салдаты. Ну і ў Армэніі 23 красавіка сёлета ўдзел вайскоўцаў у маніфэстацыях адбыўся таму, што рэжым найперш абрынуўся ў галовах людзей дзяржапарату, людзей у форме, той жа паліцыі, якой усё менш хацелася махаць дубінкамі за гэтую ўладу.

Тут той выпадак, калі практыка — крытэр ісьціны. Ці можна было сказаць яшчэ пару дзён таму, што Саргсьян сыйдзе? Не. Ну рэвалюцыянэры ў сваёй перамозе былі ўпэўненыя. Але посьпех быў зусім невідавочны.

У маніфэстацыях удзельнічала шмат людзей, але не мільёны. Пратэсты збольшага былі лякалізаваныя ў Ерэване, у сталіцы. Перахопу рэальных мэханізмаў улады, захопу ўладнай інфраструктуры не адбывалася.

Тое, што стрыжань легітымнасьці зламаўся, стала зразумелым толькі post factum. І паўтаруся — менавіта легітымнасьці. Саргсьян, заняўшы пасаду прэмʼера, не парушыў ніякіх законаў. Ён меў на гэта юрыдычнае права. А маральнае права высыпалася, як пясок скрозь пальцы.

Ён не панёс ніякай фізычнай паразы, пратэстоўцы не ўзялі штурмам яго рэзыдэнцыю.

Але рассыпалася, высыпалася. Цікавай асаблівасьцю было тое, што ў аснове пратэсту не было нейкіх звыклых на постсавецкай прасторы ідэяў, падзелаў. Аўтарытарызм супраць дэмакратыі, Захад супраць Расеі — і першага ў армянскіх пратэстах было ня надта каб, а другога і блізка не было. Армянскаму грамадзтву зусім не чужая Эўропа, але Расея — канчаткова гарант бясьпекі. Яе ня тое каб жарсна любяць, ніякі армянін ня скажа — мы тыя ж рускія. Але ўратуе ад паўтарэньня генацыду 1915 году толькі Расея — у гэта верыць пераважная частка грамадзтва.

Цікава, як далей будзе разьвівацца пратэст у Армэніі. Ці будзе дамагацца тамтэйшая Плошча перавыбараў парлямэнту? Бо ўсё ж галоўным патрабаваньнем было тое, каб не было прэмʼера Саргсьяна. Яго цяпер няма. Але па законе кіроўная партыя зараз проста абярэ іншага са сваіх жа шэрагаў. Цалкам магчыма, што Плошча гэтым і задаволіцца. Як сышоў з воч — так і з памяці проч.

Аналёгіі зь Беларусью складана праводзіць, надта розныя краіны. Але летась падчас пратэстаў супраць дэкрэту аб «дармаедах» беларусы былі шмат чым незадаволеныя — шматгадовы крызыс, нізкія заробкі, рост беспрацоўя. Але фокусам пратэстаў стаў дэкрэт. І яго дзеяньне было спыненае. І пасьля пратэсты, якія мелі шмат іншых падставаў, пайшлі на спад.

Народ мае значэньне — вось што паказала армянская аксамітная рэвалюцыя. Што легітымнасьць — яна не ў законах і не ў шыхтах паліцыі. Яна ў галовах і сэрцах — і народу, і людзей у пагонах.

Напэўна, далёка ня ўсе ў Беларусі хацелі б ёй рэвалюцыйнай будучыні. Але калі яна Беларусі ўсё ж наканаваная, то вельмі хацелася б, каб яна адбылася гэтак жа, як сёньняшняя рэвалюцыя ў Армэніі.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG