Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Армэніі атрымалася


Людзі сьвяткуюць адстаўку Сэржа Саргсьяна на вуліцах Ерэвана
Людзі сьвяткуюць адстаўку Сэржа Саргсьяна на вуліцах Ерэвана

Пасьля адстаўкі прэмʼер-міністра Армэніі Сэржа Саргсьяна лідэр пратэстаў Нікол Пашынян заявіў: «Адбылася зьмена ўлады, улада перайшла да народу». А на сваёй старонцы ў Facebook напісаў: «Ты перамог, горды грамадзянін Рэспублікі Армэнія. І гэтую перамогу ў цябе з рук ніхто ня можа адабраць. Віншую, пераможны народ!» Раней, на пачатку пратэстаў, ён жа казаў пра пачатак «аксамітнай рэвалюцыі».

Эмацыйны запал гэтай рыторыкі зразумелы. Але калі глядзець на сытуацыю рацыянальна, то ў поўным сэнсе рэвалюцыяй апошнія падзеі ў Армэніі назваць цяжка. Так, відавочны лідэр Сэрж Саргсьян пайшоў у адстаўку. Але кіроўная партыя — Рэспубліканская партыя Армэніі — засталася пры ўладзе. Пра роспуск парлямэнту (у Армэніі парлямэнцкая рэспубліка), новыя выбары Нацыянальнага сходу, якія могуць прывесьці да зьмены ўлады, пакуль нічога не чуваць.

Калі б у Беларусі здарыліся падобныя падзеі, то адстаўку Аляксандра Лукашэнкі можна было б лічыць рэвалюцыяй, бо гэта, верагодней за ўсё, пацягнула б за сабой зьмену палітычнага рэжыму. У Армэніі аўтарытарызм значна мякчэйшы, таму рэжым больш устойлівы.

Тым ня менш галоўнае патрабаваньне пратэстоўцаў — адстаўка Сэржа Саргсьяна — задаволена. Каб у постсавецкай краіне ўлады выканалі народныя пажаданьні — гэта амаль цуд, фантастыка, вялізная рэдкасьць. Вось у гэтым сэнсе можна казаць пра народную перамогу.

Сэрж Саргсьян, архіўнае фота
Сэрж Саргсьян, архіўнае фота

Армянская сытуацыя ў пэўным сэнсе блізкая да беларускай. Сэрж Саргсьян дзесяць гадоў быў прэзыдэнтам Армэніі. Балятавацца трэці раз на гэтую пасаду яму не дазваляла Канстытуцыя. А аддаваць уладу не хацелася. Таму Сэрж Саргсьян правёў канстытуцыйную рэформу, ператварыўшы краіну ў парлямэнцкую рэспубліку, і стаў прэмʼерам, захаваўшы амаль ранейшыя паўнамоцтвы.

І ў Беларусі, і ў Армэніі адна і тая ж асоба на вяршыні ўлады надакучыла да чорцікаў. Прычым сацыяльна-эканамічная сытуацыя ніяк не паляпшаецца. Відавочны застой. І на гарызонце ніякіх добрых пэрспэктываў. У сьвядомасьці людзей поўная безнадзейнасьць. Народ стаміўся ад стабільнасьці, ад адной фігуры, ад якой больш нічога не чакае, і хоча пераменаў. І як толькі зьявілася інфармацыя, што Саргсьян нікуды не сыходзіць, а трымаецца за ўладу рукамі і нагамі, народ выйшаў на вуліцу.

Пратэстоўцы на плошчы ў Ерэване — відэа з дрона
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:12 0:00

Рэжымы церпяць крах тады, калі ў грамадзтве сьпее сытуацыя маральнага непрыманьня кіроўнай эліты, яе маральная ізаляцыя. На мове паліталёгіі гэта называецца дэсакралізацыяй улады. Харызматычны лідэр Нікол Пашынян адчуў народныя настроі і трапіў у яблычак, у фокус грамадзкіх чаканьняў.

Чаму ж у Армэніі народ перамог, а ў Беларусі падобныя патрабаваньні ўжо амаль 24 гады застаюцца марнымі? Прычын вельмі шмат. Узгадаю толькі тое, што ляжыць на паверхні.

Найперш, у Армэніі даволі мяккі, нават адносна «лібэральны» аўтарытарны рэжым. Там апазыцыя сыстэмная, яна прадстаўленая ў парлямэнце. Лідэр пратэстаў Нікол Пашынян — дэпутат Нацыянальнага сходу. Фактычна толькі на дзявяты дзень пратэстаў, 21 красавіка, паліцыя прымяніла сілу і паспрабавала разагнаць мітынг.

У Беларусі аўтарытарны рэжым вельмі жорсткі. Апазыцыя пазасыстэмная. Любыя пратэсты душацца рашуча, хутка, улада не спыняецца ні перад якімі сродкамі.

Лідэр пратэстаў Нікол Пашынян
Лідэр пратэстаў Нікол Пашынян

На піку пратэсту ў Ерэване на вуліцы выйшла да 160 тысяч чалавек. Такіх масавых пратэстаў у Менску ў часы Лукашэнкі не было.

Варта адзначыць упартасьць, зь якой армяне пратэставалі. 11 дзён запар яны выходзілі на вуліцу. Такое ўявіць у Беларусі даволі цяжка.

Пасьля таго як паліцыя ў Ерэване прымяніла сілу, затрымала каля 300 дэманстрантаў, людзі не спужаліся. Наадварот, назаўтра на вуліцы выйшла яшчэ больш грамадзян. У Беларусі пасьля жорсткага здушэньня пратэсту народ хаваецца ў бульбу.

Нарэшце, вайскоўцы на баку пратэстоўцаў. Магчыма, гэта стала вырашальным чыньнікам перамогі армянскай вуліцы.

Тым ня менш, думаю, падзеі ў Армэніі ўжо зрабілі ўплыў на Беларусь. Мяркую, што калі і былі ў Лукашэнкі пляны абвясьціць рэфэрэндум аб працягненьні прэзыдэнцкага тэрміну да 6–7 гадоў, то армянскія падзеі яго моцна ацьверазілі. Яны нагадалі, што акрамя кішэннага парлямэнту, МУС, КДБ і іншых дзяржаўных інстытутаў існуе яшчэ яго вялікасьць народ. І дражніць яго лішні раз сваім назойлівымі прэтэнзіямі на бясконцае працягненьне ўлады — гэта рызыкоўна. Нават калі маеш справу з талерантнымі беларусамі. Лепш не будзіць ліха.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Урок Армэніі: Народ мае значэньне

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG