Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Армэніі не настолькі заціснутыя гайкі». Беларускія экспэрты камэнтуюць падзеі ў Ерэване


Армяне сьвяткуюць сыход Сэржа Саргсьяна ў адстаўку на вуліцах Ерэвана

Прэмʼер-міністар Арамэніі Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку. Менавіта адстаўка Саргсьяна была галоўным патрабаваньнем пратэстаў, якія працягваюцца ў Армэніі 11-ы дзень. Падзею камэнтуюць беларускія экспэрты.

«Аксамітная рэвалюцыя» ў Армэніі. Як гэта было

Класкоўскі: Беларуская ўлада думае, што схапіла Бога за бараду, але такая самаўпэўненасьць нярэдка падводзіць

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі пра адстаўку армянскага прэмʼера.

«Варта зазначыць, што ў Армэніі хоць і аўтарытарны рэжым, але значна мякчэйшы, чым у Беларусі, там не настолькі заціснутыя гайкі. І таму, як мы бачым, аўтарытарны кіраўнік сышоў пад націскам народных пратэстаў.

Натуральна, што ў пэўнай ступені і нацыянальны тэмпэрамэнт дае сябе знаць. Невыпадкова мы бачылі ўжо некалькі майданаў ва Ўкраіне, гэта наша паўднёвая суседка. Хоць абедзьве краіны і побач, але памяркоўныя беларусы і гарачыя ўкраінцы вельмі адрозьніваюцца.

І яшчэ адзін момант. Прапаганда звычайна цьвердзіць, што ўсе „гэтыя пратэсты інсьпіруюцца праклятым Захадам, імпэрыялістамі, вашынгтонскім абкамам“. Але ж Армэнія — гэта, бадай, ці ня самая прарасейская постсавецкая рэспубліка. Гэта тлумачыцца спэцыфікай іх цяжкай геапалітычнай сытуацыі. Навокал, як яны мяркуюць, ворагі... І пры гэтым такі вось выбух абурэньня.

Гэта значыць, што сапраўды „дасталі“ вось гэтыя аўтарытарныя правіцелі.

Малы, але горды, як кажуць на Каўказе, народ. Трошкі болей такога гонару не пашкодзіла б і беларусам.

Беларуская ўлада ўжо больш за два дзесяцігодзьдзі мэтадычна заціскае ўсе гайкі і думае, што яна такім чынам схапіла Бога за бараду. Але гісторыя паказвае, што такая самаўпэўненасьць нярэдка падводзіць».

Вялічка: Армянскія ўлады сыстэмна ішлі да ракіроўкі, зразумелай на постсавецкай прасторы

Улад Вялічка
Улад Вялічка

Адстаўку Сэржа Саргсьяна пад ціскам вулічных пратэстаў з пасады прэмʼер-міністра для Радыё Свабода пракамэнтаваў генэральны дырэктар Міжнароднага канцсорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка. Ён шчыльна супрацоўнічае з армянскімі калегамі ў рамках ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства», наведваўся ў Ерэван падчас ранейшых палітычных крызісаў.

«Сытуацыя з пратэстамі супраць Сэржа Саргсьяна ў якасьці прэмʼер-міністра стала нечаканасьцю нават для армянскага грамадзтва, — кажа ён. — Калегі, зь якімі мы супрацоўнічаем у межах форуму грамадзянскай супольнасьці, самі кажуць, што ўзровень пратэстаў аказаўся надзвычай высокі. Вядома, гэта пытаньне годнасьці людзей, якія апынуліся ў сытуацыі, калі іх пачуцьцём гонару папросту маніпулююць.

Армянскія ўлады сыстэмна ішлі да ракіроўкі, зразумелай для постсавецкай аўтарытарнай прасторы. Яны пасьлядоўна рэалізоўвалі гэты сцэнар — праз канстытуцыйную рэформу, рэфэрэндум і прызначэньне экс-прэзыдэнта прэмʼерам. Грамадзтва некалькі разоў супраціўлялася такога кшталту крокам, але цяперашні аказаўся найбольшым выклікам для грамадзтва, якое хоча сябе паважаць».

Гэта толькі пачатак сурʼёзнага выкліку, які паўстае перад армянскім грамадзтвам

Улад Вялічка ня думае, што апошнія палітычныя падзеі неадкладна прынясуць станоўчыя зьмены для армянскага грамадзтва. Цяперашняя эўфарыя хутка зьменіцца буднямі, сярод якіх паўстануць усё тыя ж застарэлыя праблемы.

«Мы толькі што даведаліся пра гэтую навіну і, паміж сабой абмяркоўваючы, разумеем, што насамрэч гэта толькі пачатак сурʼёзнага выкліку, які паўстае перад армянскім грамадзтвам, — працягвае суразмоўца. — Вядома, тое, што былы прэзыдэнт ня стане прэмʼер-міністрам, — вялікая перамога грамадзкай думкі.

Але праблемы, якія існуюць у сыстэме дзяржаўнага кіраваньня, у пытаньнях карупцыі, у магчымасьці дыялёгу грамадзтва і дзяржавы, — яны ад гэтага нікуды не падзеліся, усё засталося там жа. І яшчэ вялікае пытаньне, якімі будуць наступныя крокі, якія маглі б скіраваць сытуацыю ў канструктыўны, дэмакратычны бок. Пакуль не відавочна, што гэта здарыцца менавіта праз такога кшталту сцэнар».

Пратэсты ў Армэніі. Дзень 11-ы. УЖЫВУЮ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG